Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімнае мастацтва. Расказваем пра онлайн-галерэю рэпрэсаваных твораў


Воля Шніп — мастацкая кіраўніца «Дому творцаў», куратарка «Мастацкай рэзыдэнцыі»
Воля Шніп — мастацкая кіраўніца «Дому творцаў», куратарка «Мастацкай рэзыдэнцыі»

Паразмаўлялі з мастацкай кіраўніцай «Дому творцаў» Воляй Шніп пра тое, зь якімі выклікамі сутыкаюцца беларускія мастакі на эміграцыі і як яны стварылі онлайн-каталёг працаў.

Воля Шніп — мастацкая кіраўніца «Дому творцаў», куратарка «Мастацкай рэзыдэнцыі», галоўная адміністратарка. Кажа, што ідэя онлайн-каталёгу зьявілася адразу, як у «Доме творцаў» пачалі працаваць з мастакамі, а стварылі яго каля двух тыдняў таму.

«Мы разумелі, што ёсьць вялікая праблема рэалізацыі мастацкіх твораў. Онлайн-каталёг — гэта першы крок, каб сабраць творы ўсіх мастакоў, якія праходзілі праз „Дом творцаў“. Цяпер мы на шляху да стварэньня інтэрнэт-крамы».

Воля Шніп
Воля Шніп

Такіх мастакоў ужо каля 40 чалавек. Большасьць твораў у каталёгу ананімныя — зь меркаваньняў бясьпекі, тлумачыць Воля.

«У нас была апошняя рэзыдэнцыя ў Беластоку, і шмат людзей прыехалі зь Беларусі. Гэта была іх часовая акцыя — прыехаць, удыхнуць вольнага паветра і паехаць зноў дадому. І гэта такі вялікі боль, што мы ня можам пісаць, хто гэта, бо гэтыя мастакі насамрэч вельмі вядомыя ў Беларусі. Калі чалавек набывае карціну, тады мы кажам, хто аўтар, бо ён павінен ведаць, чыю работу набывае. Гэта справядліва».

Карціна S-T
Карціна S-T

«Мы хочам прабівацца на эўрапейскі рынак»

Пасьля вымушанага пераезду за мяжу творцы сутыкаюцца са шматлікімі складанасьцямі, адна зь першых — жытло, кажа спадарыня Шніп.

«Вельмі часта творцы вымушаныя працаваць на нейкіх іншых працах, каб зарабіць на сябе, на дзяцей, каб нешта паесьці. Вось такая праблема, што яны ў нейкі вольны час сядзяць у сваіх кватэрах маленькіх, на кухеньках, у пакойчыках і малююць. Таму таксама ёсьць пытаньне з памяшканьнем, дзе ім разгортваць сваю творчасьць».

Воля дадае, што нават на саміх работах мастакоў адбіваюцца іх умовы жыцьця.

«Ты разумееш, што ў іх няма магчымасьці зрабіць вялікую, шырокую працу. Гэтая абмежаванасьць у кватэрных умовах бачная на карцінах мастакоў. Таму, канечне, праблема з памяшканьнем. Але мы працуем над гэтым пытаньнем».

Карціна Тацяны Савіч
Карціна Тацяны Савіч

Другая праблема — гэта рэалізацыя творцаў у эміграцыі, продаж мастацкіх твораў.

«Мы хочам прабівацца на эўрапейскі рынак, супрацоўнічаць з эўрапейскімі галерэямі. Бо, на жаль, мы разумеем, што беларусы, якія зьехалі, ня ўсе цікавяцца мастацтвам у розных яго тыпах. І, канечне, трэба рабіць выставы. Мы рабілі іх пакуль на беларускіх пляцоўках, адну на польскай у Беластоку. І далей мы хочам рабіць больш на польскіх, бо разумеем, што гэта вялікі шлях і крок для саміх мастакоў».

Па словах Волі Шніп, зараз «Дом творцаў» паступова рухаецца да таго, каб зрабіць жыцьцё розных творцаў лепшым.

«Мы сапраўды хвалюемся за гэта і хочам, каб усе працавалі там, дзе яны павінны быць. Калі ты творчы чалавек, ты павінен займацца творчасьцю».

Карціна Антося Радзівонава
Карціна Антося Радзівонава

«Хочам паказаць, што мы частка эўрапейскай культуры»

Куратарка каталёгу дадае, што ў польскіх галерэях сутыкаецца з рознай рэакцыяй на беларускае мастацтва.

«Колькі людзей, зьвязаных з мастацтвам, столькі і меркаваньняў. Бо мы размаўляем з адной галерэяй, яны толькі „за“, яны адкрытыя. У другой нам проста кажуць, што ў іх шчыльна ідуць выставы і да 2024 ці 2025 году яны расьпісаныя, там польскія мастакі».

Але Воля кажа, што ўсе мастакі падпадаюць пад агульны конкурс.

«То бок калі гэта будзе нейкі насамрэч круты праект, то ня будзе розьніцы, хто гэта — паляк, украінец, беларус, амэрыканец. Таму мы хочам рабіць сумесна добрыя, якасныя праекты, каб мы маглі паказаць, што мы частка эўрапейскай культуры».

Карціна Віктара Сяргея
Карціна Віктара Сяргея

Беларускія мастакі хочуць выходзіць на шырэйшы рынак, але і зацікавіць свайго гледача.

«Мы ўжо недзе 20 работ прадалі. Прадавалі карціны і ў Амэрыку, і па Польшчы, і ў Нямеччыну. Але нам трэба зацікавіць і свайго гледача, паказаць, што мы вельмі розныя, мы прыкольныя, і кожны можа знайсьці твор на свой густ, гэта дакладна. Калі ў нас адкрыецца інтэрнэт-крама, гэта будзе лягчэй зрабіць, бо і сам выгляд будзе больш прэзэнтабэльны».

Пляны ў «Дому творцаў» вялікія — выставы, рэзыдэнцыі, калябарацыі і шмат чаго яшчэ.

«Мы будзем працаваць у чатырох напрамках — гэта арт, фольк, тэатар і музыка. Вось у лістападзе ў нас стартуе цікавая музычная рэзыдэнцыя, я буду выступаць як кампазытарка, мы будзем зьбіраць розных творцаў. Потым мы плянуем яшчэ зрабіць арт-рэзыдэнцыю. Там у нас будзе вельмі цікавая куратарка, якая займаецца дыджытал-мастацтвам, скульптурай. Таму будзем рэалізоўваць такія сучасныя ідэі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG