Пра гэта Сьвятлана Ціханоўская напісала 1 лістапада ў сваім тэлеграм-канале.
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што пасьля таго як узоры будуць гатовыя, іх перададуць урадам краін-партнэраў з прапановай прызнаць новы дакумэнт.
«Адначасова з палітычнай працай на міжнародным узроўні мы працуем над стварэньнем органу выдачы. Гэта структура, якая будзе займацца ўсімі этапамі выпуску пашпартоў — ад прыёму заявак і іх праверкі да друку пашпартоў і захоўваньня зьвестак», — удакладніла Ціханоўская.
Ціханоўская падкрэсьліла, што «пашпарт новай Беларусі» не адмяняе неабходнасьці легалізацыі ў краінах знаходжаньня: уладальнікам дакумэнту па-ранейшаму трэба будзе атрымліваць візы або дазвол на жыхарства.
«Запуск вытворчасьці і працэс прызнаньня новага беларускага пашпарту вельмі складаныя. Мы першыя ідзём па гэтым шляху ня толькі ў сваёй краіне, але і ў сьвеце. Наша каманда з нуля распрацоўвае шматлікія тэхнічныя і юрыдычныя мэханізмы. Я вельмі спадзяюся на вашыя цярпеньне і падтрымку», — падсумавала Ціханоўская.
4 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі, то бок пасольствы і консульствы, магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.