Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога старшыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год калёніі строгага рэжыму


Зьміцер Дашкевіч. Ілюстрацыйны каляж
Зьміцер Дашкевіч. Ілюстрацыйны каляж

Суд Барысаўскага раёну прысудзіў яшчэ год калёніі строгага рэжыму былому старшыні «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу.

У судзе Барысаўскага раёну 19 кастрычніка вынесьлі прысуд палітзьняволенаму актывісту Зьмітру Дашкевічу, які павінен быў выйсьці на волю з папраўчай калёніі № 14 па заканчэньні тэрміну 11 ліпеня 2023 года.

Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»).

Судзьдзя Тацяна Дзеравянка прызначыла палітвязьню яшчэ адзін год калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пра гэта паведаміла ў Facebook жонка палітвязьня Наста Дашкевіч.

Зь іншых крыніц вядома, што суд, які пачаўся на мінулым тыдні, 11 кастрычніка, доўжыўся больш за тры дні.

У справе, паводле Насты Дашкевіч, напісалі, што нібыта «Зьміцер ня выйшаў на прагулку, адзін раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасьля начнога змаганьня з холадам».

«За гэта мой муж атрымаў 1 год строгага рэжыму. А дзеці атрымалі яшчэ адзін год бяз бацькавай любові»,— напісала Наста.

Перасьлед Зьмітра Дашкевіча

Зьміцер Дашкевіч, якому ў 2022 годзе прысудзілі 1,5 года зьняволеньня, адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 14 у Навасадах і мусіў выйсьці на волю 11 ліпеня, але на яго завялі новую крымінальную справу паводле арт. 411. КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).

Тады ж стала вядома, што на час сьледзтва палітвязьня з Навасадаў перавялі ў жодзінскае СІЗА. Паводле дасьведчаных крыніц, у СІЗА Жодзіна на Зьмітра Дашкевіча аказваюць моцны ціск, ён часта сядзіць у карцары.

На волі ў Зьмітра Дашкевіча чацьвёра непаўналетніх дзяцей, якіх глядзіць ягоная жонка Наста, таксама асуджаная Маскоўскім раённым судом — на 3 гады хатняй «хіміі».

Зьміцер Дашкевіч у 2012 годзе ўжо быў асуджаны дадаткова на год калёніі паводле 411-га артыкулу КК. Гэта адбылося пасьля таго, як Дашкевіч адбыў 2 гады, прызначаныя судом за «хуліганства», якое ён нібыта ўчыніў за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ў Менску.

Паводле пазьнейшага расьсьледаваньня ByPol, інцыдэнт, у выніку якога Зьміцер Дашкевіч разам з маладафронтаўцам Эдуардам Лобавым трапіў за краты, быў правакацыяй сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG