Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абсалютны рускамірац». Што вядома пра беларускага сьвятара, якога выслалі з Баўгарыі


Сьвятар Яўген Павяльчук, каляж
Сьвятар Яўген Павяльчук, каляж

Айцец Яўген Павяльчук быў адказаны за ўзаемадзеяньне з Узброенымі сіламі ў Горадзенскай япархіі. А таксама ўдзельнічаў у хрэсным ходзе пад расейскімі імпэрскімі сьцягамі.

На мінулым тыдні Дзяржаўнае агенцтва нацыянальнай бясьпекі Баўгарыі абвесьціла, што з краіны высылаюцца трох служак Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) з прычыны пагрозы нацыянальнай бясьпецы краіны, бо іхная дзейнасьць зьвязаная «з рэалізацыяй розных элемэнтаў гібрыднай стратэгіі РФ у мэтанакіраваным узьдзеяньні на грамадзка-палітычныя працэсы ў Баўгарыі на карысьць расейскіх геапалітычных інтарэсаў».

Усе гэтыя людзі ў той ці іншай ступені зьвязаныя зь Беларусьсю, цяпер ім забаронены ўезд у Баўгарыю на пяць гадоў.

Баўгарскія спэцслужбы назвалі толькі ініцыялы высланых, але дастаткова хутка з расейскіх афіцыйных крыніц стала вядома, што гаворка вядзецца пра двух грамадзян Беларусі (протаярэя Яўгена Павельчука і Ўладзімера Банько), а таксама грамадзяніна Расеі, архімандрыта Васіяна (Мікалая Зьмеева).

Усе яны былі супрацоўнікамі падвор’я РПЦ у Сафіі. Расказваем, што пра іх вядома.

Служыў у сакрэтнай вайсковай частцы пад Масквой

Протаярэю Яўгену Павельчуку 57 гадоў, нарадзіўся ён у вёсцы Рудск Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

На сайце Менскай япархіі напісана, што Павельчука ў 1995 годзе пасьвяцілі ў дыяканы, а ў 2004-м — у сьвятары. Скончыў ён Менскую духоўную сэмінарыю (2002) і Кіеўскую духоўную акадэмію (2009).

У адным зь інтэрвію Яўген Павяльчук успамінаў, што прыйшоў да Бога праз сваю бабулю. У арміі ён служыў у Маскоўскай вобласьці, у частцы 28000 войскаў супрацьракетнай абароны.

«У лесе два гады бяз выездаў. Сакрэтная частка. Але на другім годзе мяне прызначылі на пасаду „сакрэтчыка“ (справавода) сакрэтнага аддзелу. Пасада вельмі адказная, але разам з тым зьявілася дастаткова шмат свабоднага часу. Я шмат чытаў, яшчэ больш думаў. Менавіта ў арміі ў маё сэрца ўвайшла думка, што Бог ёсьць», — успамінаў Павяльчук.

Пасьля войска ён паступіў у Інстытут культуры. А па сканчэньні вучобы паехаў разам з жонкай Ірынай у Горадню. Там быў загадчыкам дома культуры. У Горадні ж удзельнічаў у праваслаўным жыцьці.

Засноўваў «праваслаўныя вайскова-патрыятычныя клюбы»

Як сьвятар Павяльчук служыў у Шчучыне, дзе пачаў будаўніцтва Богаяўленскага храма. Там ён праслужыў чатыры гады.

Менавіта ў Шчучыне Павяльчук заснаваў праваслаўны вайскова-патрыятычны клюб «Дружына». Пятнаццацігодзьдзе гэтага ўтварэньня адзначалася летась, на ім асабіста прысутнічаў памочнік Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці і экс-міністар унутраных справаў Юры Караеў.

Прысягу ўдзельнікі дружыны прымалі пад сьцягам з выявай расейскага князя Аляксандра Неўскага. Яшчэ ў 2015 годзе «Наша ніва» рабіла расьсьледаваньне пра дзейнасьць «Дружыны» і іншага падобнага клюбу «Славяне» (яго ў Горадні таксама заснаваў Павяльчук). Інструктарамі для падлеткаў выступалі носьбіты ідэалёгіі «русского мира», удзельнікі казацкіх фармаваньняў. Сам Павяльчук гаварыў, што ня бачыць у гэтым нічога благога.

У такія клюбы найперш набіраюць так званых «цяжкіх» падлеткаў, якія праходзілі праз Інспэкцыю ў справах непаўналетніх. Іх там вучаць рукапашнаму бою, стральбе зь пісталетаў і аўтаматаў, выжываньню, асновам мэдыцынскай дапамогі.

На сваёй старонцы «ЎКантакце» клюбы «Славяне» і «Дружына» адкрыта зьмяшчалі абвесткі, каб далучыцца «к православной вайне за русских, Новороссию и Россию».

Хрэсны ход пад расейскім імпэрскім сьцягам

Нярэдка Яўген Павяльчук зьяўляўся ў кампаніі казакоў з груповак «Казацкі спас» і «Нёманскія казакі». На мерапрыемствах прысутнічалі і людзі з «Россотрудничества». Падрабязна гэтыя сувязі ў публікацыі на сайце Informnapalm апісаў журналіст Дзяніс Івашын, цяпер палітзьняволены.

Адметны выпадак з удзелам айца Павельчука адбыўся ў верасьні 2015 году. Тады ён удзельнічаў у хрэсным ходзе ў мястэчку Сапоцкін, прысьвечаным 101-й гадавіне зьяўленьня Прасьвятой Багародзіцы ў Аўгустоўскіх лясах.

Такія падзеі зусім ня рэдкасьць, але на той раз удзельнікі чамусьці ўзялі з сабой чорна-жоўта-белыя сьцягі Расейскай імпэрыі, якім цяпер карыстаюцца расейскія шавіністы. У шэсьці ўдзельнічалі прадстаўнікі Горадзенскай памежнай групы.

Адказнасьць за імпэрскія сьцягі тады ўзялі на сябе прадстаўнікі арганізацыі «Казацкі спас» зь Менску. Удзельнікі таго ходу таксама замацоўвалі на гістарычных аб’ектах «георгіеўскія» стужкі.

«Лічыў беларусаў часткай расейскага народу»

У лістападзе 2008 году айца Яўгена Павельчука перавялі сьвятаром у Сьвята-Пакроўскі катэдральны сабор у Горадні, дзе ён праслужыў дзевяць гадоў.

«Абсалютны рускамірац, — кажа ў размове са Свабодай пра Павельчука адзін са сьвятароў, які ў той час таксама працаваў у Горадні. — Адмаўляў беларусам у праве на самастойнасьць, лічыў часткай расейскага народу».

Суразмоўца Свабоды падкрэсьлівае, што Павяльчук заўжды быў прыхільным да казацкага руху, часта наведваў мерапрыемствы ў Маскве. Празь нейкі час у яго ўзьнік канфлікт з архіепіскапам Горадзенскім Арцеміем (Кішчанкам).

«Калі патрыярх Кірыл прызначыў мітрапалітам у Беларусь Паўла (Панамарова), то адначасова ён паставіў прадстаўніком РПЦ па Беларусі архімандрыта Васіяна (Зьмеева). Гэта былі такія „вушы і вочы“ Кірыла ў Беларусі. І Павяльчук наскардзіўся Зьмееву на тое, што япіскап Арцемі хоча аўтакефаліі, разважае пра беларусізацыю царквы. Павяльчук быў такім інфарматарам Зьмеева ў Горадні», — расказвае сьвятар.

Папрацаваў у Сьвята-Лізавецінскім манастыры

У выніку Яўген Павяльчук пакінуў Горадзенскую япархію і апынуўся ў Сьвята-Лізавецінскім манастыры, вядомым асяродку «русского мира» ў Беларускай праваслаўнай царкве.

«Як у раі», — так апісваў Павяльчук свой час знаходжаньня ў Сьвята-Лізавецінскім манастыры. Там ён адказваў за рух барацьбы з алькагалізмам і за цьвярозасьць.

«Тое, што ён апынуўся ў айца Андрэя Лемяшонка, зусім не выпадковасьць, — кажа сьвятар, які захацеў застацца ананімным. — У іх вельмі падобныя погляды палітычныя. Пры ўсім гэтым варта сказаць, што вакол Павельчука гуртавалася шмат людзей. Ён быў такім дастаткова аўтарытэтным духоўнікам».

У сакавіку 2018 году архімандрыта Васіяна (Зьмеева) зь Беларусі перавялі прадстаўніком РПЦ у Баўгарыю. У лістападзе 2020 году Яўгена Павельчука таксама накіравалі на служэньне на падвор’е РПЦ у Сафіі пад амафор архімандрыта Васіяна.

Баўгарская служба Радыё Свабода паведамляе, што архімандрыт Васіян (Зьмееў) актыўна ўмешваўся ў дзейнасьць Македонскай праваслаўнай царквы. «Наведваў Паўночную Македонію для выкананьня функцый расейскай выведкі з мэтай унясеньня расколу ў Македонскую царкву», — гаворыцца ў публікацыі.

Што тычыцца яшчэ аднаго супрацоўніка падвор’я РПЦ у Сафіі, беларуса Ўладзімера Банько, то ён не зьяўляецца сьвятаром. На сайце падвор’я шмат фатаздымкаў, аўтарства якіх належыць Банько.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG