А ўсяго на тэрыторыі Расеі плянуецца стварыць 20 беларускіх дыпляматычных місіяў.
«Гэта аптымальная схема з улікам цяперашняга ўзроўню нашых дачыненьняў» — сказаў Дзьмітры Круты.
Пра што сьведчыць такая «схема»? Найперш — пра істотнае скарачэньне міжнароднай актыўнасьці Беларусі, асабліва на заходнім кірунку, і ўсё шчыльнейшую залежнасьць ад замежнапалітычнай лініі Масквы.
Палітычная і эканамічная ізаляцыя з боку дэмакратычных краінаў, у якой апынуўся рэжым пасьля падзеяў 2020 году, мела вынікам, сярод іншага, істотнае скарачэньне дыпляматычнай прысутнасьці заходніх дзяржаў у Беларусі. У адказ на гэта афіцыйны Менск зьменшыў штат дыпляматычных сваіх місій у гэтых краінах, а ў шэрагу выпадкаў увогуле дзейнасьць гэтых місіяў прыпыніў.
Беларусы старэйшых пакаленьняў памятаюць, як успрымалі ў пачатку 1990-х, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, адкрыцьцё замежных дыпляматычных пляцовак у Менску і беларускіх амбасадаў у замежжы. Гэта было рэальным пацьверджаньнем прызнаньня міжнароднай супольнасьцю Беларусі як цалкам сувэрэннай краіны. Цяпер працэс набыў адваротны характар.
Шэраг палітычных аглядальнікаў сыходзяцца ў думцы, што згортваньне дыпляматычнай актыўнасьці Менску выгаднае Маскве, бо скарачае міжнародную суб’ектнасьць Беларусі, з аднаго боку, а з другога — дае магчымасьць самой Маскве прадстаўляць інтарэсы афіцыйнага Менску, прычым самім іх і вызначаць. Фармальным прыкрыцьцём для гэтага можа служыць «саюзная дзяржава», хай нават і не прызнаная ў якасьці самастойнага замежнапалітычнага суб’екта.
Але вернемся непасрэдна да ідэі адкрыцьця двух дзясяткаў консульстваў Беларусі на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Адрозна ад амбасадаў, функцыі якіх закранаюць шырокі спэктар дзейнасьці, ад палітыкі да эканомікі, уключна з адукацыйнымі, культурніцкімі, спартовымі стасункамі, консульствы, як правіла, займаецца бюракратычнымі пытаньнямі. Гэта афармленьне візавых дакумэнтаў для іншаземцаў, але найперш — паслугі для грамадзянаў сваіх краінаў: пацьверджаньне грамадзянства, выдача праязных дакумэнтаў у выпадку страты пашпартоў ці іх замена, натарыяльныя дзеяньні, абарона правоў грамадзянаў, якія знаходзяцца пад сьледзтвам альбо ў зьняволеньні, і гэтак далей.
Што тычыцца пашпартоў, дык зь нядаўняга часу іх можна атрымаць толькі на тэрыторыі Беларусі. Пра абарону правоў зьняволеных на фоне таго, што робіцца ў беларускіх турмах, успамінаць неяк не выпадае. Ну а візы для наведваньня Беларусі расейцам, як вядома, не патрэбныя.
Для чаго ж тады патрэбныя аж два дзясяткі консульскіх прадстаўніцтваў у расейскіх рэгіёнах?
Прасоўваньне трактароў і вобразу «гаранта»
Выглядае на тое, што ва ўмовах, калі клясычныя консульскія паслугі амаль не аказваюцца, на гэтыя місіі будуць ускладзеныя нейкія іншыя функцыі. Напрыклад, тыя, паводле якіх традыцыйна ацэньваецца эфэктыўнасьць дзейнасьці беларускіх амбасадаў і амбасадараў пэрсанальна ў замежных краінах — прасоўваньне прадукцыі беларускіх вытворцаў на мясцовы рынак.
Трактары, велікагрузныя аўтамабілі, тавары лёгкай прамысловасьці — тое, чаго ня возьмуць у Францыі ці ў Італіі, могуць узяць у Хабараўскім краі ці ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.
Як функцыі гандлёвага агента стасуюцца з дыпляматычным рангам, для Лукашэнкі справа дзясятая.
Нельга выключаць і прапагандысцкіх мэтаў: гэтак жа настойліва, як трактары, дыпляматы будуць прасоўваць міт пра «беларускую стабільнасьць» і яе «гаранта». І вобраз, які выклікае адмоўныя асацыяцыі ў Вільні ці ў Вашынгтоне, будзе з сымпатыямі ўспрыняты ў тых жа Калінінградзе ці Растове-на Доне.
Нават калі ўявіць, што Лукашэнка канчаткова разьвітаўся з марамі пра Крэмль, папулярызацыя ягонай асобы ў расейскіх рэгіёнах залішняй для яго ня будзе.
Сінэкура для сілавікоў і экс-дэпутатаў
Ёсьць і яшчэ адзін аспэкт гэтай тэмы — істотнае павелічэньне вакансіяў. Дакладней, замена тых, якія зьліквідавалі з прычыны згортаваньня дзейнасьці ў заходніх краінах. Дыпляматаў усё ж трэба хоць нечым заняць.
Зразумела, што кадравага дыплямата замена Жэнэвы ці Брусэля на Магадан альбо Ўладзівасток не ўзрадуе. Але ж нездарма праца завецца дыпляматычнай службай: куды радзіма паслала, там і служы. Хаця для выпускнікоў факультэту міжнародных адносінаў такая праца з пункту гледжаньня кар’еры выгадная: радок у біяграфіі і, ня выключана, хай і невялікі, але дыпляматычны ранг. Для афіцэраў жа КДБ ці іншых спэцслужбаў, якіх, як кажуць людзі дасьведчаныя, у беларускім МЗС робіцца ўсё болей, стварэньне двух дзясяткаў консульстваў дае дадатковую прастору для адпрацоўкі патрэбных навыкаў.
Шырокія магчымасьці ўзьнікаюць і для тых, хто кар’ерным дыпляматам не зьяўляецца. Практыка палітычных прызначэньняў на пасольскія пасады існавала ва ўсе часы і ў краінах як аўтарытарных, так і дэмакратычных. Гэта можа быць палітычная ссылка (як прыніжальнае накіраваньне Хрушчовым былога старшыні ўраду і кіраўніка МЗС Молатава паслом у Манголію) ці, наадварот, знак асаблівай увагі для краіны (экс-прэм’ер Расеі Чарнамырдзін у ролі амбасадара ва Ўкраіне ці дачка прэзыдэнта Кенэдзі, прызначаная Баракам Абамам паслом у Токіё).
Здараецца, што краіна, якая выйшла на дэмакратычны шлях разьвіцьця ці абвясьціла незалежнасьць, дасылае ў дыпляматычныя місіі «знакавых» асобаў. Гэтак было з Леўкам Лукьяненкам, былым савецкім дысыдэнтам, які правёў 26 гадоў у зьняволеньні, а ў 1992-м узначаліў пасольства Ўкраіны ў Канадзе (дзе вялікая ўкраінская дыяспара), альбо з падпісантамі «Хартыі-77», якіх Вацлаў Гавэл накіраваў пасламі ў эўрапейскія сталіцы.
Былі падобныя прызначэньні і ў Беларусі. Першым амбасадарам у Нямеччыне быў прызначаны дэпутат Апазыцыі БНФ, германіст Пётра Садоўскі (праўда, некаторыя лічылі, што тым самым Кебіч пазбавіў Беларускі Народны Фронт адзінага прадстаўніка ў Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, а міністар Краўчанка — пазбыўся пільнага кантролю з боку старшыні парлямэнцкай камісіі міжнародных справаў, бо Садоўскі быў вымушаны пакінуць гэтую пасаду пасьля прызначэньня амбасадарам).
А першым кіраўніком дыпляматычнай місіі незалежнай Беларусі ў Ізраілі быў дырэктар школы з Салігорскага раёну Міхаіл Фарфель, адзіны дэпутат Вярхоўнага Савета, у пашпарце якога ў адпаведнай графе было запісана «габрэй». Лічылася, што гэтым урад Беларусі дэманструе адмову ад палітыкі антысэмітызму, за якую СССР крытыкавалі.
Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі месца амбасадара ў Ізраілі заняў таксама дэпутат Вярхоўнага Савета і таксама настаўнік па адукацыі, выпускнік Віцебскага пэдагагічнага інстытуту Генадзь Лавіцкі. У адрозьненьне ад папярэдніка, ён меў і іншую адукацыю — Вышэйшыя курсы КДБ, плюс пагоны генэрал-лейтэнанта дзяржбясьпекі, і нават паўгода (зь лютага па ліпень 1994-га) пабыў старшынём КДБ Рэспублікі Беларусь.
Такое прызначэньне таксама было знакам пэўных пераменаў, праўда, ужо зусім іншага кшталту.
Лавіцкі быў першым, але не адзіным былым кіраўніком КДБ, які атрымаў ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара. Паслом у Бялград паехаў генэрал Уладзімер Мацкевіч, у Ерэване дыпляматычную місію ўзначаліў генэрал Сьцяпан Сухарэнка.
З апошніх дыпляматычных прызначэньняў высокапастаўленых сілавікоў прыгадаем экс-дзяржсакратара Савету бясьпекі, экс-міністра абароны генэрала Андрэя Радзькова, накіраванага паслом у Азэрбайджан.
Безумоўна, пасада консула ніжэйшая за пасаду пасла. Але і вартасьць «паслуг», зробленых кіраўніком сілавога ведамства Лукашэнку, значна большая, чым, напрыклад, з боку дэпутата ці кіраўніка камісіі Палаты прадстаўнікоў, ад якіх толькі і патрабавалася, што маўчаць і правільна галасаваць.
Крэсла генконсула з наданьнем рангу Надзвычайнага і Паўномоцнага дарадцы-пасланьніка (ці хаця б проста дарадцы-пасланьніка) — чым не ўзнагарода за чатыры гады служэньня ў якасьці дэпутата?
І адначасна — стымул для будучых дэпутатаў дзейнічаць паводле амплюа адной асобы, якая заявіла, што «прыйшла ў парлямэнт не палітыкай займацца».
Калі ж улічыць, што суб’ектаў у Расейскай Фэдэрацыі зусім ня 20, а 83 (без анэксаваных і не прызнаных міжнароднай супольнасьцю тэрыторый) — дык прастора для дыпляматычнай дзейнасьці як экс-дэпутатаў, так і сілавікоў уяўляецца амаль што бязьмежнай.
А што наконт прынцыпу ўзаемнасьці?
Нарэшце, гэта той самы выпадак, калі Масква можа скарыстаць распаўсюджаны ў дыпляматыі прынцып узаемнасьці.
Нельга не заўважыць, што ў беларуска-расейскіх узаемадачыненьнях ён дзейнічае надзвычай рэдка. Узяць хоць бы моўную сфэру: у Расеі няма ніводнай беларускамоўнай школы (і нават беларускай клясы), ніводнага пэрыядычнага выданьня (і ўвогуле СМІ) на беларускай мове. Могуць сказаць, што прадмет для прыкладу абраны вельмі няўдалы — у самой Беларусі ні ў водным з абласных цэнтраў няма ніводнай школы, дзе выкладаньне прадметаў вялося б на беларускай мове, на расейскую мову пераведзена практычна ўся рэгіянальная прэса (па-беларуску застаюцца толькі назвы выданьняў), але тым ня менш.
Наадварот, якраз такі прыклад красамоўна ілюструе тэзіс пра «ўзаемнае ўзбагачэньне культураў двух народаў», які дэкляраваўся пры стварэньні так званай “саюзнай дзяржавы”.
Дык вось у выпадку з консульствамі прынцып узаемнасьці Масква можа ахвотна рэалізаваць. Калі Менск стварае дыпляматычныя місіі ў расейскіх рэгіёнах — чаму б аналягічныя ўстановы Маскве не адкрыць у рэгіёнах беларускіх? І ня толькі ў ва ўсіх абласных цэнтрах, але і ў іншых гарадах, скажам, у Полацку, Маладэчне, Баранавічах, Лідзе Пінску, Бабруйску, Воршы, Салігорску?
У рэгіёнах Беларусі ўжо дзейнічаюць расейскія цэнтры, – такія, як «Русь» у Віцебску, мэта якога — «захаваньне адзінай адукацыйнай прасторы Расеі і Беларусі, узьяднаньне рускага народу», альбо «Расейскага культурна-асьветніцкага таварыства» ў Магілёве. Дыпляматычныя місіі маглі б значна пашырыць сфэру ўплыву «русского мира», які фактычна дэкляруецца ў якасьці элемэнту дзяржаўнай ідэалёгіі сучаснай Расеі.
І яшчэ адзін, на першы погляд, невялікі, але істотны бонус для Масквы. Некаторыя беларускія палітычныя аглядальнікі заўважаюць, што расейскія арганізацыі ўлады "спрабуюць кантраляваць, афіляваць са сваімі актывістамі. Мэтады рэпрэсій адпрацаваныя, калі трэба, любога рускамірскага актывіста рэпрэсуюць гэтак жа сама, як беларускага" (Вадзім Мажэйка).
Такія факты сапраўды былі — праўда, да 2020-году. Але калі нейкім «культурным цэнтам» па сумяшчальніцтве будзе кіраваць супрацоўнік консульства з дыпляматычным імунітэтам, за яго самога і за ягоную дзейнасьць Маскве будзе спакайней.
І ўвогуле, пад дыпляматычным прыкрыцьцём, як вядома, можна рабіць шмат розных спраў. У тым ліку і ня самых добрых.