Пра сьмерць ваяра таксама ў сваіх акаўнтах паведамляюць сябры Горбача ў Instagram. Апошні раз у Telegram ён зьяўляўся на гэтым тыдні. Падрабязнасьці гібелі беларуса пакуль невядомыя.
Павал Горбач нарадзіўся 10 студзеня 1992 году. Вядома, што з 2012-га да 2015 году працаваў на кантракце ў беларускім войску, быў старшыной. У Беларусі Горбача асудзілі за нестатутныя адносіны, ён адбываў пакараньне на «хіміі».
Сам Павал Горбач у інтэрвію тэлеканалу «Белсат» казаў, што мае на руках усе дакумэнты і хацеў бы абскардзіць гэты прысуд.
Вядома, што Павал быў фанатам футбольнага менскага «Дынама». У размовах з карэспандэнтам Свабоды добраахвотнік расказваў, што яго як фаната яшчэ да 2020 году спрабаваў завэрбаваць ГУБАЗіК.
Горбач актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў вымушаны выехаць з краіны, каб ня трапіць пад крымінальны перасьлед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам.
Ва Ўкраіну паехаў ад самага пачатку вайны разам зь сябрам Зьмітром «Тэрорам» Апанасовічам. У сакавіку 2022 году «Борт» і «Тэрор» удзельнічалі ў баях у Ірпяні Кіеўскай вобласьці. Там Апанасовіч атрымаў сьмяротнае раненьне.
У далейшым Павал «Борт» быў камандзірам выведкі ў батальёне «Тэрор». Удзельнічаў у баях на поўдні Ўкраіны, у вызваленьні Херсону.
Паводле зьвестак Свабоды, за некалькі месяцаў да сьмерці Павал Горбач пакінуў «Тэрор». Апошнім часам ён ваяваў у іншым падразьдзяленьні.
Гэта як мінімум 36-ы беларускі добраахвотнік, які загінуў ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.