Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насельніцтва Беларусі старэе: за год колькасьць людзей сталага веку вырасла амаль на 3%, маладых — зьнізілася на 1,4%, — Белстат


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вясковыя бабулі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вясковыя бабулі

У Беларусі на 1 студзеня 2023 году пражывала 1 517 148 грамадзян сталага веку (ва ўзросьце 65 гадоў і больш) — на 2,74% больш, чым на 1 студзеня 2022 году (1 476 736).

Пра гэта гаворыцца ў аглядзе да Дня людзей сталага веку (адзначаецца штогод 1 кастрычніка), падрыхтаваным Нацыянальным статыстычным камітэтам.

Доля пажылога насельніцтва ў гарадах склала 72,4% (годам раней — 72%), на вёсцы — 27,6% (28%). Гендэрны падзел: жанчыны — 66,6%, мужчыны — 33,4%.

Паводле зьвестак Белстату, колькасьць моладзі ва ўзросьце 14-30 гадоў на 1 студзеня 2023 году складала 1 640 287 чалавек, што на 1,38% менш, чым на пачатак 2022 году (1 663 261 чалавек).

За апошнія тры гады колькасьць насельніцтва Беларусі скарацілася на 209 642 чалавекі (-2,23%). На пачатак гэтага году ў Беларусі пражывала 9 200 617 чалавек, на пачатку 2022-га — 9 255 524 чалавек, 2021-га — 9 349 645, 2020-га — 9 410 259.

Зьвесткі пра беларусаў, якія зьехалі з краіны, трагічныя для нацыянальнай эканомікі, заявіла на брыфінгу 18 траўня старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

«У Беларусі і так існуе праблема старэньня насельніцтва, і стаіць пытаньне, колькі людзі, якія працуюць зараз, змогуць забясьпечваць пэнсіянэраў. У будучыні гэты працэс будзе толькі пагаршацца нават зыходзячы з чыста дэмаграфічных фактараў, з улікам таго, што зьяжджаюць менавіта маладыя людзі, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру. Таму, безумоўна, міграцыя беларусаў — гэта ўпушчаныя магчымасьці для нацыянальнай эканомікі», — сказала экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG