Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанава назвала «бруднай хлусьнёй» абвінавачаньні на адрас Беларусі ў дапамозе расейскай агрэсіі. Разьбіраем яе заявы на прадмет хлусьні


Натальля Качанава. Архіўнае фота.
Натальля Качанава. Архіўнае фота.

Менск «нязьменна гатовы выступаць» пляцоўкай для дыялёгу «па ўрэгуляваньні сытуацыі на тэрыторыі Ўкраіны», сьцьвярджаецца ў заяве старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Натальлі Качанавай, апублікаванай дзяржаўнай газэтай «Звязда» (сузаснавальнікі — абедзьве палаты парлямэнта і ўрад).

Паводле яе слоў, зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў 2022 годзе на беларускай зямлі адбылося «тры раўнды перагавораў Расеі і Ўкраіны».

Аднак Качанава не згадала, што зь першага дня поўнамаштабнай вайны на ўкраінскую тэрыторыю ўрываліся ў тым ліку тыя расейскія войскі і ляцелі тыя ракеты, што былі дыслякаваныя ў Беларусі — са згоды кіраўніцтва краіны. Апрача таго, Менск надаў РФ усю неабходную для ажыцьцяўленьня агрэсіі транспартную і вайсковую інфраструктуру, у Беларусі лячыліся і навучаліся расейскія вайскоўцы.

Старшыня СР НС сьцьвярджае, што «тысячы ўкраінскіх грамадзян, вымушаных уцячы ад баявых дзеяньняў, хаосу і разрухі», у Беларусі «набылі другі дом», а таксама «практычна ўраўнаваныя ў правах з беларусамі».

«Украінскія дзеці рэгулярна праходзяць рэабілітацыю ў беларускіх аздараўленчых лягерах, дзякуючы чаму могуць адчуць шчасьлівае і бесклапотнае дзяцінства. Няўжо хто-небудзь з краін Захаду прыняў такія гуманныя рашэньні?» — задалася пытаньнем яна.

Кіеў разглядае падобныя дзеяньні як незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. За іх дэпартацыю Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго, каб МКС выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Лукашэнкі. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.

На падставе ўсіх выкладзеных ёю аргумэнтаў Качанава заявіла: «Усе абвінавачваньні нашай дзяржавы нібы ў дапамозе агрэсіі — поўны абсурд і брудная хлусьня». «Мы, як ніхто іншы, зацікаўленыя ў больш хуткім мірным урэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. Беларусь вітае зьяўленьне ўсё большай колькасьці краін, якія прапануюць разумныя мірныя ініцыятывы ў мэтах доўгатэрміновага міру і стабільнасьці ў эўразійскім рэгіёне», — адзначыла яна.

«Нягледзячы на ўсю складанасьць геапалітычнай абстаноўкі, мы спрабуем захаваць нармальныя адносіны з народамі, якія пражываюць на тэрыторыі ЗША, Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін ЭЗ, Украіны. Насуперак адкрытым правакацыям і спробам уцягнуць Беларусь у тыя ці іншыя рэгіянальныя рознагалосьсі, мы не ідзём шляхам канфрантацыі», — сьцьвярджае Качанава.

Усе вышэйпералічаныя ды іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленьне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair і наступны арышт апазыцыянэраў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі.

Беларусь «як краіна — заснавальніца ААН», адзначыла кіраўніца верхняй палаты парлямэнта, «ня можа стаяць убаку» ад таго, што адбываецца ў сусьветнай арганізацыі. На яе думку, ААН мусіць адаптавацца да «аб’ектыўных тэндэнцый міжнародных адносін» і паскорыць «рэформу Рады Бясьпекі за кошт пашырэньня прадстаўленасьці ў ім краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі». З асобнымі краінамі гэтых рэгіёнаў Менск апошнім часам спрабуе ўзмацніць сувязі — у процівагу страчаным стасункам з дзяржавамі Захаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG