Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маёмасьць Віктара Бабарыкі зноў выставілі на аўкцыён


Віктар Бабарыка ў часе судовага працэсу, 6 ліпеня 2021.
Віктар Бабарыка ў часе судовага працэсу, 6 ліпеня 2021.

На аўкцыёне, які арганізуе пляцоўка «БелЮрЗабесьпячэньня», зноў будуць прадаваць гадзіньнікі, якія належаць палітвязьню Віктару Бабарыку.

Тарг мяркуюць правесьці ў чацьвер, 26 кастрычніка, паведамляе «Зеркало».

З малатка прадаюць гадзіньнікі Vacheron Constantin і Patek Philippe, абедзьве мадэлі не ўдалося прадаць падчас мінулага аўкцыёну.

Для новага аўкцыёну пачатковы кошт гадзіньнікаў зьменшылі. Пачатковы кошт Vacheron Constantin быў 39 400 рублёў, а цяпер — 31 520 рублёў. Мадэль Patek Philippe была самай дарагой сярод выстаўленых на аўкцыён гадзіньнікаў Бабарыкі. Першапачаткова яе ацанілі ў 47 500 рублёў, цяпер — 38 000 рублёў.

Маёмасьць Віктара Бабарыкі пачалі прадаваць у 2021 годзе. З малатка пайшоў арыштаваны аўтамабіль Ford Fiesta. Таксама з аўкцыёнаў прадалі аптычны прыцэл і долі ў статутным капітале трох кампаній — «Прыватызінг», «Прававы дыялёг» і «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі». Сёлета ў верасьні прадалі сем наручных храномэтраў Віктара Бабарыкі.

  • Старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вылучаўся кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2020 году, меў самы высокі рэйтынг сярод усіх кандыдатаў. У чэрвені 2020 году яго арыштавалі, а ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата.
  • Віктару Бабарыку выставілі абвінавачаньне ў атрыманьні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі („адмываньні“) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 6 ліпеня 2021 году Вярхоўны суд асудзіў Віктара Бабарыку на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 5 тысяч базавых велічынь.
  • 26 красавіка 2023 году зьявілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з калёніі ў наваполацкую бальніцу са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам. З таго часу вестак ад яго не было.
  • Сёлета 6 сакавіка меў адбыцца аўкцыён для продажу трохпакаёвай кватэры ў Менску, якая належыць Сяргею Ціханоўскаму. Але таргі не адбыліся — не знайшлося ахвотнікаў яе набыць. Кватэру Ціханоўскіх выставілі на продаж, хаця ў ёй зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку непаўналетнія дзеці. Стартавая цана на нерухомасьць была ніжэйшая за рынкавую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG