Фотавыстава «З Украінай у сэрцы» адкрылася 15 верасьня ў горадзе Ізмаіл Адэскай вобласьці.
Апошнім часам Расея сыстэматычна атакуе Ізмаільскі раён, дзе знаходзіцца інфраструктура рачнога порту, які Ўкраіна спрабавала выкарыстоўваць для альтэрнатыўных паставак сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі на міжнародны рынак пасьля аднабаковага выхаду Расеі з Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы.
Як паведаміў Свабодзе кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч, выстава будзе дзейнічаць да канца верасьня ў Ізмаільскім дзяржаўным гуманітарным унівэрсытэце.
На цырымоніі адкрыцьця, на якой прысутнічалі вэтэраны расейска-ўкраінскай вайны, вайскоўцы і валянтэры, выступілі рэктар унівэрсытэту Яраслаў Кічук і дзяржаўны сакратар Міністэрства ў справах вэтэранаў Украіны Віталь Загайны. Вайсковы капэлян правёў службу дзеля ўшанаваньня памяці палеглых за Ўкраіну.
Гэтая выстава ўжо пабывала ў Львове, Кіеве, Дніпры, Запарожжы, Адэсе, Бучы. У чэрвені выставу паказвалі ў Вільні (Літва), у ліпені — у Варшаве (Польшча).
Пасьля Ізмаілу выставу плянуюць прадэманстраваць у Харкаве, Сумах і Чарнігаве.
5 месцаў для студэнтаў зь Беларусі
Таксама сёньня стала вядома, што Ізмаілскі дзяржаўны гуманітарны ўнівэрсытэт бясплатна надасьць 5 месцаў для студэнтаў зь Беларусі, якія праз палітычны перасьлед былі адоічаныя з ВНУ альбо вымушаныя зьехаць з радзімы. Гэта прадугледжвае мэмарандум аб супрацоўніцтве, які Ўнівэрсытэт падпісаў з фондам «Вільна Білорусь. Пачаць вучобу магчыма ўжо ў сёлетнім лістападзе.