Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Філіпенка пра затрыманьне бацькі: Рэжым баіцца, што без рэпрэсій зьнікне


Пісьменьнік Саша Філіпенка, каляж
Пісьменьнік Саша Філіпенка, каляж

Раніцай 9 лістапада сілавікі ў Менску прыйшлі да бацькоў пісьменьніка Сашы Філіпенкі, які даўно жыве за мяжой. Бацьку Філіпенкі затрымалі, дома забралі ўсю тэхніку. Паводле Філіпенкі, сілавікі раней прыходзілі да бацькі і казалі, што сыну «трэба заткнуцца».

У праграме «Падзея і камэнтар» на канале «Свабода Premium» Саша Філіпенка расказаў, чаму, на ягоную думку, рэжым са сваёй волі ніколі ня спыніць рэпрэсіі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

  • Гэта было а 8-й раніцы, там было сем ці восем сілавікоў са зброяй. Яны адразу павалілі маці і бацьку на падлогу — ня ведаю навошта. Бацьку 62 гады, маці — 60, наўрад ці там быў бы моцны супраціў людзям са зброяй.
  • Бацьку зьвезьлі, і мы дагэтуль ня ведаем, дзе ён. Яны толькі сказалі маці: «Кажыце дзякуй сыну». Маці цяпер трохі ў шоку.
  • Бацьку некалькі разоў папярэджвалі сілавікі, што, маўляў, сыну трэба заткнуцца. Апошні раз гэта было некалькі месяцаў таму. Але бацька казаў: «Майму сыну 40, ён ужо дарослы хлопчык, як я магу на яго паўплываць?»
  • У Беларусі цяпер можа адбывацца што заўгодна, але здавалася, што нават гэтыя людзі разумеюць — майму бацьку цяжка на мяне паўплываць. Мы апошні раз бачыліся тры гады таму.
  • Мы зь ім размаўлялі пра магчымасьць зьехаць з краіны, але ён казаў: «Я нічога не зрабіў, каб зьяжджаць, і гэта мая краіна». У 62 гады цяжка ехаць у іншую краіну і пачынаць новае жыцьцё.
  • Было б дзіўна адмаўляцца ад публічнасьці, калі твой бацька ў закладніках. Трэба і далей гаварыць пра тое, што адбываецца зь людзьмі ў Беларусі.
  • Рэжым павінен паказваць беларусам кожны дзень, што рэпрэсіі не спыняюцца. Бо калі беларусы даведаюцца, што рэпрэсіі спыніліся, зноў могуць пачацца пратэсты.
  • Кожны дзень будуць новыя арышты. Мне здаецца, што ў іх ёсьць нейкая норма — затрымліваць два ці тры чалавекі кожны дзень. Ня трэба спадзявацца, што гэтыя рэпрэсіі скончацца. Рэжым адчувае: «Калі скончацца рэпрэсіі, мы і самі скончымся». Рэпрэсіі — сэнс гэтага рэжыму.
  • Мне здаецца, што ў Эўропы павінна быць адзіная пазыцыя адносна Беларусі. Мы ведаем, што Лукашэнка прайграў выбары і ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ўжо тры гады.
  • Калі на волю выходзяць палітвязьні, на іх месца прыходзяць новыя. Гэта такі кірмаш, дзе на людзей глядзяць як на тавар, якім можна расплачвацца за санкцыі ці яшчэ за нешта. Я не дыплямат, я пісьменьнік, але мне падаецца, што няма сэнсу размаўляць з тэрарыстамі.
  • Яны будуць спрабаваць утрымаць уладу любымі спосабамі, бо інакш ім давядзецца адказваць за тое, што адбываецца цяпер кожны дзень, за тое, што адбываецца з маім бацькам. Але калі ня будзе падтрымкі з Масквы, ім будзе значна цяжэй гэта рабіць.
  • Нам трэба шукаць новае выйсьце з гэтай сытуацыі і працягваць барацьбу хто як можа. Трэба не спыняцца і працягваць рабіць сваю працу на будучыню — тое, як кожны яе разумее сам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG