Галасаваньне за адхіленьне Кевіна Маккарці ад пасады адбылося 3 кастрычніка з вынікамі: 216 «за» — 210 — «супраць».
Гэта першы выпадак у гісторыі ЗША, калі заканадаўцы Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за адстаўку свайго лідэра. Тры дні таму барацьба ўнутры Рэспубліканскай партыі паставіла Вашынгтон на мяжу частковага закрыцьця ўраду.
Пры галасаваньні, якое ініцыявалі некалькі рэспубліканцаў, аднапартыйцаў Маккарці, ніводзін дэмакрат не падтрымаў сьпікера.
Сьпікер Кевін Маккарці страціў пасаду амаль адразу пасьля таго, як Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект аб прамежкавым бюджэце ЗША. Гэты законапраект меў на мэце пазьбегнуць спыненьня працы ўраду, але не ўключаў выдаткаў на падтрымку Ўкраіны.
Як гэта адбылося? Інфармацыю сабрала ўкраінская рэдакцыя «Голасу Амэрыкі».
Раскол сярод рэспубліканцаў?
Большасьць рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў прагаласавала супраць адстаўкі Маккарці, за выключэньнем васьмі з ультраправага крыла гэтай партыі, якія і запатрабавалі адстаўкі сьпікера. Іх галасы ўзмацніла большасьць дэмакратаў, якія па партыйнай лініі падтрымалі адстаўку сьпікера-рэспубліканца. Цяпер Палата прадстаўнікоў павінна абраць новага сьпікера. Гэта першы такі выпадак у гісторыі ЗША.
Прапанову аб адстаўцы сьпікера Кевіна Маккарці падаў яго аднапартыец, прадстаўнік крайне правага крыла рэспубліканцаў, кангрэсмэн ад штата Флорыда Мэт Гейц. Адпаведны запыт Гейц зрабіў вечарам у панядзелак, 2 кастрычніка.
Мэханізм адхіленьня сьпікера ад пасады, які быў адной з умоў прызначэньня Маккарці, дазваляе любому сябру Палаты прадстаўнікоў прызначыць новыя выбары. Да таго ж паводле працэдуры пастанова аб зьняцьці сьпікера мае прыярытэт перад іншымі пытаньнямі.
Такім чынам, сам сьпікер Маккарці павінен быў уключыць патрабаваньне аб сваім звальненьні ў расклад заканадаўчых пасяджэньняў на працягу двух дзён пасьля падачы. Маккарці выставіў дакумэнт на галасаваньне на наступны дзень пасьля таго, як той быў прадстаўлены Мэтам Гейцам.
Маккарці запэўніваў, што перажыве галасаваньне аб звальненьні. Ён таксама адхіліў заявы, што мае дамоўленасьць з дэмакратамі наконт падтрымкі пры галасаваньні. Па словах Маккарці, перад галасаваньнем ён сказаў лідэру дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Хакіму Джэфрысу: «Рабіце ўсё, што лічыце неабходным», — цытуе Маккарці New York Times.
Перад галасаваньнем сам Джэфрыс у афіцыйным звароце патлумачыў, чаму дэмакраты падтрымаюць адстаўку Маккарці:
«Мы гатовыя знаходзіць агульную мову на шляху наперад. Але, на жаль, нашы ўльтраправыя калегі-рэспубліканцы не праявілі жаданьня рабіць тое ж самае. Цяпер усё залежыць ад Рэспубліканскай партыі, якая павінна спыніць вайну рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў. Улічваючы іх нежаданьне раз і назаўсёды парваць з MAGA-экстрэмізмам, кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў прагаласуе за прапанову рэспубліканцаў звольніць сьпікера».
І ўсе дэмакраты прагаласавалі за звальненьне Маккарці, далучыўшыся да васьмі рэспубліканцаў з ультраправага крыла, што і забясьпечыла ўхваленьне рашэньня.
Чаму зьнялі і як гэта зьвязана з Украінай?
Сярод прычын, чаму некаторыя аднапартыйцы дамагаліся зьняцьця сьпікера Маккарці, называлі ягонае супрацоўніцтва з дэмакратамі дзеля прыняцьця рэзалюцыі аб кароткатэрміновым фінансаваньні ўраду ЗША, а таксама адмову блякаваць дапамогу Ўкраіне.
«Увесь гэты тэатар з праваламі сьпікера Маккарці прывёў да таго, што ён аб’яднаўся з дэмакратамі, каб прыняць рэзалюцыю, якая працягвае фінансаваньне Ўкраіны і фінансуе ўмяшаньне Джэка Сьміта (спэцпракурора. — рэд.) у будучыя выбары супраць прэзыдэнта Трампа», — напісаў на сваім сайце Мэт Гейц пасьля таго, як унёс у Кангрэс рэзалюцыю аб звальненьні Маккарці.
Пазьней, камэнтуючы журналістам унясеньне хадайніцтва аб адстаўцы сьпікера, Гейц заявіў, што ягоныя аднапартыйцы не падтрымалі б прапанову аб адстаўцы, калі б сьпікер расказаў ім пра «сваю таемную ўгоду з Джо Байдэнам па Ўкраіне». Гэтую цытату Гейца распаўсюдзіла CNN.
Заклікаючы прагаласаваць за звальненьне Маккарці ў Палаце прадстаўнікоў у аўторак, 3 кастрычніка, Гейц зноў згадаў пра дапамогу Ўкраіне, якую ўльтраправыя рэспубліканцы заклікаюць цалкам спыніць, падаючы яе як перашкоду для вырашэньня надзённых унутраных праблем Злучаных Штатаў.
«Я быў занепакоены паведамленьнямі пра таемнае пагадненьне аб фінансаваньні Ўкраіны, якое дазволіла б выдзеліць больш грошай Украіне разам зь фінансаваньнем нашай уласнай паўднёвай мяжы. Якая абраза для нашых мытнікаў, памежнікаў і людзей, якія цярпяць празь неабароненасьць мяжы, што некаторыя мае калегі гатовыя змагацца за ўласную мяжу толькі пры ўмове, што яны могуць накіраваць ва Ўкраіну мільярды даляраў, каб добра прафінансаваць мяжу сваёй дзяржавы. Зь мяне хопіць», — заявіў Мэт Гейц у залі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
Дамоўленасьці аб Украіне
Камэнтуючы пазьбяганьне шатдаўну ў нядзелю, 1 кастрычніка, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў Маккарці і іншых лідэраў рэспубліканцаў выканаць сваё абавязаньне правесьці асобнае галасаваньне аб фінансаваньні Ўкраіны.
«Я спадзяюся, што мае сябры з супрацьлеглай палітычнай галіны стрымаюць слова аб падтрымцы Украіны. Яны сказалі, што зьбіраюцца падтрымаць Украіну ў асобным галасаваньні», — сказаў Байдэн і дадаў: «Мы ні пры якіх абставінах ня можам дапусьціць, каб амэрыканская падтрымка Ўкраіны была перапыненая».
На пытаньне журналістаў, ці будзе Байдэн давяраць Маккарці, калі «прыйдзе час наступнай угоды», Байдэн адказаў: «Мы толькі што заключылі пагадненьне па Ўкраіне. Так што пабачым».
У сваю чаргу Маккарці адмаўляе, што заключаў якія-небудзь пабочныя ўгоды наконт абяцаньняў фінансаваць Украіну. Але ён, зь ягоных слоў, сказаў дэмакратам, што калі зь цяперашнім кароткатэрміновым фінансаваньнем ураду ёсьць нейкая тэхнічная праблема, якая будзе перашкаджаць пералічэньню Кіеву ўжо даступных сродкаў, то гэта можна вырашыць, перадае CNN.
«Ніякай пабочнай дамоўленасьці няма. Я ня ведаю, хто і адкуль гэта бярэ. Няма пабочнай дамоўленасьці адносна Ўкраіны», — сказаў Маккарці журналістам у Капітоліі.
Што далей?
Неабходнасьць абраць новага сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адкладае на наступны год разгляд 12 законапраектаў аб выдатках на фінансаваньне ўраду ЗША, а таксама імаверны разгляд дадатковага фінансаваньня Ўкраіны.
Пастанова аб кароткатэрміновым фінансаваньні ўраду ЗША адклала патэнцыйнае спыненьне працы да 17 лістапада.
Пасада сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША — трэцяя пасьля прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША ў чарзе на кіраваньне краінай на выпадак непрадбачаных падзей, калі што-небудзь здарыцца зь цяперашнім кіраўніцтвам краіны. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за адстаўку свайго лідэра ўпершыню ў гісторыі ЗША. Гэта адбылося адразу пасьля таго, як рознагалосьсі ўнутры Рэспубліканскай партыі паставілі Вашынгтон на мяжу частковага спыненьня працы ўраду.
Рэспубліканцы кантралююць палату зь невялікай перавагай у 221 голас супраць 212, і толькі пяць галасоў рэспубліканцаў патрабавалася, каб зьняць сьпікера, пры ўмове, што прапанову Гейца падтрымаюць усе дэмакраты. Падчас галасаваньня аб ініцыятыве зьняць Маккарці ніводзін дэмакрат не падтрымаў сьпікера.
Гейц і іншыя ўльтраправыя рэспубліканцы абураныя тым, што Маккарці паклаўся на галасы дэмакратаў, каб прыняць меры для часовага працягу фінансаваньня ўраду.
Гейц быў адным з больш як дзясятка рэспубліканцаў, якія неаднаразова галасавалі супраць вылучэньня Маккарці на пасаду сьпікера ў студзені. Урэшце Маккарці заняў гэтую пасаду пасьля 15 тураў галасаваньня.
«У выпадку з Мэтам, верагодна, гэта нешта асабістае. Не падобна, што ён клапоціцца пра краіну або інстытуцыю», — сказаў Маккарці. Гейц адмаўляў, што мае да Маккарці асабістую непрыязь.
Іншыя рэспубліканцы заявілі, што Кангрэс павінен засяродзіцца на заканатворчасці, а не на ўнутранай барацьбе. «Краіне ня трэба больш драмы», — заявіў прадстаўнік рэспубліканцаў Стыў Уомак.