Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: у Расеі аднавілі вярбоўку ў ПВК «Вагнэр», найміты заключаюць кантракты з падразьдзелам Расгвардыі, які ўзначаліў сын Прыгожына


Ілюстрацыйнае фота. Наведнікі «ЧВК Вагнэр цэнтар»
Ілюстрацыйнае фота. Наведнікі «ЧВК Вагнэр цэнтар»

У расейскіх рэгіёнах аднавіўся набор у ПВК «Вагнэр»: пра выпадкі вярбоўкі стала вядома ў Пермі і Новасібірску. Навабранцы ПВК заключаюць кантракты з новым падразьдзелам Расгвардыі, які ўзначаліў сын Яўгенія Прыгожына, паведамляюць выданьні NGS і 59.RU.

Выданьні са спасылкай на ўласныя крыніцы пішуць, што вярбоўку навабранцаў у ПВК вядуць ужо некалькі дзён. Паводле прадстаўніка пермскага офіса вагнэраўцаў, найміты заключаюць кантракты з новым падразьдзелам у складзе Расгвардыі, якім кіруе сын загінулага ў авіякатастрофе заснавальніка кампаніі Яўгенія Прыгожына Павел.

«У нас усё засталося па-ранейшаму — атрыбутыка, сымболіка. Набіраем тых, хто ўжо мае баявы вопыт, у тым ліку ўжо ўваходзіў у склад ПВК. Адзінае адрозьненьне — бяром толькі людзей з «гражданкі», ня зь месцаў пазбаўленьня волі», — цытуе выданьне 59.RU прадстаўніка вярбоўшчыкаў.

У сваіх групах у сацсетках пермскае аддзяленьне ПВК «Вагнэр» паведамляе, што наймітам гатовыя плаціць ад 80 тысяч да 240 тысяч расейскіх рублёў у залежнасьці ад таго месца, дзе яны будуць служыць. Мінімальны тэрмін кантракту — шэсьць месяцаў. Апроч расейцаў, у шэрагі ПВК набіраюць і замежных грамадзян.

Дэпутат Дзярждумы РФ Аляксандар Хінштэйн назваў інфармацыю пра набор наймітаў у ПВК «Вагнэр» «чуткамі» і заявіў, што «ні пра якае ўваходжаньне ПВК у Расгвардыю няма і ня можа быць гаворкі». «Былыя байцы змогуць заключаць кантракты як добраахвотнікі толькі ў індывідуальным парадку. Структурнае паглынаньне ПВК Расгвардыяй — немагчыма па вызначэньні», — дадаў ён.

  • Раней «Важные истории» пісалі, што паведамленьні пра пачатак набору ў ПВК «Вагнэр» зьявіліся 27–28 кастрычніка ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з наймітамі. Адзін зь вярбоўшчыкаў заявіў выданьню, што прадстаўляе «адзіны атрад, у якога ёсьць афіцыйная дамова з Расгвардыяй». Суразмоўца выданьня сьцьвярджае, што перамовы аб пераходзе наймітаў пад кіраўніцтва Расгвардыі вялі Павал Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК Антон Елізараў.
  • 23 жніўня ў Цьвярской вобласьці ўпаў прыватны самалёт, якім карыстаўся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын. Усе дзесяць чалавек, якія былі на борце, загінулі. Сярод пасажыраў былі сам Яўгеній Прыгожын, камандзір ПВК Дзьмітрый Уткін (пазыўны «Вагнэр»), а таксама іншыя камандзіры і найміты ПВК «Вагнэр».

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG