Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне стварылі альянс парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь». Што казалі на форуме


Сьвятлана Ціханоўская на выступе ў Бэрліне 7 лістапада 2023
Сьвятлана Ціханоўская на выступе ў Бэрліне 7 лістапада 2023

Ціханоўская 7 лістапада выступіла на закрыцьці канфэрэнцыі Альянсу груп «За дэмакратычную Беларусь» разам з дэпутатамі. Прадстаўнікі розных краін расказалі пра ўнёсак, які зрабілі і робяць у справу дэмакратычнай Беларусі.

Удзел у канфэрэнцыі ўзялі кіраўнікі парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» з Аўстрыі, Вугоршчыны, Гішпаніі, Грузіі, ЗША, Ірляндыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Малдовы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Украіны, Францыі, Чэхіі.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская прывітала праект рэзалюцыі аб Беларусі ў Бундэстагу, прадстаўлены трыма кіроўнымі партыямі, падзякавала ўдзельнікам канфэрэнцыі.

«Сёньня мы пасылаем палітвязьням і іх сем’ям ясны мэсыдж: сьвет памятае пра вас. Мы ня спынімся, пакуль ня будуць адноўленыя мір і справядлівасьць і беларусы ня вернуць свабоду».

Кіраўнікі парлямэнцкіх груп зрабілі супольны здымак з фота беларускіх палітвязьняў.

Удзельнікі канфэрэнцыі ў Бэрліне
Удзельнікі канфэрэнцыі ў Бэрліне

У сваім звароце Ціханоўская заклікала парлямэнтароў трымаць Беларусь на парадку дня, падтрымліваць палітвязьняў, дапамагаць беларусам у выгнаньні, прытрымлівацца стратэгіі, што Беларусь ня роўная рэжыму, і даць беларусам ясную і выразную эўрапейскую пэрспэктыву. Яна заклікала прызнаць КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм, як гэта ўжо зрабіў чэскі Сэнат, а таксама прыцягнуць рэжым да адказнасьці і заклікаць да скліканьня Міжнароднага трыбуналу для суду над рэжымам, як гэта зрабіла Вярхоўная Рада Ўкраіны.

Ціханоўская назвала тэрорам тое, што адбываецца ў Беларусі, яна заклікала дэпутатаў стаць адвакатамі і саюзьнікамі перад сваімі ўрадамі.

Пасьля гэтага выступалі парлямэнтары розных краін.

Выступленьні ў Бундэстагу
Выступленьні ў Бундэстагу

Поль Галь з ПАСЭ даў свае рэкамэндацыі дэпутатам парлямэнтаў: выдаваць візы беларусам у Менску, выдаваць дазволы на жыхарства, не патрабаваць апастылю і таму падобных дакумэнтаў, спрасьціць атрыманьне прытулку, а таксама падтрымліваць выдачу і пашпарта іншаземца, і новага беларускага пашпарта.

Юозас Олекас, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту, падтрымаў ідэю эўрапейскай пэрспэктывы і будучыні Беларусі, таксама заклікаў усе парлямэнты прызнаць новы беларускі пашпарт, які зараз распрацоўваюць.

Прадстаўнік чэскага парлямэнту выказаў падтрымку стварэньню Офісу дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі і заклікаў падзяляць беларусаў і расейцаў.

Францускі дэпутат заклікаў іншых дэпутатаў да рашучасьці, працытаваў Шарля дэ Голя і скончыў свой выступ словамі: «Я веру, што дэмакратыя пераможа».

Прадстаўнікі Нямеччыны расказалі аб працы ў Бундэстагу, сказалі, што Беларусь — гэта тэма, якая аб’ядноўвае і ўладу, і апазыцыю, і што ў Нямеччыне будуць аказваць падтрымку і беларусам у выгнаньні, і дэмакратычным сілам.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Італьянскі сэнатар выказаў падтрымку Ціханоўскай і прапанаваў правесьці наступную сустрэчу ў Рыме, а таксама прыняць рэзалюцыю ў італьянскім парлямэнце.

8 лістапада ў Бундэстагу плянуюцца дэбаты аб эўрапейскай пэрспэктыве для Беларусі і прыняцьце рэзалюцыі.

Дэпутатка ад Грузіі расказала, што цяпер у яе краіне беларусы перажываюць вялікія абмежаваньні, ня могуць атрымліваць дакумэнты, і патрабуецца ўплыў міжнароднай супольнасьці, каб Грузія спрасьціла ўмовы знаходжаньня беларусаў у гэтай дзяржаве.

Дэпутат ад Малдовы пачаў свой выступ з таго, што ён сам беларус па нацыянальнасьці і яго прэзыдэнт — Сьвятлана Ціханоўская. Адзначыў, што Малдова падтрымлівае эўрапейскія і дэмакратычныя пэрспэктывы і памкненьні як для Беларусі, так і для Малдовы.

Прадстаўнік Украіны Аляксей Ганчарэнка заклікаў называць рэчы сваімі імёнамі, супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі і сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага народу з Аб’яднанага кабінэту і таксама прызнаць, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі.

Прадстаўніца Нарвэгіі расказала пра дапамогу беларускім рэпрэсаваным і праваабаронцам.

Дэпутат ад Ірляндыі сказаў, што яны ўжо падтрымліваюць незалежныя беларускія мэдыя на дзяржаўным узроўні і што таксама бяруць патранаж над палітвязьнямі.

Таксама ў абмеркаваньні прыняў удзел прадстаўнік Libereco — арганізацыі, якая дапамагае рэпрэсаваным і палітвязьням і арганізавала праграму ўсынаўленьня. Ён заклікаў усіх дэпутатаў далучацца да праграмы патранажу над палітвязьнямі і дэманстрацыі салідарнасьці.

Польскі сэнатар Міхал Каміньскі сказаў, што месца і Ўкраіны, і Беларусі — у ЭЗ, і што для новай улады ў Польшчы гэта таксама павінна быць прыярытэтам, каб аб’яднаць Эўропу, каб і Беларусь, і Ўкраіна мелі эўрапейскую пэрспэктыву. Ён выказаў надзею, што новы польскі ўрад, які яшчэ ня выбраны, будзе больш актыўна працаваць у гэтым напрамку.

Закрыцьцё канфэрэнцыі адбывалася ў Рэйхстагу — галоўным будынку нямецкага парлямэнту.

На канфэрэнцыі
На канфэрэнцыі

Ціханоўская ўзяла ўдзел у мітынгу беларускай дыяспары

Мітынг арганізавалі беларусы Бэрліну. Ён прайшоў каля Брандэнбурскай брамы. У ім удзельнічалі каля 100 чалавек.

Ціханоўская выступіла з прамовай і адказала на пытаньні беларусаў. Таксама выступалі прадстаўнікі ініцыятывы «Разам», Народных амбасадаў, арганізацыі Libereco.

У сваім выступе Ціханоўская расказала пра сустрэчы ў Бэрліне і заклікала беларусаў Нямеччыны быць больш актыўнымі ў працы зь нямецкімі палітыкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG