Грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку Ўкраіны ў складзе ўкраінскага войска з сакавіка 2022-га да чэрвеня 2023 году, зьвярнуўся ў Дзяржаўную міграцыйную службу з заявай па атрыманьне статусу ўцекача, але там на яго склалі пратакол аб парушэньні міграцыйнага заканадаўства і аштрафавалі.
Гэтыя падзеі адбыліся ў Цэнтральным міжрэгіянальным упраўленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны ў Кіеве. Прозьвішча беларускага грамадзяніна ў судовым рашэньні не называецца паводле патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства аб абароне пэрсанальных зьвестак.
Беларус аспрэчыў пастанову аб адміністрацыйнай адказнасьці, і судзьдзя стаў на ягоны бок — скасаваў пастанову міграцыйнай службы аб адміністрацыйным правапарушэньні і закрыў гэтую справу. У той жа час у судовым рашэньні адзначаецца, што заяву на атрыманьне статусу ўцекача прынялі для разгляду.
Пасьля звальненьня з вайсковай службы грамадзянін Беларусі, якому пагражае крымінальная адказнасьць на радзіме, неаднаразова спрабаваў атрымаць дакумэнты з вайсковай часткі, у якой служыў, а 14 жніўня 2023 году асабіста прыйшоў у міграцыйную службу, каб падаць заяву на атрыманьне статусу ўцекача.
Аднак міграцыйная служба не разгледзела яго заявы, а склала пратакол аб парушэньні тэрмінаў знаходжаньня іншаземцаў і пражываньні ва Ўкраіне без адпаведнага дазволу. Як вынікае з судовага рашэньня, пратакол аб парушэньні склалі ў той час, калі беларус прыйшоў у міграцыйную службу.