Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім мэтро зрабілі паказальнікі на беларускай і расейскай мовах, без лацінкі. ФОТА


Паказальнік станцый у менскім мэтро. 2023
Паказальнік станцый у менскім мэтро. 2023

Новыя паказальнікі заўважылі на трох станцыях менскага мэтро.

Паводле чытача Свабоды, новыя паказальнікі, з расейскай мовай замест беларускай лацінкі, ужо павесілі на станцыях «Пятроўшчына», «Грушаўка», «Інстытут культуры».

Раней старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Кухараў заявіў, што ў мэтрапалітэне зьявяцца паказальнікі на расейскай мове:

«Цяпер праводзім гэтую працу на прыпыначных пунктах. Адначасова яе не зрабіць празь вялікі аб’ём. Пытаньне адпрацоўваем сыстэмна. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам мы яго ўрэгулюем», — сказаў Кухараў.

Чакаецца, што ў менскім мэтро зьменяць паказальнікі зь беларускай лацінкай, трансьлітарацыю выканаюць паводле новых правілаў, зацьверджаных пастановаю Дзяржаўнага камітэту маёмасьці.

Табло 3-й (Зеленалускай) лініі менскага мэтро. Так паказальнікі выглядалі раней: назвы па-беларуску кірыліцай і лацінкай
Табло 3-й (Зеленалускай) лініі менскага мэтро. Так паказальнікі выглядалі раней: назвы па-беларуску кірыліцай і лацінкай

Адмяніць «Інструкцыю ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту» дамагаліся прарасейскія актывісткі Вольга Бондарава і Юлія Дударэнка. Улады некалькі месяцаў працавалі над зьменамі.

Дзяржаўны камітэт маёмасьці прыняў рашэньне 24 сакавіка, дакумэнт апублікавалі 4 красавіка. Пастанову ўзгаднілі МУС, МЗС, Міністэрства культуры і Акадэмія навук Беларусі.

Трансьлітарацыю цяпер можна рабіць і з расейскай мовы. Такім чынам, новы дакумэнт зацьвердзіў інструкцыю, паводле якой цяпер мусіць адбывацца трансьлітарацыя геаграфічных назваў зь беларускай і расейскай на іншыя мовы.

Створана табліца, якая ўніфікуе перадачу беларускіх і расейскіх гукаў лацінскай графікай. Так, беларускі фрыкатыўны гук Г патрабуецца перадаваць лацінскай літарай G, якая азначае выбухны гук, як у расейскай. Літару «ж» трэба перадаваць як «zh», «ч» — як «ch», «ш» — як «sh». Беларускую літару «ў» перадаюць як «w».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG