Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іх не забылі і не забудуць». Замежныя дыпляматы напісалі лісты палітзьняволеным журналістам Свабоды


Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык. Архіўныя фота
Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык. Архіўныя фота

Лісты палітвязьням 2 лістапада ў Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць прадстаўнікоў СМІ адправіла амбасада Нямеччыны ў Менску.

Генэральная Асамблея ААН заснавала Міжнародны дзень спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў сваёй рэзалюцыяй у 2013 годзе.

У гэтай рэзалюцыі Генэральная Асамблея асудзіла любое прымяненьне сілы супраць работнікаў СМІ — у тым ліку і ў форме адвольнага пазбаўленьня волі — і заклікала дзяржавы, акрамя іншага, садзейнічаць стварэньню бясьпечнага асяродзьдзя для работнікаў СМІ, у якім тыя змогуць выконваць сваю працу незалежна і безь недарэчнага ўмяшаньня.

Супрацоўнікі Радыё Свабода Ігар Лосік, Андрэй Кузьнечык, а таксама журналіст Ігар Карней у гэты дзень несправядліва знаходзяцца ў турме за сваю прафэсійную дзейнасьць, адзначаюць дыпляматы ў супольнай заяве.

«Іх вельмі не хапае родным і сябрам. Нястача іх прафэсійных галасоў таксама адчуваецца ў публічнай сфэры Беларусі. Несправядлівасьць іх зьняволеньня выклікае боль і абурэньне», — падкрэсьлілі дыпляматы.

2 лістапада амбасада Нямеччыны ў Менску адправіла лісты ўзгаданым палітвязьням. Гэтыя лісты падпісалі: Часовы павераны ў справах Нямеччыны ў Беларусі Міхаэль Новак, Часовы павераны ў справах Аўстрыі ў Беларусі Рональд Штурм, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баўгарыі ў Беларусі Грыгорый Васілеў, Часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Томаш Крыл, Часовы павераны ў справах Эстоніі Трыін Хіесалу, Кіраўнік аддзяленьня пасольства Фінляндыі ў Беларусі Каця Карпінен, Часовы павераны ў справах Францыі ў Беларусі Людавік Руае, Часовы павераны ў справах Італіі ў Беларусі Вірджынія Фадэлі, Часовы павераны ў справах, кіраўнік офіса пасольства Нідэрляндаў у Менску Рэнэ Керстэн, Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, Часовы павераны ў справах Румыніі ў Беларусі Віктар Пыртаакэ, Часовы павераны ў справах Швэцыі ў Беларусі Эва Сундквіст, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швайцарыі ў Беларусі Крысьціна Хонэгэр Залатухін і Часовы павераны ў справах Вялікай Брытаніі ў Беларусі Джэк Гэндз.

«Ігар Лосік, Андрэй Кузьнечык і Ігар Карней не забытыя і ня будуць забытыя ў будучыні. Урады краін, дыпляматы якіх пакінулі свае подпісы, адзіныя ў патрабаваньні аб тым, каб палітвязьні Беларусі нарэшце выйшлі на волю», — адзначылі дыпляматы.

У лісьце да Андрэя Кузьнечыка гаворыцца:

«Гэты ліст, адрасаваны Вам як працаўніку СМІ, мы змушаныя адпраўляць у турму, у якой Вы несправядліва знаходзіцеся ў зьняволеньні. Гэтая несправядлівасьць выклікае боль, яна абуральная. Сёньня мы асабліва думаем пра Вас, Вашых сваякоў, сяброў і калегаў. Вас па-чалавечы не хапае Вашым блізкім таксама, як у публічнай сфэры Беларусі не хапае Вашага журналісцкага голасу.

Тое, што за гэта сёньня Вы знаходзіцеся ў зьняволеньні, — абуральная несправядлівасьць. Нашыя ўрады адзіныя ў патрабаваньні таго, што палітвязьні Беларусі павінны нарэшце выйсьці на волю. Жадаем Вам здароўя, сіл і як мага больш сьветлых момантаў. Мы думаем пра Вас сёньня і ўважліва сочым за Вашым лёсам у сытуацыі, якая склалася».

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG