Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк перавялі ў калёнію для зьняволеных зь некалькімі судзімасьцямі


Алена Гнаўк, архіўнае фота
Алена Гнаўк, архіўнае фота

У ранейшай калёніі Алена Гнаўк часта трапляла ў штрафны ізалятар.

Палітзьняволеная Алена Гнаўк цяпер адбывае пакараньне ў калёніі № 24 у Рэчыцкім раёне, дзе ўтрымліваюць тых, хто мае больш за адну судзімасьць.

Алена Гнаўк падчас сьледзтва трымала галадоўку, шмат дзён правяла ў карцары і ШЫЗА, ад чаго займела праблемы са здароўем. Паводле крыніцы, якая ведае яе становішча, Алена Гнаўк на ўмовы ў новай для сябе калёніі не наракае.

«Перавялі яе ў Рэчыцкі раён, у ПК-24, нядаўна. Бо над ёй быў суд, на якім дадалі дадатковы тэрмін. Таму як асобу, што мае некалькі судзімасьцяў, яе перавялі сюды. Ёй там нашмат лепш, чым у Гомлі, дзе яна сядзела раней. Таму што яна ў Гомлі не выходзіла з ШЫЗА, а тут да яе адносіны больш-менш нармальныя.

Агулам усё добра, яна там не сумуе. Шмат чытае кніг, піша лісты. Яна ўжо пэнсійнага ўзросту, на працу ня ходзіць, але шмат цікавіцца юрыдычнай літаратурай, бо сама юрыстка, і дзеліцца ведамі з новымі сяброўкамі. Ёй дазволеныя тэлефанаваньні, а ў Гомлі ўвогуле ўсё было забаронена. Яна па-ранейшаму актыўная, нязломная. Перадае вітаньні тым, хто на волі», — расказала пра Алену Гнаўк дасьведчаная крыніца.

У 2020 годзе Алена Гнаўк жыла ў Пружанах, адкуль прыяжджала на акцыі пратэсту ў Берасьце. У 2021 годзе жанчыну асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі» ў вядомай справе аб «карагодзе» — акцыі пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў, якая прайшла ў абласным цэнтры 13 верасьня і ўпершыню ў Беларусі была разагнаная з выкарыстаньнем вадамёта.

Падчас адбыцьця «хатняй хіміі» Алену Гнаўк зноў арыштавалі і судзілі паўторна паводле артыкулаў аб паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК). Гэта суд убачыў у пастах Алены Гнаўк у сацыяльных сетках, дзе праваабаронца расказала пра складанае становішча ў Беларусі эмігрантаў з Блізкага Ўсходу.

За свае словы Алена Гнаўк атрымала 3 гады зьняволеньня, адбываць пакараньне яе накіравалі ў жаночую калёнію ў Гомлі. Там Алена Гнаўк шмат дзён правяла ў ШЫЗА і ў выніку была асуджаная яшчэ на 1 год калёніі паводле 411 артыкулу КК, за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».

«Са здароўем у яе лепш, бо жыцьцё стала спакайнейшае», — расказаў пра Алену Гнаўк дасьведчаны чалавек.

Беларускія праваабаронцы прызналі Алену Гнаўк палітычнай зьняволенай. Усяго 66-гадовай пэнсіянэрцы давядзецца адседзець за кратамі 4,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG