У праекце ўзяла ўдзел лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская. Яна запісала відэа для Золатавай, якое апублікавала прэс-служба палітыка.
«Ты выконвала найвышэйшыя стандарты журналістыкі і была прыкладам для калег, — сказала Ціханоўская. — Як бы цяжка ні было, ты знаходзіла выйсьце зь любой сытуацыі. Сёньня кожны твой дзень — гэта маратон. Маратон барацьбы за жыцьцё, за здароўе, за ўласную годнасьць. Але я не сумняваюся, што ты зможаш вытрымаць гэтае выпрабаваньне».
«Рэпартэры бязь межаў» праводзяць кампанію «Паштоўкі для Марыны» з 6 верасьня па 6 лістапада, паведамляе «Зеркало». Акцыя накіраваная на падтрымку Марыны Золатавай і ўсіх палітвязьняў-журналістаў, да яе можа далучыцца любы ахвочы.
Для гэтага трэба напісаць словы падтрымкі на электронны адрас postcardsformaryna@rsf.org. 6 лістапада, у дзень нараджэньня Марыны, «Рэпартэры бязь межаў» перададуць гэтыя пасланьні ў амбасады Беларусі ў некалькіх краінах.
Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.
У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.
Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» паводле вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.
Марыну Золатаву абвінавацілі паводле:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці паводле прыкметы расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчынена групай асобаў або мела цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
17 сакавіка 2023 г. Менскі гарадзкі суд асудзіў Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку «Тут Бай Медыа» Людмілу Чэкіну на 12 гадоў зьняволеньня.
31 ліпеня 2023 г. Вярхоўны Суд пакінуў вырак бязь зьменаў.