Вядома пра 187 чалавек, якія «зьневажалі сьцяг»
Праваабаронцам Dissidentby вядомыя 187 чалавек, якіх абвінавацілі ў «зьнявазе дзяржаўных сымбаляў». Толькі двух зь іх асудзілі не на пазбаўленьне ці абмежаваньне волі. Сярод іх ёсьць і падлеткі, і людзі перадпэнсійнага ўзросту, грамадзяне іншых краін, гараджане і вяскоўцы. Падобныя ўчынкі робяць па ўсёй Беларусі. У многіх выпадках, калі верыць матэрыялам справы, людзі былі нападпітку.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», штотыдзень у судах разглядаюць крымінальныя справы за зьнявагу дзяржаўнай сымболікі. Звычайна выносяць абвінаваўчыя прысуды, зьвязаныя з пазбаўленьнем волі.
Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова паведаміла Свабодзе, што ім вядомыя імёны 160 цяперашніх і былых палітвязьняў, якім закідалі «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Часта гэты артыкул ідзе разам з «абразай Лукашэнкі» і іншымі палітычнымі артыкуламі.
Паводле Сьледчага камітэту, за першыя дзевяць месяцаў 2023 году толькі ў Менску завялі 14 крымінальных справаў за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Самаму малодшаму з абвінавачаных 16 гадоў, найстарэйшаму — 52 гады.
За «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» у Беларусі, паводле заканадаўства, пагражае да 3 гадоў калёніі. У Літве і Грузіі, напрыклад, да 2 гадоў, у Польшчы — да 1 году пазбаўленьня волі. Ва ўсіх гэтых краінах пакараньне можа быць лягчэйшым: штраф, арышт, абмежаваньне волі («хімія»).
На практыцы беларусаў караюць за зьнявагу афіцыйнай сымболікі пазбаўленьнем волі ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Сабралі некаторыя выпадкі, пераважна за апошні год.
Замяніў на ўкраінскі
Хтосьці ноччу ў кастрычніку ў пасёлку Сасновы Бор Сьветлагорскага раёну зрэзаў дрот, на якім вісеў чырвона-зялёны сьцяг, і выкінуў яго ў сьметніцу, на ягонае месца павесіў сьцяг Украіны. За гэта затрымалі 41-гадовага беларуса, у якога падчас ператрусу знайшлі «сымболіку экстрэмісцкай накіраванасьці». Імя і лёс затрыманага невядомыя.
Завёз у Маскву
Уночы ў ліпені мужчына сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынку ў Баранавічах, пашкодзіў мацаваньне. Сьцяг забраў дадому, а потым паехаў зь ім у Маскву на заробкі. На судзе растлумачыў, што «сьцяг узяў з сабой як сувэнір на памяць». Прысуд: 1 год калёніі агульнага рэжыму.
Падпалілі
У Гомлі ў красавіку затрымалі непаўналетняга Глеба Ш. за тое, што нібыта спаліў чырвона-зялёны сьцяг і разам зь сябрамі запісаў працэс на відэа. Сілавікі прымусілі хлопца сказаць на камэру, што ён рабіў гэта нападпітку. Прысуд невядомы.
26-гадовы іншаземец сарваў ажно тры чырвона-зялёныя сьцягі ў Менску, адзін зь іх падпаліў. Яго затрымалі. Пра гэта стала вядома ў чэрвені. Прысуд невядомы.
Парвалі
Расеец Захар Костка і мянчук Станіслаў Акаловіч, паводле матэрыялаў справы, позна ўвечары ў жніўні 2022 году сарвалі з фасаду будынка па вуліцы Чырвонаармейскай у Менску чырвона-зялёны сьцяг, а потым у прысутнасьці іншых людзей парвалі палотнішча на кавалкі. Акаловіча, апрача «зьдзеку са сьцяга» таксама абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Прысуд: 2 гады «хатняй хіміі» Станіславу Акаловічу, 3 месяцы арышту Захару Костку.
Махаў і «дэманстратыўна перасоўваўся»
Жыхар Бабруйску Яўген Хачатураў у жніўні сарваў з крамы чырвона-зялёны сьцяг, зламаў дрэўка. Потым трымаў сьцяг у руках і махаў ім над сабой. Прысуд: 1,5 года «хіміі».
23-гадовы жыхар Віцебска Павал Дунаеў ноччу ў красавіку сарваў чырвона-зялёны сьцяг з крамы і «дэманстратыўна перасоўваўся зь ім у руках па вуліцах горада». Урэшце кінуў сьцяг на зямлю. Прысуд: 2 гады «хатняй хіміі».
Абразіў чалавека са сьцягам
Беларус на пошце нібыта абразіў чалавека з шаўронам ПВК «Вагнэр» і чырвона-зялёным сьцягам і пачаў здымаць яго на відэа. Той паскардзіўся ў ГУБАЗіК, мужчыну затрымалі. Затрыманага сілавікі прымусілі запісаць відэа. Далейшы ягоны лёс невядомы.
Выкінулі
Ноччу ў чэрвені 23-гадовы Сяргей Зьмітровіч разам зь сябрамі сарваў чырвона-зялёны сьцяг з будынка інтэрната ў Горадні і выкінуў недалёка на вуліцы. Паводле матэрыялаў справы, маладзёны перад гэтым выпілі. Хлопца ўзялі пад варту. Прысуд: 3 месяцы арышту. На судзе залічылі час, праведзены ў ізалятары, і вызвалілі яго ў залі суду.
27-гадовага гамельчука Руслана Глушанка абвінавацілі ў тым, што ён сарваў чырвона-зялёны сьцяг з крамы ў Пружанах і кінуў на зямлю. Прысуд: 3 месяцы арышту.
У Менску падлеткі сарвалі два чырвона-зялёныя сьцягі і кінулі на зямлю. Затрымалі 16-17-гадовых навучэнцаў каледжаў. Завялі крымінальную справу за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
Забралі дадому
Мужчына ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёну ў верасьні сарваў з крамы чырвона-зялёны сьцяг, пашкодзіў мацаваньне. Сьцяг паклаў у заплечнік і панёс дадому. Ранкам па яго ўжо прыйшла міліцыя. Прысуд: 1 год калёніі агульнага рэжыму.
Мянчук Сяргей Фірстаў сарваў чырвона-зялёны сьцяг зь менскай крамы, пагнуў насьценны кранштэйн, адарваў палотнішча і схаваў дома ў знаёмай. Паводле матэрыялаў справы, ён тады быў нецьвярозы. Да вынясеньня прысуду мянчук знаходзіўся пад асабістым паручальніцтвам. Прысуд: 2 гады «хатняй хіміі».
2 рублі 53 капейкі за сьцяг
Аляксей Гулін, паводле сьледзтва, зламаў дрэўка з чырвона-зялёным сьцягам, які вісеў на ўваходзе ў фэльчарска-акушэрскі пункт вёскі Корчыцы Кобрынскага раёну. Частку дрэўка са сьцягам мужчына кінуў на зямлю. Суд палічыў, што Аляксей нанёс установе маёмасную шкоду памерам 2 рублі 53 капейкі. Установа аховы здароўя Кобрыні, на балянсе якой знаходзіцца ФАП, ацаніла кошт пашкоджанай маёмасьці ў 71 рубель 35 капеек. Іх Гулін таксама кампэнсаваў. Прысуд: 1 год «хіміі».
20-гадовага Ягора Жукава абвінавацілі ў тым, што ён ноччу ў ліпені сарваў сьцяг з крамы «Эўраопт» у Берасьці. Як тлумачыў хлопец, ён быў нецьвярозы, ішоў зь сябрамі, убачыў сьцяг, падскочыў, зачапіўся за дрэўка. Тое нечакана зламалася, яго рэшткі засталіся вісець на сьцяне. У той жа дзень яго затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Шкоду ацанілі ў 21 рубель. Пракурор запрасіў пакараньне 3 месяцы арышту. Прысуд невядомы.
Менчуку Дзьмітрыю Герасімовічу далі 2 гады калёніі за тое, што сарваў чырвона-зялёны сьцяг. Пра здарэньне міліцыі паведаміў адміністратар караоке-бару, які знаходзіўся побач з будынкам. Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Герасімовіч у стане алькагольнага ап’яненьня пацягнуў сьцяг за палотнішча і скінуў на зямлю. Маёмасную шкоду арганізацыі, на чыім будынку вісеў сьцяг, ацанілі ў 89 рублёў. Паводле рашэньня суду, яго будуць прымусова лячыць ад алькагалізму. Прысуд: 2 гады калёніі.
2,5 года калёніі за сьцяг
Ноччу ў траўні ў аграгарадку Войская Камянецкага раёну хтосьці сарваў тры чырвона-зялёныя сьцягі з установы адукацыі, гандлёвага аб’екта і пошты. Асудзілі 18-гадовага Захара Сінякова і 19-гадовага Елісея Кузьняцова, апошні перад гэтым цалкам адбыў тэрмін у іншай крымінальнай справе. Прысуд: 1,5 года калёніі агульнага рэжыму Захару Сінякову, 2,5 года калёніі агульнага рэжыму Елісею Кузьняцову.
«Акт грамадзянскай сьвядомасьці супраць дыктатуры»
Каардынатарка ініцыятывы Dissidentby праваабаронца Марына Касінерава пракамэнтавала Свабодзе, што такія дзеяньні, як зрываньне чырвона-зялёнага сьцяга, грамадзянская супольнасьць і дэмакратычны сьвет маюць успрымаць як акт грамадзянскай сьвядомасьці супраць дыктатуры. У іншым выпадку, на ейную думку, трэба дэ-факта прызнаць рэжым Лукашэнкі.
«У 2020 годзе адбыўся поўны каляпс прававой сыстэмы, які суправаджаў выключны гвалт. З дапамогай прапаганды рэжым зьвязаў свае дзеяньні з канкрэтнай сымболікай — чырвона-зялёным сьцягам, які сілавікі ўжывалі і ўжываюць падчас катаваньняў. Так, з прававога пункту гледжаньня гэты сьцяг і іншая сымболіка не зьяўляюцца легітымнымі. Сымболіку супрацьпаставілі законнасьці, дэмакратыі і правам чалавека», — тлумачыць праваабаронца.
Марына Касінерава перакананая, што такія артыкулы, як 370-ы Крымінальнага кодэксу Беларусі («Зьнявага дзяржаўных сымбаляў») носяць выключна палітычны характар.
«Чалавек мае права на свабоду думак, яго ня мусяць караць за дзеяньні, не зьвязаныя з прычыненьнем шкоды жыцьцю ці здароўю іншых людзей, пазбаўленьнем або абмежаваньнем волі», — тлумачыць яна.
«Парушэньне дзяржавай права на выказваньне думкі»
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Вікторыя Рудзянкова пракамэнтавала Свабодзе, што сарваны дзяржаўны сьцяг — гэта палітычнае выказваньне, якое падпадае пад ахову беларускай Канстытуцыі, а таксама абавязковага для выкананьня Беларусьсю Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта свабода выказваньня думак, якое можа быць у любой форме, у тым ліку і ў форме такіх дзеяньняў.
Яна мяркуе, што зрываньне чырвона-зялёнага сьцяга з будынку ў некаторых асобных выпадках можна разглядаць і як «дробнае хуліганства».
«У абвінавачаньні не павінен фігураваць дзяржаўны сьцяг як нешта недатыкальнае і сьвятое. Судзьдзі павінны разглядаць ступень парушэньня грамадзкага парадку або непавагі да грамадзтва. У адваротным выпадку гэта палітычна матываваны перасьлед і факт парушэньня дзяржавай права на выказваньне думкі», — тлумачыць Вікторыя Рудзянкова.
Юрыстка перакананая, што калі цяпер судзьдзі прыцягваюць беларусаў да крымінальнай адказнасьці за зрываньне сьцяга, яны ігнаруюць Камітэт правоў чалавека ААН і абмяжоўваюць права на выказваньне думак.
«Крытыка як дзяржаўных службоўцаў, так і дзяржаўных сымбаляў не павінна перасьледвацца па законе», — кажа яна.