Таксама Хачатуран прыняў заяву аб тым, што Армэнія прызнае правамоцтвы Міжнароднага крымінальнага суда, паведамляецца на сайце прэзыдэнта Армэніі.
Раней ратыфікацыю дакумэнта падтрымаў парлямэнт Армэніі.
Армэнія падпісала Рымскі статут у 1998 годзе, але працэс ратыфікацыі перарваўся ў 2004 годзе пасьля таго, як дакумэнт прызналі супярэчным канстытуцыі Армэніі. У канцы 2022 году ўрад Армэніі аднавіў працэс ратыфікацыі.
Улады Армэніі абгрунтоўвалі неабходнасьць ратыфікацыі Рымскага статута пытаньнямі бясьпекі і падкрэсьлівалі, што ратыфікацыя дазволіць прыцягнуць да адказнасьці ў Міжнародным крымінальным судзе кіраўніцтва Азэрбайджану за магчымыя вайсковыя злачынствы ў Нагорным Карабаху.
- Міжнародны крымінальны суд сёлета выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Гэта азначае, што краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, павінны арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі ён будзе знаходзіцца на іхнай тэрыторыі.
- Міністэрства замежных спраў Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту пасьля таго, як армянскі ўрад накіраваў Рымскі статут у парлямэнт для ратыфікацыі.
- Раней у Крамлі заявілі, што ратыфікацыя Рымскага статуту МКС будзе надзвычай варожым для Масквы рашэньнем. У МЗС Расеі накіравала Армэніі ноту пратэсту і папярэдзіла аб нэгатыўных наступствах для двухбаковых адносінаў.
- У красавіку віцэ-сьпікер парлямэнту Армэніі Акоп Аршакян казаў, што ўлады краіны не зьбіраюцца арыштоўваць Пуціна.