52-гадовы Стралкоў прасіў перавесьці яго пад хатні арышт, адзначыўшы, што ня можа ўцячы за мяжу, бо знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола і мае пажыцьцёвы прысуд, вынесены яму судом у Нідэрляндах.
«Паважаны суд, я хадайнічаю аб тым, каб суд палічыў магчымым абраць мне меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту, — цытуе словы падсьледнага тэлеграм-канал „SOTAvision“. — Матывую гэта тым, што знаходжуся ня ў самым лепшым стане здароўя, ня буду перашкаджаць сьледзтву. Я знаходжуся ў вышуку Інтэрполу і асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня. Таму за мяжой схавацца не магу. А ў Расеі хавацца ня бачу сэнсу, паколькі я не прызнаю абвінавачаньня і маю намер яго абвяргаць».
Суд далучыў да справы матэрыялы з боку абароны, у тым ліку расейскія вайсковыя ўзнагароды Стралкова, станоўчую характарыстыку ад Саюзу камуністычнай моладзі, грамату ад «Саюзу казакоў» за ўдзел у вайне ў Прыднястроўі, падзяку і характарыстыку ад «антыфашысцкага штабу Наваросіі», падзякі ад прэзыдэнта Пуціна, дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава і іншых расейскіх чыноўнікаў і копію пасьведчаньня пэнсіянэра.
Адвакаты заявілі, што іх падабаронны мае праблемы з сэрцам.
- У лістападзе 2022 году Стралкоў быў завочна асуджаны судом у Гаазе на пажыцьцёвае зьняволеньне за дачыненьне да катастрофы пасажырскага самалёта «Малайзійскіх авіялініяў» у Данбасе ў 2014 годзе. Тады загінулі 298 чалавек.
- Стралкова арыштавалі ў канцы ліпеня 2023 году за пасты з крытыкай расейскіх уладаў, у якіх сьледзтва ўгледзела заклікі да экстрэмізму. Па артыкуле яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля вяртаньня ў Расею з Данбасу ў 2014 годзе ён актыўна крытыкаваў расейскія ўлады з радыкальна прамілітарысцкіх пазыцый.
- Ён таксама лічыў, што ў 2023 «Беларусь у любым выпадку будзе ўцягнутая ў ваенныя дзеяньні». «Ніхто Лукашэнку ніколі не даруе, і яго таксама чакае ў лепшым выпадку Гаага — у выпадку паразы Расеі, а больш верагодна, што да Гаагі яго не давязуць», — пісаў Стралкоў у сваім тэлеграм-канале.
- У жніўні Стралкоў заявіў, што плянуе балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі. Для самавылучэньня яму спатрэбіцца сабраць 300 тысяч подпісаў выбаршчыкаў (але ня больш за 7500 з кожнага рэгіёну Расеі), альбо заручыцца падтрымкай партыі, якая прайшла ў Дзярждуму на папярэдніх выбарах або мае прадстаўніцтва ня менш як у трэцяй частцы суб’ектаў краіны.