Набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі беларускі алігарх Аляксей Алексін пабудаваў на беразе Менскага мора шыкоўнае «Радавое гняздо» на зямельным надзеле коштам ня менш за 1 млн даляраў. Усё гэта каля свайго ж забаўляльнага комплексу і 300-мэтровага ціра. Як высьветліла расьсьледаваньне Свабоды, гэта стала магчымым у выніку шэрагу сумнеўных рашэньняў з боку самога Лукашэнкі і дзяржаўных органаў рознага ўзроўню.
У публічным доступе зьявіўся фатаздымак сядзібы набліжанага да Лукашэнкі алігарха Аляксея Алексіна. На ўчастку ў 3,7 гектара на беразе Заслаўскага вадасховішча бізнэсовец пабудаваў сядзібу ў францускім стылі пад назвай «Радавое гняздо». З закрытых пасьля 2020 году афіцыйных дакумэнтаў Свабода даведалася дэталі гэтага будаўніцтва, а таксама паглядзела, што сабою ўяўляе маёнтак, разьмешчаны на адным з самых дарагіх надзелаў зямлі ў Беларусі.
Але спачатку коратка пра асобу самога Аляксея Алексіна, якога называюць гаспадаром сеткі «Табакерак» і «гаманцом Аляксандра Лукашэнкі».
Чым вядомы Алексін
Аляксей Алексін — адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў Беларусі, які мае сталыя прэфэрэнцыі ад рэжыму Лукашэнкі. У свой час ён атрымаў ад дзяржавы выключныя правы ў сфэры гандлю тытунём.
Ад лета 2021 году Алексін пад санкцыямі Эўразьвязу. У санкцыйным дакумэнце напісана: «Ён падтрымлівае цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам, былым дарадцам па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнкам. Мае бізнэс-інтарэсы ў сэктарах нафты і энэргетыкі, нерухомасьці, дэвэлапэрства, лягістыкі, тытуню, розьнічнага гандлю, фінансаў і інш.».
Кампаніі Алексіна належыць нерухомасьць у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі «Александрыя-2», дзе ён часты госьць. Бізнэсовец зьяўляецца саўладальнікам «Брэміна груп» — кіраўнічай кампаніі асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Ворша». Эканамічная зона была створана згодна з указам Лукашэнкі № 106 ад 21 сакавіка 2019 году. Яе кіраўнічая кампанія атрымлівае дзяржаўную дапамогу, а таксама фінансавыя, падатковыя і іншыя дзяржаўныя льготы.
Міністэрства фінансаў ЗША лічыць, што Алексін зьвязаны з кампаніяй «ГардСэрвіс», якую называюць «прыватнай вайсковай кампаніяй рэжыму». Аднак сам бізнэсовец гэта адмаўляе.
Як адзначала міжнародная каманда расьсьледавальнікаў з OCCRP, Аляксей Алексін пачаў атрымліваць шчодрыя эканамічныя прэфэрэнцыі ад кіраўніка Беларусі пасьля ўвядзеньня санкцый супраць афіцыйнага Менску ў 2012 годзе.
Санкцыі павінны былі пакараць Аляксандра Лукашэнку за рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Лукашэнку, ягонай сям’і і блізкім паплечнікам было забаронена весьці бізнэс з краінамі Эўразьвязу. Гэта ўскладніла алігархам, блізкім да рэжыму, перамяшчэньне грошай у Беларусь і зь яе.
Прыкладна тады Алексіну ўдалося атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве і адкрыць кампанію па бізнэс-кансультацыях Lexie Ventures, якую зарэгістравалі ў закінутым будынку ў цэнтры Вільні. Празь яе ён купіў яшчэ адну кватэру, дзе зарэгістраваў яшчэ дзьве іншыя фірмы — таксама без прыкметнай дзейнасьці і без пэрсаналу. Аднак у іх былі актыўныя банкаўскія рахункі. За няпоўныя два гады празь іх працякло 46 мільёнаў эўра невядомага паходжаньня.
Шырокай грамадзкасьці ў Беларусі Алексін стаў вядомы дзякуючы ўсталяваньню па ўсёй краіне шапікаў розьнічнага гандлю цыгарэтамі і таварамі першай неабходнасьці «Табакерка». У 2019 годзе менчукі сабралі некалькі тысяч подпісаў супраць «Табакерак», але тыя ўсё роўна зьявіліся ў сталіцы. У розных населеных пунктах фіксаваліся выпадкі пашкоджаньня і нават падпалу гэтых шапікаў.
Сядзіба на беразе Менскага мора
Участак на Менскім моры, дзе пабудаваная сядзіба «Радавое гняздо», Алексін атрымаў ад Менаблвыканкаму ў верасьні 2018 году ў арэнду на 99 гадоў. Па зьвестках з Адзінага дзяржаўнага рэгістру нерухомай маёмасьці, кошт арэнды складаў усяго 554 даляры за год па курсе на той момант. Гэта 46 даляраў у месяц. Адзначым, што цэны на значна меншыя зямельныя надзелы для шараговых беларусаў у гэтым месцы пачынаюцца ад 60 тысяч даляраў. Аўкцыёны па продажы ўчасткаў у гэтым раёне і канкрэтна ў аграгарадку Сёмкава стабільна ўваходзяць у топ па цэнах і папулярнасьці.
Калі браць дадзеныя за 2018 год, то па кошце 2667 даляраў за сотку ў гэтым рэгіёне зямельны надзел у 3,7 гектара мог бы тэарэтычна каштаваць 988 тысяч даляраў.
Участак месьціцца проста на беразе Заслаўскага вадасховішча, так званага Менскага мора, у рэкрэацыйнай зоне, адміністратыўна далучанай на аграгарадку Сёмкава — паміж санаторыем «Прыморскі» і спартыўна-аздараўляльнай базай «Алімпіец». На сайце «Прыморскага» гаворыцца: «Санаторый разьмешчаны ў адным з самых прыгожых месцаў нашай краіны — на беразе цудоўнага Менскага мора, у асяродзьдзі зьмешаных і хвойных лясоў».
Згодна са зьвесткамі з кадастру, плошча ўчастка складае 3,71 гектара, а яго мэтавае прызначэньне — «будоўля і абслугоўваньне сямейнай сядзібы „Радавое гняздо“».
На здымку бачна, што на ўчастку стаяць пяць будынкаў. Асноўныя два выкананыя ў францускім стылі, з калёнамі і вялікімі вокнамі ў падлогу. Перад імі разьбіты парк з рознымі відамі дрэваў і кустоў, ёсьць альтанка і скульптуры львоў. Побач яшчэ два дамы ў сучасным стылі, таксама з тэрыторыямі, засаджанымі дрэвамі і кустамі. Ёсьць і баскетбольная пляцоўка зь дзіцячым гарадком. Таксама на ўчастку стаіць падобнае да гаспадарчага збудаваньне з прынамсі двума гаражамі. Уся тэрыторыя абнесена высокім плотам з камэрамі назіраньня, каля яго кусты. На ўваходзе — брама зь дзьвюма будкамі аховы.
Бізнэс побач з домам
Аляксей Алексін зьвярнуў увагу на гэты прыбярэжны раён «Менскага мора» даўно. Каля 15 год таму ён пабудаваў тут на плошчы 4,75 гектара гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры». У яго ўваходзяць некалькі дамкоў, якія можна арандаваць, рэстаран, спа-цэнтар, лазьня, возера, домік рыбака, футбольнае поле і тэнісныя корты.
А ў 2017 годзе кампанія «Энерга-оіл», падкантрольная Алексіну, атрымала дазвол на будоўлю тут жа побач стэндавага стралковага комплексу на ўчастку плошчай 7,1 гектара. На яго тэрыторыі разьмясьціўся 300-мэтровы цір, дзьве пляцоўкі для заняткаў стэндавай стральбой, возера. Пастраляць прапануюць з 24 відаў зброі, у тым ліку з амэрыканскіх вінтовак M16, чэскіх пісталетаў CZ 75, аўстрыйскіх Glock17.
Летам 2019 году Лукашэнка выпусьціў спэцыяльны ўказ № 245, якім прызнаў гэты стралковы комплекс Алексіна «ўнікальным» і дазволіў займацца вайскова-гістарычнай дзейнасьцю, аказваць арганізацыям і фізычным асобам паслугі па «фармаваньні навыкаў валоданьня зброяй, стральбе з баявой, службовай і цывільнай зброі».
Лукашэнка таксама дазволіў кампаніі «Энерга-Оіл» набываць, у тым ліку ў вайсковых фармаваньняў, зброю і боепрыпасы, ажыцьцяўляць яе рамонт і мадэрнізацыю. Пры асобным распараджэньні зброю могуць перадаць бясплатна фактычна ад любых сілавых структураў Беларусі, у тым ліку Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных справаў і пракуратуры.
У 2019 годзе дзяржава перадала 150-мэтровы водны пірс побач зь сядзібай «Радавое гняздо» кампаніі «Энерга-оіл» — у арэнду на 30 гадоў. Праезд да пірсу ўжо фактычна быў перакрыты, бо гэты кавалак дарогі таксама аддалі ва ўласнасьць Алексіну годам раней. Мэтавае прызначэньне — зямельны ўчастак для разьмяшчэньня аб’ектаў фізкультурна-аздараўляльнага і спартыўнага прызначэньня.
Як бачым па летнім здымку 2023 году, за 4 гады на пірсе ніякіх аб’ектаў з такім прызначэньнем не зьявілася. Пірс пачысьцілі, прыбралі зарасьнікі чароту, зрабілі драўляны сход для лодак, але акрамя чаек і аднаго прыпаркаванага катэра, там нічога больш няма.
У 2022 годзе каля гэтага пірсу афармляецца яшчэ зямельны ўчастак. Мэтавае прызначэньне — будаўніцтва і абслугоўваньне падʼязной аўтамабільнай дарогі і збудаваньня для спуску яхт на ваду па абʼекце «Рэканструкцыя МОЛа (гідратэхнічнага збудаваньня), з уладкаваньнем яхтавага прычала».
Побач — інвэстар з ААЭ
І гэта ня ўсё. У лістападзе 2020 году побач зь сядзібай «Радавое гняздо», непадалёк ад вышэйзгаданых аб’ектаў і таксама зь відам на Менскае мора і з выхадам да яго, беларускія ўлады выдзяляюць яшчэ адзін участак зямлі плошчай 1,3 гектара проста ў зялёнай зоне каля вадасховішча. Мэтавае прызначэньне, згодна з дакумэнтамі, — зямельны ўчастак для «абслугоўваньня рэзыдэнцыі». Права арэнды дзяржаўнай зямлі на 98 гадоў выдадзена прыватнай кампаніі Symphony Global Holdings Limited. Згодна з адкрытымі дадзенымі, гэтая кампанія можа быць зьвязаная з інвэстарам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Махамэдам Алі Алабарам. Яму ў 2022 годзе дазволілі забудоўваць вялізны жыльлёвы і бізнэс-комплекс «Паўночны бераг» паміж вадасховішчамі Цнянскім і Дразды.
Участак, выдзелены дзяржавай кампаніі Symphony Global Holdings Limited, — каля самай сядзібы Алексіна. Дом на ім будуюць на палях з дапамогай той самай кампаніі, што дапамагала ўзводзіць стралковы комплекс Алексіна. Цяпер ён выглядае гэтак.
У выніку мы бачым, што дзяржава дапамагла бізнэсоўцу Алексіну, які і так мае шмат прэферэнцый ад уладаў Беларусі, атрымаць на льготных умовах дзяржаўныя зямельныя надзелы агульнай плошчай больш за 16 гектараў у адным з самых дарагіх месцаў пад Менскам. Са згоды Лукашэнкі набліжанаму да яго алігарху дазваляецца мець асаблівыя ўмовы вядзеньня бізнэсу, пад яго выпускаюцца спэцыяльныя ўказы аб ільготах, недаступных для іншых грамадзян.