Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі ухваліў працэдуру афармленьня выезду для сталага пражываньня за мяжу


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Савет міністраў Рэспублікі Беларусь распрацаваў парадак афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу на сталае пражываньне. Адпаведная пастанова ад 20 лістапада зьявілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Паўналетні грамадзянін цяпер мусіць падаць адпаведную заяву пра жаданьне выехаць і неабходныя дакумэнты ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Заяву і дакумэнты ад імя непаўналетніх падае законны прадстаўнік.

Чыноўнікі ў 3-дзённы тэрмін пасьля атрыманьня дакумэнтаў адправяць неабходныя запыты наконт магчымых запазычанасьцяў. Сярод іх:

  • аб выкананьні падатковых абавязаньняў;
  • аб спыненьні дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка;
  • аб наяўнасьці згоды вайсковага камісарыяту (у дачыненьні прызыўнікоў і грамадзян ва ўзросьце 18-27 гадоў, якія знаходзяцца ў запасе);
  • аб выкананьні алімэнтных абавязаньняў;
  • аб зьвестках пра кампэнсацыю расходаў, якія дзяржава панесла на ўтрыманьне дзяцей (у дачыненьні да абавязаных асоб).

Акрамя таго, чыноўнікі правераць, ці няма ў заяўніка абмежаваньняў на выезд, ці ёсьць ён у банку правапарушэньняў.

Дзяржаўныя органы будуць мець 20 дзён на выкананьне запытаў.

Рашэньне па заяве аб выезьдзе прымуць не пазьней за 15 дзён з дня атрыманьня інфармацыі аб выніках праверак. У дзень прыняцьця рашэньня яшчэ раз правераць наяўнасьць абмежаваньняў на выезд і прысутнасьць грамадзяніна ў банку гэтых правапарушэньняў.

У выпадку згоды ў пашпарт паставяць адзнаку аб дазволе на афармленьне выезду за мяжу для сталага пражываньня.

Пра рашэньне заяўніку паведамяць на працягу трох дзён пасьля яго прыняцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG