Вядома, што Палякоў раней займаўся праектам Viber_auto_forums. Апошнім часам працуе дырэктарам кампаніі «Бонусторг», якая валодае парталам ABW.BY.
Выданьне цытуе ГУБАЗіК, які пагражае ўласьнікам бізнэсу — маўляў, цяпер яны ў адпачынку, але мусяць «рыхтавацца, бо сілы ім хутка спатрэбяцца».
Сілавікі паказалі, як затрымлівалі мужчыну. Праўдападобна, адзначае партал «Зеркало», усё адбывалася ў офісе і было дастаткова жорстка. Палякова павалілі на падлогу тварам уніз. І ў такой позе запісвалі відэа, на якім пыталіся, ці ведае ён па якой справе яго затрымліваюць. Мужчына адказаў «не». Сілавікі пыталіся, ці ўдзельнічаў ён у мітынгах. Адказы быў адмоўным. Праз нейкі час, ужо на іншым відэа ён ужо прызнаецца, што ўдзельнічаў у мітынгах у 2020-м годзе.
У подпісы да відэа сілавікі сьцьвярджаюць, што затрыманы «абражаў службовых асоб Саюзнай дзяржавы, вёў падрыўную працу ў калектыве і прысягаў Ціханоўскай» і гэтак далей.
Летась былі затрыманыя галоўны рэдактар выданьня Abw.by Юлія Мудрэўская і рэдактар спэцпраектаў партала Юрый Гладчук. Юліі ў выніку прысудзілі паўтары года калёніі, а Юрыю — два з паловай гады.