Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, за што палітвязень Ігар Лосік трапіў у ПКТ, дзе знаходзіцца паўгода


Ігар і Дар'я Лосікі. Архіўнае фота
Ігар і Дар'я Лосікі. Архіўнае фота

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал аб’яднаньня былых беларускіх сілавікоў BelPol.

Паводле яго, палітвязень, журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік усё яшчэ знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) Наваполацкай калёніі № 1, куды трапіў не пазьней за сакавік 2023 году. Ужо паўгоду яго трымаюць у «інфармацыйным вакуўме», наведваньні адвакатаў і спатканьні са сваякамі Лосіку забароненыя, карэспандэнцыю яму не перадаюць.

Распавядаючы пра прычыны зьмяшчэньня Лосіка ў ПКТ, BelPol сьцьвярджае, што адміністрацыя калёніі зладзіла ў дачыненьні да яго правакацыю — спрабавала прымусіць чысьціць прыбіральню, што аўтаматычна цягне за сабой для зьняволенага набыцьцё «нізкага сацыяльнага статусу». На знак пратэсту журналіст-палітвязень у прыбіральні атраду парэзаў сабе шыю, але цяжкіх пашкоджаньняў не атрымаў.

Упершыню інфармацыя пра гэта зьявілася яшчэ ў сакавіку.

У якасьці пакараньня за «адмову ад работ» (г.зн. ад уборкі прыбіральні) яго зьмясьцілі ў ПКТ, аднак трымаюць яго там не аднаго, а разам зь іншымі зьняволенымі, якія за ім сочаць.

Да арышту Ігар Лосік працаваў кансультантам Радыё Свабода і кіраваў тэлеграм-каналам «Беларусь головного мозга». Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе гэта быў другі паводле праглядаў тэлеграм-канал у краіне.

25 чэрвеня 2020 году Лосіка арыштавалі і спачатку абвінавацілі ў «парушэньні грамадзкага парадку» за выкарыстаньне каналу нібыта дзеля масавых беспарадкаў напярэдадні выбараў.

Падчас затрыманьня Лосік быў пад вартай бяз права зносін і, як паведамляецца, пад пагрозай фізычнай расправы; на яго і ягоную сям’ю чынілі ціск, каб ён прызнаўся ў выстаўленых абвінавачаньнях.

Вызваліць Лосіка заклікалі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Хэльсынская камісія ЗША, Камісія правоў чалавека Тома Лантаса, кангрэсмэн ЗША Біл Кітынг, сьпікер Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн, Агенцтва глябальных СМІ ЗША і іншыя.

У студзені 2023 году суд прысудзіў жонцы Лосіка Дар’і два гады пазбаўленьня волі з абвінавачаньнем у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Палітычна матываваныя абвінавачаньні зьвязаныя з спробамі Дар’і хадайнічаць аб вызваленьні мужа. Эўразьвяз назваў прысуд «ганебным».

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG