Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль спэцапэрацыя. Навошта Лукашэнку выбары


Аляксандар лукашэнка пасьля галасаваньня ў Менску 9 жніўня 2020
Аляксандар лукашэнка пасьля галасаваньня ў Менску 9 жніўня 2020

Першае пытаньне, якое адразу ўзьнікла ў многіх людзей пасьля афіцыйнага абвяшчэньня Лукашэнкам выбараў: навошта ўвогуле патрэбна гэта кампанія?

Абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.

Сьцісла:

  • Выбары забясьпечваюць легітымнасьць улады.
  • Ідэя выбараў органаў улады трывала замацавана ў гістарычнай памяці беларусаў. Традыцыя сягае ў савецкія часы.
  • Выбары праводзяцца ў абсалютнай большасьці краін сьвету. І калі тут іх адмяніць, то ўзьнікне няёмкая сытуацыя.
  • Пра тое, што думкі аб адмене выбараў прыходзяць у галаву Лукашэнкі, сьведчаць ягоныя разважаньні на нарадзе 30 жніўня 2022 году.
  • Выбарчая кампанія разглядаецца ўладамі як вайсковая апэрацыя.

20 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы аб прызначэньні выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, у Палату прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага 2024 году.

Першае пытаньне, якое адразу ўзьнікла ў многіх людзей пасьля афіцыйнага абвяшчэньня Лукашэнкам выбараў: навошта ўвогуле патрэбна гэта кампанія? Абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя. І раней сапраўдных выбараў у краіне не было. А цяпер, пасьля ўсталяваньня жорсткага рэпрэсіўнага рэжыму, гаварыць пра нейкія выбары тым больш не выпадае. Апазыцыйныя партыі і структуры грамадзянскай супольнасьці цалкам зьліківідаваныя, юрыдычна і палітычна. Тысячы актывістаў альбо сядзяць у турме, альбо вымушаныя былі эміграваць. Таму гэтыя выбары ні на што не ўплываюць. Іх вынікі, сьпісы будучых «дэпутатаў» падрыхтаваныя загадзя. Тады навошта? Каму патрэбен гэты спэктакль?

Пытаньне не такое простае, як здаецца на першы погляд. Справа ў тым, што любое грамадзтва існуе ў пэўным гістарычным, геапалітычным, нарэшце, мэнтальным кантэксьце, ад якога ня могуць адмежавацца нават таталітарныя рэжымы.

Ёсьць такое паняцьце, як «легітымнасьць». Яно мае юрыдычны, паліталягічны, філязофскі аспэкты. Калі казаць зусім проста, то гэта прызнаньне народам права на ўладу над сабой. Большую частку чалавечай гісторыі гэтае права грунтавалася на Божым Провідзе. То бок лічылася, што ўся ўлада ад Бога. Амэрыканская рэвалюцыя ХVIII стагодзьдзя паклала пачатак новаму ўяўленьню пра крыніцу ўлады. У дакумэнтах гэтай рэвалюцыі ўпершыню канстатавана, што ўлада — ад народу. З таго часу ідэя народнага сувэрэнітэту распаўсюдзілася спачатку ў Эўропе, а потым, ужо ў ХХ стагодзьдзі, па ўсім сьвеце. І з гэтым былі вымушаны лічыцца нават самыя жорсткія таталітарныя рэжымы. Выбары былі і ў сталінскім СССР, і Гітлер праводзіў рэфэрэндумы.

Калі вяртацца да Беларусі, то ідэя выбараў органаў улады трывала замацаваная ў гістарычнай памяці народу. Традыцыя сягае ў савецкія часы. Ужо якія там былі выбары, іншая справа. Але яны былі. І гэта засвоілі ўсе пакаленьні, якія цяпер жывуць у Беларусі. І калі іх не праводзіць зусім, то ўзьнікне лягічнае пытаньне: а чаму гэтыя людзі (напрыклад, гэты вусаты лысы дзядзька зь сіпатым голасам) кіруюць намі?

Да таго ж выбары праводзяцца ў абсалютнай большасьці краін сьвету. У інфармацыі аб міжнародных падзеях увесь час гаворыцца пра выбарчыя працэсы. Вось у Польшчы прайшлі выбары, пра якія шмат разважаў сам Лукашэнка, дзяржаўныя мэдыя. Налета выбары пройдуць у ЗША, Расеі (!). І калі тут іх адмяніць, то атрымаецца, мякка кажучы, трохі няёмка.

Тым ня менш пра тое, што думкі аб адмене выбараў прыходзяць у галаву Лукашэнкі, сьведчаць ягоныя разважаньні на нарадзе 30 жніўня 2022 году: «Я ўсё больш прыходжу да таго, ад чаго адышоў у момант прыняцьця Канстытуцыі. Я вывучаў сыстэму партыйнага будаўніцтва і выбарных органаў па ўсім сьвеце. Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе. Выбары прэзыдэнта ў той ці іншай ступені разгойдваюць сытуацыю, і ў шэрагу краін існуе іншая сыстэма. Напрыклад, у Кітаі, дзе кіраўнік краіны выбіраецца на Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў... Сёньня адчуваю, што мы дарма не ішлі ад гэтага жыцьця. Перажылі б гэта. Але мы спакойна б працавалі... Але мы гэта ўжо ўпусьцілі. Гэта не катастрофа. Будзе неабходнасьць — мы да гэтага вернемся».

Сьвет вялікі, і калі доўга шукаць, то можна знайсьці прыклады функцыянаваньня дзяржавы бяз выбараў. Лукашэнка знайшоў: гэта Кітай. Маўляў, там выбараў няма, а краіна квітнее.

Аднак варта зьвярнуць увагу на два моманты. Па-першае, у Кітаі няма традыцыі выбараў органаў улады. Па-другое (і гэта прынцыпова важна), кіроўная бюракратыя ў форме Кампартыі забясьпечыла сабе легітымнасьць іншым спосабам. Мадэрнізацыйны скачок на працягу апошніх 30 гадоў радыкальна падвысіў узровень жыцьця кітайцаў цягам аднаго пакаленьня. Сацыяльна-эканамічны вынік кітайскіх рэформаў адчулі ўсе грамадзяне краіны. То бок, той факт, што краіна квітнее, гэта не другасны, а першасны чыньнік. І гэты мадэрнізацыйны эфэкт дазволіў пераадолець траўму 1989 году, калі на плошчы Цяньанмэнь улады задушылі танкамі студэнцкі пратэст.

Нічога падобнага ў Беларусі няма. Фактычна з 2010 году краіна жыве ў стане эканамічнай рэцэсіі. Такога чыньніка, як мадэрнізацыйны рывок, які б легітымізаваў існы рыжым, тут не відаць нават на даляглядзе. Усё наадварот: заходнія санкцыі, эміграцыя самай дынамічнай і творчай часткі працоўных рэсурсаў асуджаюць краіну на эканамічны застой.

Таму выбары давядзецца праводзіць. Але ў трохі іншым фармаце, чым раней.

Тут цікава зьвярнуць увагу на публічныя выступы старшыні Цэнтравыбаркаму (ЦВК) Ігара Карпенкі. 17 кастрычніка ён правёў сустрэчу з асабовым складам камандаваньня ўнутраных войскаў, падчас якіх заклікаў генэралаў і афіцэраў «ня даць паралізаваць працу выбарчых участкаў» падчас маючых адбыцца выбараў.

2 лістапада старшыня ЦВК Ігар Карпенка падчас сустрэчы з актывам Міністэрства абароны заявіў: «Мы павінны паставіць пэўную заслону і вонкаваму ўмяшаньню, і магчымым спробам дэстабілізацыі працы камісій, участкаў для галасаваньня ў пэрыяд галасаваньня і ўвогуле стварэньня нейкай напружанай абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі».

Можна прыгадаць, што 18 кастрычніка намесьнік міністра МУС і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, выступаючы перад выкліканымі на зборы мужчынамі, заявіў, што ў адзіны дзень галасаваньня ўнутраныя войскі будуць адсочваць «пэўныя рухі ў польскіх і літоўскіх харугвах, у якіх служаць нашыя „беглыя“ і спыняць іх».

Усё гэта вельмі адметна. Выбарчая кампанія разглядаецца ўладамі як вайсковая апэрацыя.

20 лістапада ў эфіры тэлеканала СТБ Ігар Карпенка тлумачыў, чаму сьпісы чальцоў выбарчых камісій друкавацца ня будуць. Яны фактычна засакрэчаныя, бо, аказваецца, з досьведу папярэдніх выбараў вынікае, што «гэтыя сьпісы становяцца раптам аб’ектам вывучэньня, што тут граху таіць, розных спэцыяльных службаў, у тым ліку суседніх недружалюбных дзяржаў».

Гэта працяг канцэпту выбараў як вайны, вайсковай апэрацыі. Замежныя спэцслужбы, якія вывучаюць склад выбарчых камісій, — гэта ж элемэнт вонкавай агрэсіі з дапамогай выбараў.

Але высьвятляецца, што сакрэтнасьць сьпісаў выбарчых камісій абумоўлена і ўнутранымі чыньнікамі. Карпенка прызнае, што ў ходзе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў «атрымалі булінг, ганеньні гэтых людзей». Калі 80% насельніцтва, як даводзіла ЦВК, прагаласавалі за Лукашэнку, то хто ж арганізаваў гэты «булінг», «ганеньні»? Невялікая меншасьць цкавала абсалютную большасьць? Хіба такое бывае?

Са словаў кіраўніка ЦВК вынікае нейкая няпэўнасьць наконт запрашэньня на выбары назіральнікаў ад АБСЭ. Карпенка заявіў, што, калі іх і запросяць, то Цэнтравыбаркам «правядзе неабходныя працэдуры па акрэдытацыі». У перакладзе на зразумелую мову: дапусьцяць толькі тых, наконт каго ня будзе сумневу адносна іх ляяльнасьці да існага рэжыму. А іншыя назіральнікі і не патрэбныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG