Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску тапталі ўкраінскія шаўроны. Расказваем пра мерапрыемства Мінабароны


Дыван з украінскімі шаўронамі пад нагамі, на заднім пляне — выстава пра «фашызм ва Ўкраіне». У такім антуражы праходзіў так званы «антыфашысцкі кангрэс» у Менску, 18 жніўня 2023
Дыван з украінскімі шаўронамі пад нагамі, на заднім пляне — выстава пра «фашызм ва Ўкраіне». У такім антуражы праходзіў так званы «антыфашысцкі кангрэс» у Менску, 18 жніўня 2023

Паглядзелі, хто туды прыехаў і што там адбываецца.

Кангрэс праходзіць у Менску з ініцыятывы беларускага Міністэрства абароны 17–18 жніўня. Падобнае мерапрыемства ўжо праходзіла ў беларускай сталіцы ў красавіку, тады яго арганізоўваў ЦК Кампартыі Беларусі, а сярод гасьцей быў Генадзій Зюганаў.

Арганізатары заяўлялі, што на «антыфашысцкі кангрэс» прыедуць прадстаўнікі 30 краін. На фатаздымках адтуль можна пабачыць прадстаўнікоў Расеі, Кітаю, Зымбабвэ, Сэрбіі, М’янмы. Расею прадстаўляў намесьнік міністра абароны Віктар Гарамыкін. Сяргей Шайгу на кангрэс не прыехаў.

Удзельнікі кангрэсу
Удзельнікі кангрэсу

Мінабароны Беларусі таксама паведамляла, што будуць дыпляматы з Вэнэсуэлы, Бразыліі, Зымбабвэ, Віетнаму, Ірану, КНДР, Кубы, Катару, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Пакістану і Палестыны.

Зымбабвійскі амбасадар на форуме
Зымбабвійскі амбасадар на форуме

Прыехаў на форум і колішні ўкраінскі дэпутат Ільля Ківа. Ён падтрымаў расейскую агрэсію супраць Украіны, а на радзіме яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.

Што адбывалася на кангрэсе

Да форуму на падлозе Дому афіцэраў паслалі дыван з выявамі ўкраінскіх вайсковых шаўронаў. Там былі як шаўроны батальёна «Азоў», так і шаўроны зь дзяржаўным украінскім сьцягам і гербам.

На вуліцы каля Дому афіцэраў паставілі вайскоўцаў у розным камуфляжы, а таксама стэнд са зброяй часоў Другой сусьветнай вайны.

Ля ўваходу ў Дом афіцэраў свой стэнд паставіў таксама Асіповіцкі вайскова-патрыятычны клюб «Гарнізон». Яго прадстаўлялі дзеці ў вайсковай форме.

Што гучала на кангрэсе

Калі каротка, то ўдзельнікі сварыліся на Ўкраіну і апраўдвалі ваенную агрэсію Расеі.

«Тое, што робіцца падчас спэцыяльнай ваеннай апэрацыі Расейскай Фэдэрацыяй на тэрыторыі Ўкраіны — гэта не барацьба з украінскім народам, не барацьба з Украінай. Гэта барацьба з фашызмам, барацьба з нэанацызмам, які падняў галаву», — казаў сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.

Дасталося таксама і краінам Захаду, якіх міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін абвінаваціў у «русафобіі».

«Краіны Захаду на фоне краху сацыяльнага дабрабыту спрабуюць сфармаваць у эўрапейскім грамадзтве русафобію, гатоўнасьць да нястачы і ахвяр, абы толькі нанесьці максымальную шкоду Расеі, нібыта вінаватай ва ўсіх бедах эўрапейцаў», — сказаў Хрэнін.

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

Намесьнік міністра абароны Расеі Віктар Гарамыкін на кангрэсе непакоіўся наконт пашырэньня NATO.

«NATO выкарыстоўвае ўкраінскі крызіс як нагоду для нарошчваньня сваіх груповак. Запушчаны чарговы этап пашырэньня альянсу. Ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе мадэрнізуецца вайсковая інфраструктура, разьмяшчаецца ўдарнае ўзбраеньне. Аб узмацненьні васковай прысутнасьці на ўсходзе краіны, каля межаў Беларусі і Расеі, заявіла генэральнае камандаваньне Польшчы», — сказаў ён.

Лукашэнка на кангрэс не прыехаў, а толькі накіраваў вітальнае слова. Тое ж самае зрабіў і расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG