У чэрвені 2023 году pressball.by быў заблякаваны Міністэрствам інфармацыі без паведамленьня рэдакцыі аб прычынах. На пачатку жніўня супрацоўнікі адкрылі сайт resport.by, аднак і ён менш як праз суткі быў заблякаваны.
6 кастрычніка адзіным уласьнікам спартовага выданьня стала Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футболу» (БФФ). Адпаведнае рашэньне было зацьверджанае на пасяджэньні выканкаму арганізацыі.
Фэдэрацыя набыла 50% долі ў статутным фондзе ТАА «Прэсбол-91»: па 10% — у Дзьмітрыя Беленькага (пакінуў газэту «Прессбол» каля трох гадоў таму) і Аляксандра Дабрыяна, яшчэ 30% — у Юрыя Арлова (дзеючыя супрацоўнікі).
З улікам таго, што БФФ ужо валодала паловай долі статутнага фонду ТАА «Прэсбол-91», яна стала адзіным яго ўладальнікам.
Продаж фэдэрацыі 50% долі ў статутным фондзе выданьня адбыўся на фоне фінансавых праблемаў, зь якімі мэдыя сутыкнулася пасьля блякаваньня сайту і страты рэклямных даходаў.
11 жніўня на 55‑м годзе жыцьця памёр галоўны рэдактар «Прессбола» Сяргей Лісічкін. Новы галоўны рэдактар дагэтуль не прызначаны.
Газэта «Прессбол» выходзіць са студзеня 1991 году.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.