Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней мне хапала 800 рублёў, цяпер трэба 1200-1500». Як інфляцыя павялічвае кошт перадач для вязьняў


Чарга людзей з перадачамі ў турму на Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота
Чарга людзей з перадачамі ў турму на Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота

Па дадзеных «Вясны», у Беларусі 1519 палітвязьняў. Свабода пагутарыла са сваякамі палітвязьняў, каб даведацца, як інфляцыя адбілася на кошце перадач у СІЗА і калёніі, а таксама ці проста сёньня знаходзіць у продажы неабходныя для зьняволеных рэчы.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Гарбунова выказвалася, што за «палітыку» ў Беларусі сядзяць каля 5 тысяч чалавек.

Беларускія ўлады прагназуюць, што сёлета памер гадавой інфляцыі ў краіне складзе каля 8%. І гэта менш, чым было ў папярэднія гады, калі памер інфляцыі перавышаў 10%. За тры гады, што прайшлі з апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, найбольш у Беларусі даражэлі харч і паслугі, цэны на прамысловыя тавары расьлі ня так моцна.

Сярэдні заробак на перадачы

У Алесі (імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) блізкі сябар ужо год у СІЗА. За гэты час, кажа беларуска, значна вырасьлі цэны на прадукты і сродкі гігіены.

«Падаражэла ўсё літаральна. Шмат што адразу ў два разы. Дэфіцыту няма ніякага, але цэны вырасьлі», — кажа Алеся.

У СІЗА на працягу месяца для вязьня можна перадаць 30 кіляграмаў дазволеных прадуктаў і рэчаў. Плюс дадаткова можна паслаць пасылку ці бандэроль. Іх вага не ўваходзіць у гэтыя 30 кіляграмаў.

Алеся кажа, што ў сярэднім адна перадача (яна перадае іх два разы на месяц, прыкладна па 15 кіляграмаў) у яе забірае 300 рублёў.

«У нашым горадзе 600 рублёў — нармальны заробак. Гэта значыць, за перадачы трэба аддаць заробак. Добра, калі ёсьць каму дапамагаць», — зазначае беларуска.

Для сябра яна купляе каўбасу, сыр, сала, «нешта салодкае», каб яго парадаваць, садавіну, гародніну.

У СІЗА ёсьць крама, дзе можна купіць прадукты і неабходныя рэчы. Алеся кажа, што там усё даражэйшае. Плюс у тым, што прадукты з турэмнай крамы ня будуць перапакоўваць, як гэта трэба рабіць зь перадачай з дому. Супрацоўнікі СІЗА патрабуюць разгарнуць кожную цукерку, парэзаць каўбасу і баўгарскі перац.

«Яшчэ ў турэмнай краме можна купіць пірожныя з крэмам, сканворды — тое, чаго нельга перадаць з дому. Таму я карыстаюся іх паслугамі», — кажа Алеся.

Перадачы правяраюць супрацоўнікі турмы, каб не было чаго «забароненага».

«Нарвалася на супрацоўніцу турмы, якая была не ў гуморы і злосна працінала ўсе прадукты нажом. Яна торкала нажом у кожную галоўку часнаку. Я запомніла гэтую карціну», — дадае беларуска.

Напружаны момант — адстаяць у чарзе на перадачу. Алеся кажа, у сярэднім гэта займае каля 4 гадзін.

«Трэба падыходзіць да перадач з галавой»

Асаблівы клопат блізкіх — здароўе вязьняў. Сваякі зьняволеных кажуць, што ў турме вельмі блага з мэдыцынскай дапамогай і прыёмам нават неабходных лекаў. Таму, кажа Алеся, «трэба да перадач падыходзіць з галавой». Яе сябра мае праблемы з сэрцам. Таму жанчына выбірае такія прадукты, якія зьмяшчаюць магній, калій, кальцый.

«Абавязкова купляю курагу, кунжут, іншае ўсё, што зьмяшчае неабходныя мікраэлемэнты», — кажа беларуска.

Праблема для блізкіх — перадаць лекі. «Напрыклад, мой сябра хварэе, але ня ведае, якія лекі яму патрэбны. Тады мы пішам, што табе трэба такія і такія лекі. Ён піша заяву на імя начальніка мэдычнай часткі. Той нешта дазваляе, нешта не. Часта вельмі мала ён дазваляе зь лекаў. Тады сябра піша нам, што менавіта дазволілі. І мы зьбіраем мэдыцынскую перадачу», — тлумачыць Алеся.

Яна дадала, што ў зборах у турму вельмі дапамагае група сваякоў у сацыяльных сетках.

«Там заўсёды падкажуць, што можна, а што нельга, дадуць парады, падтрымаюць. Такое кам’юніці гора», — дадала Алеся.

«Новую перадачу пачынаю зьбіраць адразу, як завязу папярэднюю»

У Кацярыны муж адбывае пакараньне ў калёніі паводле «палітычнага» артыкулу. Ён на агульным рэжыме, таму на год дазволена чатыры перадачы, але не часьцей, чым раз на тры месяцы. Кацярына кажа, што на многія рэчы ці прадукты ў перадачы цана вырасла ўдвая. Напрыклад, на сродкі для галеньня. Паводле яе, раней, год-паўтара таму, ёй хапала на перадачу (50 кіляграмаў) 800 рублёў. Цяпер яна траціць ад 1200 да 1500. Гэта ня толькі прадукты, але і бялізна, абутак, адзеньне, сродкі гігіены, сшыткі, асадкі і іншае.

Беларуска кажа, што ёй асабіста часам цяжка знайсьці мясныя чыпсы, узімку — садавіну і гародніну.

«Як толькі я адвезла перадачу, тут жа пачынаю зьбіраць новую. Бо першае — грошы. Я не магу адразу выдаткаваць больш за тысячу рублёў на ўсё. Другое — трэба пахадзіць па крамах, рынках, пашукаць, дзе таньней», — тлумачыць Кацярына.

У калёнію яна вязе гэта ўсё ў чатырох «вялікіх торбах».

«Муж ня курыць. Але цыгарэты ў калёніі — гэта валюта. За іх можна нешта купіць, абмяняць. Таму мушу купляць і некалькі блёкаў цыгарэт», — дадала яна.

Колькі перадач можна перадаць для асуджаных у калёнію?

  • Перадачу (ці пасылку) да 50 кіляграмаў у калёніі агульнага рэжыму можна атрымліваць 4 разы на год (не часьцей, чым раз на тры месяцы) і 2 бандэролі.
  • У калёніі ўзмоцненага рэжыму дазволена 3 перадачы ці пасылкі на год і 2 бандэролі.
  • У калёніі строгага рэжыму можна 2 пасылкі (перадачы) і 2 бандэролі.
  • У крытай турме можна толькі 1 пасылку (перадачу) на год і 2 бандэролі.
  • Палітычных часта пазбаўляюць за нібыта «парушэньні» пасылак і перадач.


Сьпіс адной стандартнай перадачы «па мінімуме» ў калёнію (да 50 кг)

Прадукты харчаваньня

1. Макарона хуткага прыгатаваньня (20 пачкаў) — 20 руб.

2. Бульбяное пюрэ хуткага прыгатаваньня (1 кг) — 6-10 руб.

3. Грэчка хуткага прыгатаваньня (0,5 кг) — 3-5 руб.

4. Гарбата (0,5 кг) — 18-20 руб.

5. Кава (0,5 кг) — 12 руб.

6. Курага (0,5 кг) — 8 руб.

7. Арэхі (1 кг) — 20 руб.

8. Цукаты (0,5 кг) — 10-12 руб.

9. Семкі (0,5 кг) — 3-4 руб.

10. Фінікі (0,5 кг) — 5 руб.

11. Цукеркі шакалядныя (1 кг) — 8 руб.

12. Цукеркі карамэльныя (1 кг) — 6 руб.

13. Мармэляд (0,5 кг) — 8-10 руб.

14. Зэфір (1 кг) — 8-10 руб.

15. Пратэінавыя батончыкі, гематаген (10 шт.) — 15-20 руб.

16. Халва (0,5 кг) — 5-6 руб.

17. Пячэньне (да 3 кг) 20-25 руб.

18. Спэцыі (200 гр.) — 3,5 руб.

19. Кубікі для булёну (20 шт.) — 6 руб.

20. Сала (2,5-3 кг) — 35-40 руб.

21. Каўбаса (5 палак) 25-30 руб.

22. Сыр (2 кг) — 30-35 руб.

23. Рыба сушаная (вяленая) (0,5 кг.) — 10 руб.

24. Селядзец у вакуўме (0,5 кг) — 6 руб.

25. Цыгарэты (3-4 блёкі) — 100-150 руб.

26. Яблыкі (3-4 кг) — 10 руб.

27. Апэльсіны (1,5 кг) — 6 руб.

28. Лімоны (1 кг) — 5 руб.

29. Грушы (1-1,5 кг) — 7 руб.

30. Перац (1-1,5 кг) — 8-10 руб.

31. Цыбуля (1 кг) — 3 руб.

32. Часнык (0,5 кіляграма) — 4 рублі

33. Морква (1 кг) — 2 руб.

34. Памідоры (1 кг) — 6 руб.

35. Агуркі (1 кг) — 6 руб.

Адзеньне і прадметы гігіены

1. Майткі (2-3 шт.) — 20 руб.

2. Шкарпэткі (4 пары) — 10 руб.

3. Футболкі (2 шт.) — 30-40 руб.

4. Мыла вадкае (1 л) — 6-7 руб.

5. Шампунь (0,5 л) — 7 руб.

6. Станкі для галеньня (10 шт.) — 3 руб.

7. Сурвэткі (200 шт.) — 2 руб.

8. Папера туалетная (8-10 шт.) — 5 руб.

9. Крэм для рук, цела (1 шт.) — 5 руб.

10. Дэзадарант (1 шт.) — 10 руб.

11. Крэм для галеньня (1 шт.) — 8 руб.

12. Сшыткі агульныя (2 шт.) — 2 руб.

13. Канвэрты (10 шт. 1-й клясы) — 15 руб.

14. Асадкі (геліевыя, шарыкавыя, 10 шт.) — 6,5 руб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG