Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Калі і як БНР цэлы месяц вяла вайну супраць Савецкай Расеі


Фотакаляж. Штандар Першай слуцкай брыгады стральцоў БНР, Лукаш Семянюк, камандзір Другога Грозаўскага палку Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры), Сяргей Абламейка, Дзьмітры Гурневіч.
Фотакаляж. Штандар Першай слуцкай брыгады стральцоў БНР, Лукаш Семянюк, камандзір Другога Грозаўскага палку Слуцкай брыгады (стаіць у цэнтры), Сяргей Абламейка, Дзьмітры Гурневіч.

У лістападзе-сьнежні 1920 году беларусы Случчыны са зброяй у руках выступілі супраць бальшавікоў і паспрабавалі адстаяць беларускую дзяржаўнасьць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі. Але ня ўсе сёньня згодныя з назвай гэтай падзеі — Слуцкі збройны чын ці Слуцкае паўстаньне. Да ліку такіх людзей належыць і журналіст і гісторык Сяргей Абламейка.

0:00 — колькі паўстаньняў адбылося ў Беларусі ў 1920 годзе

4:35 — наколькі легітымным быў беларускі зьезд Случчыны, які пачаў сваю працу 14 лістапада 1920 году і абвясьціў Случчыну тэрыторыяй БНР

8:26 — ці былі слуцкія падзеі 1920 году паўстаньнем

12:18 — што дае беларусам перайменаваньне Слуцкага паўстаньня ў беларуска-савецкую вайну 1920 году

14:58 — ці быў у слуцкага фронту БНР шанц перамагчы

19:34 — хто сапраўдныя героі слуцкіх падзеяў 1920 году.

Фрагмэнт размовы вядоўцы Дзьмітрыя Гурневіча зь Сяргеем Абламейкам:

— Што адбывалася ў Беларусі ў 1920 годзе?

— Ёсьць два варыянты адказу на гэтае пытаньне. Кароткі адказ: на тэрыторыі Беларусі ішла польска-савецкая вайна. Так мы ведаем гэта з гісторыі. У ходзе гэтай вайны зь лета 1919 па лета 1920 году Беларусь была акупаваная польскімі войскамі. У ліпені 1920 году бальшавікі прагналі палякаў зь Менску. Але восеньню польскі фронт зноў накаціўся на Беларусь, і зноў палякі захапілі значную тэрыторыю Беларусі.

І вось 12 кастрычніка 1920 году адбылася вельмі значная гістарычная падзея. Падчас мірных перамоваў паміж Польшчай і Савецкай Расеяй у той дзень была заключаная так званая прэлімінарная (гэта значыць папярэдняя) мірная дамова, той самы славуты Рыскі мір. Канчаткова гэтая дамова будзе падпісаная ў сакавіку 1921 году.

Але ўжо паводле прэлімінарнай дамовы Беларусь заставалася толькі ў складзе шасьці паветаў Менскай губэрні. Як пра гэта і пісаў пасьля Янка Купала: «Далі шэсьць паветаў, ну дзякуй за гэта».

І вось у сувязі зь перамовамі ў Рызе ў Беларусі адбываліся ў той год падзеі, пра якія мы яшчэ недастаткова ведаем. Гэта зьвязана і з тым, у якім стане знаходзіцца ў апошнія дзесяцігодзьдзі беларуская гістарычная навука, і як і якая цяпер гісторыя выкладаецца ў школах.

А насамрэч 1920 год — гэта год фантастычных падзеяў. Вось што тут можна сказаць. Беларусы вельмі добра ўспрынялі абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Як аказалася, нацыянальнае самаўсьведамленьне аб тым, што «мы — беларусы», было ўжо вельмі пашыранае. Людзі чакалі сваёй дзяржаўнасьці. І калі ў Рызе адбыўся падзел краіны, то паўстала ня Случчына, паўстала фактычна ўся Беларусь.

Беларускі гісторык Ніна Стужынская напісала кнігу пра тыя падзеі «Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву, 20-я гады ХХ стагодзьдзя». Дык вось, у адказ на Рыскі мір адбыліся ня толькі слуцкія падзеі. Яшчэ была створаная Койданаўская рэспубліка, адбыліся захопы савецкіх установаў у раёне Радашкавічаў, захоп Барысава, паўстаньне на Ігуменшчыне і шмат чаго яшчэ. Так беларусы пратэставалі супраць падзелу іх краіны. І асноўнай рухаючай сілай тых пратэстаў былі сяляне.

А падзеі ў Слуцку сталі кульмінацыяй тых падзеяў і тых пратэстаў.

— Ну дык давайце агучым вашу прапанову. Як вы прапануеце называць Слуцкі збройны чын?

— Некалькі гадоў таму я гутарыў зь Нінай Стужынскай у нашым этэры, і мы якраз абмяркоўвалі гэта. Яна сказала, што па сутнасьці гэта была «ваенная антысавецкая і антыпольская акцыя 1920 году». Таксама яна прапанавала тэрмін «Сялянскі фронт БНР», а я ў адказ — «Слуцкі фронт БНР». Таксама Ніна Стужынская расказала, што некаторыя гісторыкі-тэарэтыкі прыраўноўваюць слуцкія падзеі да так званых мяцежавых войнаў, такіх як чачэнскія войны або вайна на Данбасе. Але на гэтым нашы тэрміналягічныя пошукі тады і спыніліся.

У самой Беларусі традыцыйна, у тым ліку савецкія гісторыкі, называлі гэтую падзею «Слуцкім паўстаньнем». А беларуская эміграцыя заўсёды казала, што гэта быў «Слуцкі збройны чын».

Чаму эміграцыя прыдумала такую назву? Таму што паўстаньнем тыя падзеі называць нельга з чыста фармальнага пункту гледжаньня, бо паўстаньне адбываецца на нейкай тэрыторыі супраць таго, хто тэрыторыю кантралюе. А Случчына тады была ўжо вольная, палякі сышлі, а бальшавікі яшчэ не прыйшлі. Таму і прыдумалі назву «Слуцкі збройны чын».

Зьезд Случчыны легітымна абвяшчае Случчыну тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. І вось мы маем не паўстаньне і ня чын. Але што тады? І вось я тры гады таму напісаў і апублікаваў тэкст, які магу тут працытаваць:

Калі мы прызнаем гістарычны і юрыдычны факт існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі і яе правапераемнасьць ад волевыяўленьня амаль дзьвюх тысяч дэлегатаў Усебеларускага зьезду 1917 году, то ня можам не прызнаць і наступнага ланцуга лягічных развагаў.

Улічваючы:

  • што ў лістападзе 1920 году тэрыторыя Случчыны законным чынам стала тэрыторыяй БНР,
  • што кіраўніцтва БНР прыслала на Случчыну сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў, у тым ліку кіраўніка Беларускай вайсковай камісіі і міністра БНР,
  • што Слуцкая брыгада была рэгулярным вайсковым фармаваньнем БНР з усімі прыкметамі і структурай такога фармаваньня, а менавіта
  • мела свой сьцяг-штандар,
  • кіравалася прафэсійнымі вайскоўцамі,
  • складалася зь Першага Слуцкага і Другога Грозаўскага палкоў,
  • палкі, у сваю чаргу, складаліся з батальёнаў, а тыя з ротаў і г. д.,
  • што брыгада мела сваю стаўку,
  • штаб,
  • выведку,
  • контравыведку,
  • вайсковы суд (трыбунал),
  • гаспадарчую частку,
  • шпіталь,
  • вайсковую школу,
  • што баі працягваліся больш за месяц з захопам населеных пунктаў, іх здачай і наступным адваяваньнем у ходзе контранаступаў, з выведнымі рэйдамі ў тыл праціўніка і г. д.,
  • што працягласьць фронту баявых сутыкненьняў з бальшавікамі складала 45 кілямэтраў,
  • што падчас баявых дзеяньняў праводзіліся вайсковыя парады, за якімі з трыбун назірала камандаваньне і дзяржаўныя дзеячы БНР, —

то ўсе тыя падзеі былі ня чым іншым, як... беларуска-савецкай вайной 1920 году.

Гэтак я і прапаную яе называць.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Беларуска-савецкая вайна 1920 году
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:06 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG