Як піша БАЖ, паводле папярэдніх зьвестак, у былога журналіста сайту «Першы рэгіён» на мяжы праверылі мабільны тэлефон, а пасьля яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізялятар часовага ўтрыманьня ў Берасьці.
У БАЖ мяркуюць, што магчыма, Сяргея Гардзіевіча будуць вінаваціць паводле артыкула 19.11 КаАП — «за распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць». Іншых акалічнасьцяў затрыманьня няма.
Сяргей Гардзіевіч раней супрацоўнічаў зь незалежным інтэрнэт-парталам «Першы рэгіён» і быў карэспандэнтам гэтага сайту ў Дарагічыне.
2 жніўня 2021 года суд Янаўскага раёну прызнаў Сяргея Гардзіевіча вінаватым паводле трох крымінальных артыкулаў: у абразе прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў, у паклёпе і публічнай абразе Лукашэнкі.
Журналіст у судзе віны не прызнаў, але быў пакараны пазбаўленьнем волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму. Яго прызнавалі палітвязьнем. Большую частку пакараньня журналіст адбываў у папраўчай калёніі № 17 у Шклове і выйшаў на волю ў канцы кастрычніка 2022 году.