Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмная адміністрацыя не паведамляе Рыгору Кастусёву вынікі анкалягічнага дасьледаваньня


Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота
Рыгор Кастусёў. Архіўнае фота

Пасьля ШЫЗА палітзьняволены экс-старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў скардзіцца на болі ў нагах.

Пасьля 10 сутак выйшаў з ШЫЗА палітзьняволены, былы старшыня партыі БНФ і былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў, які адбывае пакараньне ў калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.

Пра гэта Свабодзе са спасылкай на сваякоў паведаміў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які пражывае ў Польшчы. Паводле Антончыка, днямі Рыгор Кастусёў, выйшаўшы з ШЫЗА, змог патэлефанаваць сваякам.

«Расказаў, што цяпер вельмі баляць ногі. Ногі ацякаюць, бо ў яго моцны варыкоз. Ва ўмовах ШЫЗА з варыкозам вельмі цяжка. Ноччу даводзіцца ляжаць на голых дошках, а ўдзень нармальна немагчыма нават пасядзець», — апісаў Зьміцер Антончык сытуацыю Рыгора Кастусёва.

Паводле падлікаў сваякоў Кастусёва, з часу зьняволеньня ў яго гэты быў чацьвёрты тэрмін у штрафным ізалятары. За што гэтым разам быў пакараны палітвязень, сваякам невядома.

Былому старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву 66 гадоў. У верасьні 2022 году суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Яшчэ ў менскім СІЗА ў Рыгора Кастусёва дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Чарговае мэдычнае абсьледаваньне палітвязень прайшоў у жніўні, але пра вынікі агляду і аналізаў яму не паведамілі.

«Сваякі кажуць, што спадар Рыгор і цяпер, пасьля ШЫЗА, ня ведае вынікаў дасьледаваньня. Нічога ня кажуць. І ён больш нічога пра стан здароўя ня кажа», — сказаў Зьміцер Антончык.

Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG