Яны паспрабавалі ацаніць колькасьці лекараў у Беларусі на канец 2022 году, параўноўваючы афіцыйную статыстыку і зьвесткі з адкрытых крыніц. Прадстаўніца ByMedSol Лідзія Тарасенка расказвае пра вынікі расьсьледаваньня.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Сьцісла
- Зь Беларусі за апошнія тры гады зьехала больш як тысяча дактароў. Я думаю, што рэальная лічба — паміж 1000 і 1500 лекараў.
- Розьніца ў лічбах тлумачыцца тым, што да лекараў, якія практыкуюць, сталі далучаць мэдычных работнікаў, якія імі не зьяўляюцца.
- Нават у Аргентыну цяпер едуць нашы лекары, у Грузіі зьявіліся беларускія дактары, едуць ва Ўзбэкістан і Казахстан працаваць. Ведаю пра Фінляндыю. Але самыя папулярныя краіны для беларускіх дактароў — Польшча і Нямеччына.
«Найчасьцей выяжджаюць дактары ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 35 гадоў»
— Якія асноўныя высновы расьсьледаваньня?
— Ступень неадпаведнасьці дадзеных, якія падае адна і тая ж установа ў межах аднаго году, проста калясальная. Немагчыма ўявіць, што можна так унутры не дамаўляцца, каб у адной табліцы з розьніцай у два месяцы былі такія неадпаведныя адны другім зьвесткі... Нам удалося з дакладнасьцю да тысячы падлічыць колькасьць лекараў-практыкаў у Беларусі на канец 2022 году. Мы думаем, што ў Беларусі на канец 2022 году было ня больш за 38 тысяч дактароў, якія практыкуюць. Хаця Міністэрства аховы здароўя заяўляе пра 48 тысяч практыкуючых дактароў.
— Чым вы тлумачыце гэтую розьніцу? І як гэтыя лічбы адрозьніваюцца ад таго, што было да 2020 году?
— Складана сказаць, колькі было дактароў да 2020 году, але мы думаем, што пасьля 2020 году маштаб хлусьні моцна павялічыўся. Усё, што было раней, ацаніць яшчэ больш складана. Зь Беларусі за апошнія тры гады выехала больш як тысяча дактароў. Я думаю, што рэальная лічба — паміж 1000 і 1500 дактароў. Плюс людзі паміраюць, у тым ліку і дактары, мэдыкі ідуць на пэнсію, прыходзяць былыя студэнты, інтэрны, таму сказаць пра колькасьць дактароў у 2020 годзе складана. Мы змаглі ацаніць толькі 2022 год.
— Больш за тысячу дактароў, якія зьехалі. Гэта многа ці мала ў маштабах такой краіны, як Беларусь?
— Выпуск усіх мэдычных ВНУ за год — каля 2,5 тысячы чалавек. Сюды ўваходзяць і лекары-практыкі, і людзі, якія стануць чыноўнікамі, і тыя, хто выедзе або зьменіць прафэсію. Тысяча — гэта вельмі шмат, калі мы гаворым пра людзей, якія прайшлі пэўную падрыхтоўку, якія ўжо сфармаваліся як спэцыялісты. А зьяжджаюць менавіта такія. Найчасьцей едуць за мяжу дактары ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 35 гадоў. Страта тысячы спэцыялістаў для такой краіны, як Беларусь — гэта шмат. Тысяча — гэта мінімальная ацэнка.
— Якім чынам улады маніпулююць статыстыкай?
— Мы правяралі зьвесткі некалькімі спосабамі. У выніку мы знайшлі дадзеныя пра колькасьць усіх дактароў (ня толькі тых, хто практыкуе) у 45 раёнах. У Беларусі ўсяго 118 раёнаў. Матэматычным спосабам мы падлічылі, што разьмеркаваньне дактароў на колькасьць насельніцтва такое ж ва ўсёй краіне, як у гэтых 45 раёнах. Ёсьць абмежаваньне ў нашых дасьледаваньнях — мы абапіраемся на афіцыйныя дадзеныя, якія прыйшлі да нас з розных крыніц, а надзейнасьць гэтых афіцыйных дадзеных адносная.
Розьніца ў лічбах тлумачыцца тым, што да лекараў-практыкаў сталі далучаць мэдычных работнікаў, якія імі не зьяўляюцца. Мы знайшлі факт, калі стаматолягаў у адзін год перакінулі ў катэгорыю практыкуючых дактароў. Пры гэтым Белстат напісаў, што яны лічылі паводле міжнароднай мэтадалёгіі, ня даўшы спасылку на яе. А гэтую мэтадалёгію можна знайсьці на сайце САЗ, дзе напісана, што стаматолягі ў колькасьць лекараў-практыкаў не ўваходзяць. Гэта адзін са спосабаў маніпуляцыі статыстыкай.
Можна падлічыць усіх чыноўнікаў, усіх выкладчыкаў мэдычных ВНУ і залічыць іх у катэгорыю дактароў, і такім чынам зьяўляецца жаданая лічба. Як нам здаецца, часта дадзеныя прадаюцца ў фармаце запоўненых ставак. Напрыклад, ёсьць два дактары, кожны зь іх працуе на паўтары стаўкі і ў суме атрымліваецца тры стаўкі. Адпаведна, падлічваюць як трох дактароў. Падобна, што так робіцца.
«Толькі ў Польшчы мы ведаем пра выдачу 800 ліцэнзій для беларускіх дактароў з 2020 году»
— Якія пэрспэктывы ў мэдыкаў, якіх звольнілі ў Беларусі і якія хочуць пакінуць Беларусь? У якіх краінах якія магчымасьці ёсьць для працаўладкаваньня? Дзе гэты працэс найбольш складны, а дзе прасьцейшы?
— Вельмі шмат залежыць ад мовы. Напэўна, вывучыць польскую мову ўсё ж прасьцей, чым фінскую. Пакуль ня вывучыш мову на прыстойным узроўні, ня можаш паўнавартасна працаваць доктарам. Вельмі часта гэта ўпіраецца ў бюракратычныя рэчы, калі непаваротлівасьць канкрэтнага чалавека, які перакладае тваю справу, зацягвае працэс на месяцы. Я б не сказала, што за апошнія пяць гадоў пагоршыліся ўмовы для пацьвярджэньня дыплёмаў дактароў у розных краінаў. Мы часта сутыкаемся як з вынікам вайны з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце, але ўсё ж гэта адзінкавыя выпадкі.
У цэлым працэс як быў складаным, так і застаецца. Нідзе не зацікаўленыя дапусьціць на свой рынак людзей зь непацьверджанай кваліфікацыяй. Таму спадзявацца на аблягчэньне працэдур пацьверджаньня дыплёмаў не выпадае. Дзе прасьцей, а дзе складаней? Гэта вельмі індывідуальна. Людзі, якія паехалі ў Польшчу, лічаць, што ў Польшчы найбольш складана. Людзі, якія ў Літву пераехалі, кажуць, што там найбольш складана. Найперш важная мова. І няма ўнівэрсальнай краіны, якая б моцна спрасьціла пацьвярджэньне дыплёму. Паўсюль прыкладна аднолькава.
— Якая геаграфія ад’езду дактароў пасьля 2020 году? Дзе цяпер найбольш працуе беларускіх дактароў? Польшча, Літва, Украіна...
— Тысяча дактароў, што зьехалі — гэта мінімальная лічба. Толькі ў Польшчы мы ведаем пра выдачу 800 ліцэнзій з 2020 году. Зразумела, што Польшча — адна з найбольш папулярных. Нават у Аргентыну цяпер едуць нашы лекары, у Грузіі зьявіліся беларускія дактары. Ведаю пра Фінляндыю. Едуць нават ва Ўзбэкістан і Казахстан працаваць. Але самыя папулярныя краіны — Польшча і Нямеччына.
«Мы ведаем 26 прозьвішчаў мэдыкаў-палітвязьняў»
— Колькі на гэты момант палітвязьняў-мэдыкаў?
— Мы ведаем пра 25 чалавек, супраць якіх былі заведзеныя крымінальныя справы, яшчэ адзін чалавек пад сьледзтвам. Нехта ўжо адбыў свой тэрмін. На жаль, нікога ня вызвалілі раней. Нехта ўсё яшчэ знаходзіцца ў няволі. Мы ведаем 26 прозьвішчаў. Нехта больш гатовы на публічнасьць, нехта меней.
Што да імёнаў, то ўсе ведаюць пра Андрэя Любецкага, вядомага сківічнага хірурга. Калі яго хапалі, тады яшчэ здавалася, што чалавека такога ўзроўню проста ня могуць дазволіць сабе схапіць. Аднак не, могуць. Гэта Яўген Бужынскі, Андрэй Красьнік, Максім Зайцаў, Артур Хлус, Алена Машук... Асьцерагуся іншыя прозьвішчы называць, але людзей значна больш.
Мы, па магчымасьці, аказваем дапамогу. Калі вы родны мэдыка-палітвязьня, зьвяртайцеся @Monitoring_Bymedsol. Выйдзем на сувязь.