Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здымачкі з космасу»: Лукашэнка адрэагаваў на публікацыі Радыё Свабода пра дэмантаж лягера вагнэраўцаў


Аляксандар Лукашэнка адказвае на пытаньні дзяржаўных смі падчас візыту ў БДУ. 25 жніўня 2023.
Аляксандар Лукашэнка адказвае на пытаньні дзяржаўных смі падчас візыту ў БДУ. 25 жніўня 2023.

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра імаверную сьмерць Прыгожына і далейшы лёс лягера вагнэраўцаў у Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў БДУ, паведаміў, што ён яшчэ з Прыгожыным выбудаваў сыстэму, як будзе ў Беларусі разьмяшчацца «Вагнэр».

Пры гэтым ён адрэагаваў на расьсьледаваньні Радыё Свабода з аналізам спадарожнікавых здымкаў пра палявы лягер вагнэраўцаў ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне.

«І гэтыя здымачкі з космасу, што мы нешта дэмантуем... Чаму мы лішнія намёты прыбіраем — столькі ня трэба. Тут застаецца ядро, хтосьці зьехаў у водпуск, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку, але тэлефоны, адрасы, паролі, яўкі ў гэтым ядры вядомыя, — сказаў Лукашэнка. — Цягам некалькіх дзён усе будуць тут, да 10 тысяч чалавек. Цяпер няма неабходнасьці іх тут трымаць. Таму нікуды яны не бягуць. Столькі, колькі нам трэба і гэтаму падразьдзяленьню, яны будуць у нас жыць і працаваць».

24 жніўня Свабода апублікавала і прааналізавала эксклюзіўны спадарожнікавы здымак сэрвісу Planet Labs, які зафіксаваў актыўную фазу дэмантажу лягера вагнэраўцаў ля вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі. Паводле нашых падлікаў, на той момант прыбралі траціну ад усіх намётаў: з 273 жылых намётаў каля 101 дэмантавалі.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Свабода рэгулярна выпускае візуальныя расьсьледаваньні з аналізам спадарожнікавых здымкаў пра знаходжаньне і актыўнасьці расейскага войска на тэрыторыі Беларусі.

28 чэрвеня Свабода ўпершыню апублікавала спадарожнікавыя выявы былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, якія пацьвярджалі ўзьвядзеньне новага вайскова-палявога лягера, а пазьней спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі прыезд першых калён вагнэраўцаў.

Што яшчэ сказаў Лукашэнка пра Прыгожына

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што папярэджваў кіраўнікоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі Яўгенія Прыгожына і Дзьмітрыя Уткіна наконт іхнай пэрсанальнай бясьпекі ў часе мяцяжу і пасьля яго.

Але, як паведаміла БелТА, Лукашэнка сказаў, што сам Прыгожын не зьвяртаўся да яго па гарантыі бясьпекі.

«Калі наўпрост адказваць на гэтае пытаньне, я і не павінен забясьпечваць бясьпеку Прыгожына. Гэта па-першае. Па-другое, ніколі ў такім ключы размовы не было», — заявіў Лукашэнка.

Разам з тым ён распавёў, што гарантыі ўсё ж даваліся. Ён адзначыў, што ў час перамоваў зь Яўгеніям Прыгожыным абмяркоўвалася два пытаньні: спыненьне крымінальных справаў адносна вагнэраўцаў і іх вывад у Беларусь: «Гэта я прапанаваў. Кажу: "Калі вы чагосьці баіцеся, я буду размаўляць з прэзыдэнтам Пуціным, мы вас вывядзем у Беларусь. Мы вам гарантуем у Беларусі поўную бясьпеку". І трэба аддаць належнае, Жэня Прыгожын ніколі не прасіў мяне асобна ўдзяліць увагу пытаньням бясьпекі».

Лукашэнка выказаўся таксама пра вінаватых у імавернай сьмерці Прыгожына:

«Я не магу сказаць, хто гэта зрабіў. Я ня стану адвакатам нават у свайго старэйшага брата. Але я ведаю Пуціна. Гэта ашчадны, вельмі спакойны і нават марудлівы чалавек, прымаючы рашэньні па іншых, менш складаных пытаньнях. Таму я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Занадта грубая, непрафэсійная праца, калі ўжо на тое пайшло», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

25 жніўня Лукашэнка правёў нараду па актуальных пытаньнях дзейнасьці БДУ, паведаміла БЕЛТА.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG