Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне маюць пацьверджаньне асабістага ўдзелу Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з пачатку вайны


Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота

Цяпер Дзьмітро Лубінец знаходзіцца зь візытам у Гаазе (Нідэрлянды), дзе праводзіць сустрэчы па ўзмацненьні высілкаў для вяртаньня ўкраінскіх дзяцей на радзіму. Разам зь ім у паездцы знаходзіцца 6 дзяцей, якіх Расея незаконна вывезла з Марыюпалю.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заявіў, што ўкраінскі бок мае пацьвярджэньне інфармацыі аб асабістым удзеле Аляксандра Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей.

«Я буду рабіць усё, каб кожны, хто браў удзел у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, панёс законнае пакараньне. Сёлета ў красавіку я публічна заявіў, я тады стаў першым прадстаўніком Украіны, хто публічна заявіў, што ў нас ёсьць інфармацыя аб асабістым удзеле так званага, непрызнанага прэзыдэнта Лукашэнкі ў працэсе дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей», — паведаміў Дзьмітро Лубінец у камэнтары ўкраінскаму агенцтву Укрінформ.

Цяпер Дзьмітро Лубінец знаходзіцца зь візытам у Гаазе (Нідэрлянды), дзе праводзіць сустрэчы па ўзмацненьні высілкаў для вяртаньня ўкраінскіх дзяцей на радзіму.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека падкрэсьліў, што вываз украінскіх дзяцей пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі адбываўся «з моманту акупацыі Кіеўскай вобласьці».

«Гэта адбываецца і проста цяпер. Практычна кожны тыдзень мы атрымліваем усё новыя і новыя пацьвярджэньні, што ўлада Беларусі бярэ ўдзел у гэтым працэсе. Безумоўна, мы хочам, каб і іхныя дзеяньня былі прааналізаваныя і асуджаныя», — дадаў Дзьмітро Лубінец.

У гэтым кантэксьце Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека адзначыў, што вяртаць дзяцей ва Ўкраіну дазваляе рашэньне Міжнароднага крымінальнага суду аб выдачы ордэра на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і Ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Расеі Марыі Львовай-Бяловай.

«Напэўна, першы моцны юрыдычны крок, які зрабіў Міжнародны крымінальны суд, — гэта выдача двух ордэраў на арышт. Я магу публічна сказаць, што менавіта гэты крок дапамагае нам вяртаць украінскіх дзяцей», — падкрэсьліў Дзьмітро Лубінец.

Сёлета ў ліпені з апублікаванай справаздачы ўпаўнаважанай Расеі па правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай стала вядома, што Расея з пачатку ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году вывезла з тэрыторыі Ўкраіны больш за 700 тысяч дзяцей, у тым ліку каля 1,5 тысячы выхаванцаў устаноў для сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сярод якіх 52 дзіцяці маюць цяжкія паталёгіі.

13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Аб дачыненьнях зь Беларусьсю», якая прызнала Аляксандра Лукашэнку саўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Ўкраіне.

Эўрадэпутаты лічаць, што спэцыяльны міжнародны трыбунал аб злачынствах Расеі супраць Украіны павінен мець юрысдыкцыю расьсьледаваць ня толькі ўчынкі Пуціна і расейскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, але і беларускага кіраўніцтва. Эўрапарлямэнт заклікаў інстытуты ЭЗ і дзяржавы-удзельніцы «прыняць меры для крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асоб, якія саўдзельнічаюць у злачыннай агрэсіі, ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе супраць Украіны».

Эўрапарлямэнт лічыць рэжым Лукашэнкі датычным да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і лічыць, што «дзеяньні самога Лукашэнкі і яго рэжыму таксама могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасьці ў выглядзе „дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва“ паводле Рымскага статуту міжнароднага крымінальнага суду».

Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўнік «НАУ» Павал Латушка паведаміў, што 12 чэрвеня першую частку падрыхтаванага дас’е па фактах злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, перадалі пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану. Раней гэтыя дакумэнты перадалі ў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

27 красавіка 2023 году ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі датычнымі да яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG