Цыгановіча перавялі ў Ваўкавыск
Аўтара Youtube-каналу «MozgON» Уладзімера Цыгановіча перавялі ў ваўкавыскую калёнію. Уладзімер — блогер, аўтар youtube-каналу MozgON. На сваім канале пераказваў спачатку эканамічныя і грамадзкія, а потым і палітычныя навіны, стаў весьці трансьляцыі з розных акцыяў — ня толькі зь пікетаў Ціханоўскага.
У судзе Ленінскага раёну Магілёву 10 красавіка блогера асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Судзьдзя Тацяна Касьцюк прызначыла палітвязьню яшчэ адзін год калёніі ў дадатак да 15 гадоў зьняволеньня, якія яму прысудзілі ў «справе Ціханоўскага».
Стала вядома, што палітвязень пачаў адбываць тэрмін у ваўкавыскай калёніі № 11, інфармуе «Вясна».
Кастусёў зноў у ШЫЗА
Палітзьняволенага Рыгора Кастусёва зноў адправілі ў ШЫЗА. Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзьмітры Антончык.
«Рэжым забівае Рыгора Кастусёва. Ужо ў чацьвёрты раз адправілі на 10 сутак у ШЫЗА...», — напісаў ён.
Рыгора Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў палітыка абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалягічнае захворваньне.