Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вызначыліся з назвамі вуліц у новым комплексе «Паўночны бераг», які будуе прыватная кампанія з ААЭ


Ворныя землі на поўначы Менску, від ад вадасховішча Дразды, фота ©Shutterstock
Ворныя землі на поўначы Менску, від ад вадасховішча Дразды, фота ©Shutterstock

У мікрараёне будуць вуліцы імя беларускіх архітэктараў, мастакоў, артыстаў, пісьменьнікаў і навукоўцаў.

Менскі гарадзкі савет дэпутатаў зацьвердзіў назвы вуліц, запраектаваныя ў шматфункцыянальным комплексе «Паўночны бераг», будаўніцтва якога ажыцьцяўляе прыватная кампанія з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў на тэрыторыі ад Цнянскага вадасховішча да праспэкта Пераможцаў і ад Арлоўскай вуліцы да МКАД.

У мікрараёне будуць вуліцы імёнаў беларускага і савецкага архітэктара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Ёсіпа Лангбарда, беларускага і савецкага архітэктара, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аляксандра Воінава, народнага мастака Беларусі Паўла Масьленікава, народнага мастака БССР Віталя Цьвіркі, фізыка, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Мікалая Барысевіча, народнага пісьменьніка Беларусі Івана Навуменкі, музычнага дзеяча, народнага артыста СССР Генадзя Цітовіча, мастака Івана Хруцкага.

Адпаведнае рашэньне ўхвалілі 11 жніўня і апублікавалі 2 верасьня ў Нацыянальным прававым партале.

Што вядома пра комплекс «Паўночны бераг»

13 траўня 2021 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам перадаў тэрыторыю тэрыторыю ад Цнянскага вадасховішча да праспэкта Пераможцаў і ад Арлоўскай вуліцы да МКАД прыватнай кампаніі з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў.

У «Паўночным беразе» будуць жылыя дамы, а таксама сацыяльныя і грамадзкія абʼекты.

  • Тэрмін будаўніцтва — да 2040 году.
  • Плошча памяшканьняў — больш за 6 мільёнаў м².
  • Кошт — больш за 10 мільярдаў рублёў (амаль 4 млрд даляраў у пераліку).
  • Назва кампаніі-інвэстара — «Рывэрсайд дэвэлапмэнт холдынгз лімітэд», ААЭ.

Ва ўказе сказана, што інвэстару даюць землі ў межах «МКАД — пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай — Цнянскага вадасховішча». Прыблізна гэтая тэрыторыя выглядае так
Ва ўказе сказана, што інвэстару даюць землі ў межах «МКАД — пр. Пераможцаў — вул. Арлоўскай — Цнянскага вадасховішча». Прыблізна гэтая тэрыторыя выглядае так

У першую чаргу мусілі ўзяцца за будынкі

  • Міжнароднага выставачнага цэнтру,
  • Інстытуту штучнага інтэлекту,
  • Менскага цэнтру міжнароднага гандлю.

У 2009-м на згаданай тэрыторыі — у полі між Навінкамі і Зацаньню — ужо зьбіраліся будаваць мікрараён «Паўночны». Але будоўлю згарнулі пасьля загаду Лукашэнкі не чапаць ворныя землі.

У траўні 2012 году Лукашэнка ў звароце беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу заявіў, што кіраўнікі да ворных земляў ставяцца «разбойна» «пад маркай акупных добрых інвэстыцый».

«Вось мне і давялося вярнуць права раздачы сельгасземляў прэзыдэнту. Забраць у губэрнатараў гэтую функцыю. Яны ёй не далі рады. Пачалі працаваць на шкоду краіне. І сёньня ніводнага гектара земляў сельгаспрызначэньня без прэзыдэнта нельга заняць пад іншыя мэты.

Папярэджваю ўсіх: гэта самае жорсткае крымінальнае злачынства! Калі гэта адбудзецца без майго ведама! Лічыце, што ў нас накладзена практычна забарона на адвод земляў сельгаспрызначэньня пад прамысловае будаўніцтва: ці то сельскагаспадарчае, ці то заводы, фабрыкі і гэтак далей. Я гэтага рашэньня абсалютна не баюся, гэта не затармозіць наша разьвіцьцё, бо ў нас столькі няўдобіц, у нас столькі нескарыстаных земляў, што хопіць на ўсіх эўрапейскіх і яшчэ амэрыканскіх інвэстараў», — сказаў тады Лукашэнка.

«Па 40-50, нават 10 гектараў пад жыльлёвае будаўніцтва выдзяляцца больш ня будзе. Ня толькі пад Менскам, але ў ніводным пункце нашай Беларусі», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG