Ці нагнаў Пуцін Лукашэнку размахам палітычных рэпрэсіяў? Некаторыя мяркуюць: пасьля таго, як у Расеі вынесьлі «сталінскія тэрміны» апазыцыянэрам Аляксею Навальнаму (19 гадоў «асаблівага рэжыму») і Ўладзіміру Кара-Мурзу (25 гадоў зьняволеньня) — колішняя розьніца зьнівэлявалася. Раней беларускі махавік палітычнага перасьледу заўсёды значна апярэджваў расейскі — і хуткасьцю абаротаў, і жорсткасьцю да тых, хто трапіў у ягоныя шасьцерні. Ці зьмянілася сытуацыя цяпер?
Паводле зьвестак «Мэмарыялу», у Расеі на 5 красавіка 2023 году (апошнія зьвесткі перад забаронаю гэтай арганізацыі ў РФ) у сьпісе палітзьняволеных былі 558 імёнаў. У Беларусі ў гэты ж час лічба вагалася ў межах 1400-1500. Насельніцтва Беларусі прыблізна ў 15 разоў меншае, чым у Расеі. Гэта значыць, што фактычны размах палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, калі браць колькасны паказьнік, перасягае расейскі ўзровень прыблізна ў 45 разоў. Пры «беларускім» маштабе палітычных рэпрэсіяў палітвязьняў у РФ на сёньня мела б быць больш за 23 тысячы чалавек. А калі ўлічыць, што ў Беларусі за тры апошнія гады ў палітычных крымінальных справах асуджаныя ўжо 3645 чалавек, то розьніца выглядае яшчэ больш пераканаўча.
Рэжым Лукашэнкі крочыць далёка паперадзе пуцінскага ня толькі ў колькасьці рэпрэсаваных. Расейскія дэмакратычныя журналісты, праваабаронцы, апазыцыйныя палітыкі ўсё ж звычайна маюць час і магчымасьці пакінуць Расею да таго, як іх кінуць у турму. Таўро «замежнага агента», якое цяпер ставіць на іх расейская ўлада, абмяжоўвае правы і магчымасьці, прымушае пісаць шматлікія справаздачы і тлумачэньні, пазначаць сваю працу прыніжальнымі «плашкамі» з пазначэньнем статусу такога «агента». Але пры ўсім тым найчасьцей не зьнішчае, не пазбаўляе свабоды. У лукашэнкаўскай Беларусі тых, каго ў Расеі запісваюць у «замежныя агенты», залічваюць у «экстрэмісты» і «тэрарысты». З зусім іншымі, значна больш жорсткімі наступствамі.
Уражвае, калі расейскія «замежныя агенты» Аляксей Венядзіктаў, Валерый Салавей альбо Леў Шлосьберг, седзячы перад відэакамэрамі ў студыі ў Маскве, дагэтуль даволі адкрыта выказваюць сваё нэгатыўнае стаўленьне да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» і да тых, хто яе сплянаваў і ажыцьцяўляе. Уявіць нешта падобнае ў сёньняшняй Беларусі немагчыма. Зьявілася б такая студыя ў Менску — яе празь лічаныя гадзіны разграміў бы ГУБАЗіК, а кіраўнікі ўплывовага незалежнага мэдыя, якія не пасьпелі ўцячы за мяжу, імгненна апынуліся б у ізалятары з пэрспэктывай шматгадовага турэмнага зьняволеньня.
Ці адбываецца каардынацыя рэпрэсіяў?
Лукашэнка ў справе палітычных рэпрэсіяў небеспадстаўна лічыцца лідэрам у тандэме «саюзьнікаў». Прыхільнікам жорсткіх дзеяньняў супраць апазыцыі ён быў заўсёды, пачынаючы яшчэ з брутальнай расправы з апазыцыйнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету ў 1995-м альбо зьнікненьня найбольш уплывовых палітычных апанэнтаў у канцы 90-х. Але яму ў ягоных рэпрэсіўных практыкаваньнях заўсёды даводзілася азірацца на Маскву, сачыць: ці не прагучыць адтуль вокрык (як у 90-я часам бывала ў адносінах зь Ельцыным). І ўвогуле надта вырывацца наперад не выпадала.
Расейская агрэсія і наступнае зацісканьне гаек у Расеі ў гэтым сэнсе разьвязалі Лукашэнку рукі: прастора для імправізацыяў адкрылася значна шырэйшая. Калі-небудзь уніклівыя гісторыкі ды архівісты высьвятляць усе дэталі, пра якія пакуль што можна толькі здагадвацца. Але ўжо сёньня відавочна: агульны курс на палітычныя рэпрэсіі ў кантэксьце падрыхтоўкі ўварваньня ва Ўкраіну быў узгоднены недзе на пачатку 2021 году. Прынамсі, першыя «замежныя агенты» сярод фізычных асобаў у Расеі зьявіліся ў сьнежні 2020 году. А пачатак маштабнай атакі на «трэці сэктар» і незалежную прэсу, масавыя арышты ў Беларусі прыпадаюць на вясну 2021-га. Супадзеньнем гэта не выглядае.
Наўрад ці ўзгадненьне і каардынацыя з Масквой рэпрэсіўнай унутранай палітыкі датычыла дробных дэталяў (каго і як перасьледаваць, якія лягеры для палітычных ствараць). Відавочна, размова ішла толькі пра агульны трэнд. Адкрыта пра гэта Лукашэнка і Пуцін стараюцца ня згадваць. Хоць часам асобныя дэталі зь іхных вуснаў гучаць. Напрыклад, 27 чэрвеня Лукашэнка дазволіў сабе нават зьлёгку пакрытыкаваць калегу за недастаткова рашучыя дзеяньні ў гэтым кірунку:
«У Расеі ў грамадзтве пад плінтусам сядзіць вельмі шмат. І там супраць іх яшчэ не разгарнулі працу — як мы цяпер зачышчаем. Недзе вякнуў — паглядзелі, 2020 год, праверылі: ідзі сюды. Там яшчэ гэтага няма. І ўжо, ведаеце, у Маскве (зараз гэта вядома) ужо некаторыя клапы гэтыя і таракашкі павылазілі з-пад плінтуса».
Таксама адметна выказаўся нядаўна наконт палітычных рэпрэсіяў у Расеі Уладзімір Пуцін. 29 ліпеня карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калесьнікаў папрасіў яго пракамэнтаваць «той факт, што апошнім часам ледзь не адзіным пакараньнем для той часткі грамадзтва, якая сумняецца, ёсьць арышт». Журналіст у гэтай сувязі назваў імёны зьняволеных крытыкаў палітыкі Крамля сацыёляга Барыса Кагарліцкага і тэатральнага рэжысэра Яўгеніі Бярковіч. І ўдакладніў: «Людзі арыштаваныя за прамоўленыя альбо напісаныя словы. Ці нармальна гэта? У нас жа, дзякуй Богу, не 37-ы год цяпер, ці ўжо, думаюць некаторыя, а можа, і 37-ы?»
Сэнс адказу Пуціна зьвёўся да таго, што падчас вайны пэўныя палітычныя рэпрэсіі неабходныя («Пэўныя адносіны да людзей, якія наносяць нам шкоду ўнутры краіны, павінны быць»; «Мусім мець на ўвазе, што каб дамагацца посьпехаў, у тым ліку ў зоне баявых дзеяньняў, нам трэба выконваць усім пэўныя правілы»). Пры гэтым Пуцін сьцьвярджаў, што імёны Кагарліцкага і Бярковіч чуе ўпершыню і «ня вельмі разумее, што яны зрабілі і што зь імі зрабілі».
Ад доўгага сумеснага абмеркаваньня гэтых тэмаў у расейскіх і беларускіх чыноўнікаў нават лексыка і стылістыка прыпадабняюцца. 6 жніўня былы расейскі прэзыдэнт, а цяпер намесьнік старшыні Рады бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў так апісаў сваё бачаньне будучага міру: «Вораг павінен прыпаўзьці на каленях, молячы аб літасьці». Гэты запамінальны вобраз ворага, які, каючыся, паўзе на каленях — яўна пазычаны з лексычнага арсэналу Лукашэнкі. Той яшчэ ў студзені 2022-га, за месяц да пачатку вайны, менавіта так уяўляў сабе расправу з уласнымі ворагамі — апазыцыянэрамі, якія ўцяклі на Захад: «Мая вам парада: дамоў, кайцеся і ставайце на калені... Далей будзе горш. Таму дамоў, на каленях, паўзком!».
Запатрабаваны досьвед
Адносіны сёньняшняй Беларусі з Расеяй у многім нагадваюць стаўленьне Масквы да пасьляваеннага усходнеэўрапейскага «сацыялістычнага лягеру», так званых «краін народнай дэмакратыі». Фармальна яны лічыліся незалежнымі, а фактычна дзейнічала так званая «дактрына абмежаванага суверэнітэту»: Масква пільна сачыла, каб «саюзьнікі» паслухмяна выконвалі ўсе яе дырэктывы, трымаліся камуністычных догмаў і савецкай мэтодыкі ўтрыманьня ўлады. Гэта датычыла і рэпрэсіўнай сыстэмы. Зьнішчэньне апазыцыі, перасьлед іншадумцаў, паказальныя палітычныя працэсы, запалохваньне грамадзтва, стварэньне сыстэмы лягераў — увесь гэты багаты савецкі досьвед дзе добраахвотна, а дзе прымусова насаджаўся на ўсходнеэўрапэйскай глебе. А каб у саюзьнікаў не было спакусы адвольна інтэрпрэтаваць маскоўскія дырэктывы альбо ігнараваць іх — савецкі КГБ праз сваю сыстэму эмісараў, прадстаўніцтваў, таемных агентаў, а то і непасрэднага кіраўніцтва мясцовымі «чэкістамі», кантраляваў увесь працэс. Як гэта адбывался, напрыклад, ва Ўсходняй Нямеччыне, цяперашні расейскі прэзыдэнт добра вывучыў на ўласным досьведзе: у 1985–1990 гадах «чэкіст» Пуцін служыў у Дрэздэне і падпарадкоўваўся прадстаўніку КГБ пры міністэрстве дзяржаўнай бясьпекі ГДР.
У цяперашняй Беларусі адбываецца нешта падобнае. Беларускі КГБ і расейская ФСБ спалучаныя так цесна, што часам нават калегі па працы дакладна ня ведаюць, адкуль саслужыўцы з аднаго кабінэту атрымліваюць загады і заробкі — з Масквы ці зь Менску. Пра тое, наколькі цесна залучаныя абедзьве спэцслужбы ў палітычныя рэпрэсіі, грамадзтва даведваецца з такіх апэрацыяў, як, напрыклад, арышт у Маскве ў 2021 годзе «змоўцы» Аляксандра Фядуты альбо затрыманьне ў маскоўскім аэрапорце журналіста-«экстрэміста» Генадзя Мажэйкі (Ніякіх грувасткіх і расьцягнутых у часе працэдур, зьвязаных з замежным грамадзянствам падазраваных, не выконвалі: «чэкісты» дзейнічалі на тэрыторыі «саюзьніка» практычна гэтак жа, як і на сваёй уласнай.).
Усходнеэўрапэйскія камуністычныя рэжымы хоць і рухаліся паслухмяна ў рэчышчы Масквы, але ў справе палітычных рэпрэсіяў ўсё ж нярэдка імкнуліся не выяўляць празьмернага імпэту. Існуе шмат сьведчаньняў таго, што палітычны перасьлед і рэпрэсіі ў Польшчы, Чэхаславаччыне, Вугоршчыне, Баўгарыі ў позьнесавецкі пэрыяд былі значна больш мяккімі і памяркоўнымі, чым у СССР. Зрэшты, было і некалькі выняткаў, калі сатэліты Масквы (падобна як цяпер рэжым Лукашэнкі) разганялі ў сваіх краінах махавік рэпрэсіяў значна больш маштабна і жорстка, чым таго ад іх вымагалі Крэмль і Лубянка. Найбольш красамоўныя прыклады — Румынія і Ўсходняя Нямеччына (ГДР).
«Сэкурытатэ»
У стварэньні румынскай спэцслужбы ў 1948 годзе актыўны ўдзел браў савецкі «СМЕРШ», які першым дырэктарам «Сэкурытатэ» прызначыў ранейшага рэзыдэнта ОГПУ і НКВД у Румыніі Георге Пінціліе. У той час, як у СССР пасьля сьмерці Сталіна пачалася лібэралізацыя і зьмякчэньне рэжыму, у Румыніі камуністычныя правадыры (спачатку Георге Геаргіў-Дэж, потым Чаўшэску) настойліва працягвалі рэпрэсіўную ўнутраную палітыку. Бухарэст нават дамогся на пачатку 60-х гадоў адкліканьня з Румыніі дарадцаў савецкага КГБ.
У позьнесавецкі пэрыяд «Сэкурытатэ» мела рэпутацыю адной з самых бязьлітасных спэцслужбаў сярод камуністычных краін Усходняй Эўропы. У 1985 годзе (пік магутнасьці Чаўшэску) на службе ў ёй лічыліся каля 11 000 агентаў і паўмільёна інфарматараў. У пэрыяд сталінізму румынскія органы бясьпекі без суду і сьледзтва зьнішчылі, паводле некаторых ацэнак, каля 10 000 апанэнтаў новага рэжыму.
Хоць «Сэкурытатэ» лічылася апірышчам рэжыму Чаушэску, абараняць зрынутага дыктатара са зброяй у руках наважыліся вельмі няшмат румынскіх «чэкістаў». Пазьней таксама выявілася, што ў шэрагах «Сэкурытатэ» была пэўная колькасьць змоўнікаў, якія ў крытычны момант падтрымалі паўстаньне супраць дыктатуры.
«Штазі»
Створаная і кантраляваная савецкім КГБ таемная паліцыя ГДР «Штазі» лічылася адной з наймагутнейшых у сьвеце. У 1989 годзе ў краіне, якая колькасьцю насельніцтва толькі ў паўтара раза пераўзыходзіла Беларусь, супрацоўнікаў і агентаў дзяржаўнай бясьпекі было больш як 91 000 чалавек на штатнай аснове і яшчэ 200 000 неафіцыйных супрацоўнікаў. Такім чынам, прыблізна кожны 50-ы грамадзянін ГДР супрацоўнічаў зь дзяржаўнай бясьпекай. Гэта лічыцца адным з найвышэйшых у гісторыі ўзроўняў насычэньня грамадзтва агентурай. «Штазі» сабрала дасье амаль на кожнага з 16 мільёнаў жыхароў краіны, разам з школьнікамі і пэнсіянерамі.
Адрозна ад Румыніі, спэцслужбы ГДР шчыльна супрацоўнічалі з савецкім КГБ. Пры «Штазі» дзейнічала прадстаўніцтва КГБ. Кіраўнік «Штазі» Эрых Мільке ў 1978 годзе афіцыйна надаў савецкім «чэкістам» тыя ж правы і паўнамоцтвы, што яны мелі ў СССР.
Зрэшты, шматтысячная армія «Штазі» не аказала ніякага супраціву рэвалюцыі 1989 году. Калі абураны натоўп атачыў будынак спэцслужбы ў Бэрліне, супрацоўнікі былі занятыя тым, што з дапамогай «шрэдэраў» зьнішчалі архівы. З прычыны вялізнага аб’ёму папяровых дакумэнтаў «шрэдэры» псаваліся, і многае даводзілася зьнішчаць рукамі. А многае і захавалася: 111 кілямэтраў стэлажоў з папяровымі дакумэнтамі і яшчэ 47 — зь мікрафільмаванымі. У аб’яднанай Нямеччыне дагэтуль разьбіраюцца з гэтай спадчынай «Штазі».
«Сацыялістычны лягер» і ягоныя баракі
У савецкай прапагандзе супольнасьць краін, падпарадкаваных Маскве пасьля Другой сусьветнай вайны, без усялякай іроніі прынята было называць «сацыялістычным лягерам». Двухсэнсоўнасьць гэтага тэрміну ахвотна высьмейвалі яшчэ ў эпоху камунізму: Польшчу вострыя языкі называлі самым вясёлым баракам гэтага «лягеру», Усходнюю Нямеччыну — самым дысцыплінаваным, Румынію — самым жорсткім. Але, якімі б рознымі ні былі парадкі ўнутры кожнага з баракаў, цалкам аддзяліцца ад лягеру і існаваць самастойна ніводзін зь іх ня мог. Усіх трымала агульная лягерная агароджа, кантраляваная Масквой. Усё амаль імгненна зьмянілася, як толькі лягернае начальства зьнікла і гэтай агароджы ня стала. Нават такія нібыта магутныя, адносна самастойныя, зарыентаваныя на гвалт і жорсткасьць спэцслужбы, як «Сэкурытатэ» і «Штазі», ніяк не абаранілі свае «баракі» і іх лякальных верхаводаў (Гонэкера і Чаўшэску). Усе вязьні разам з сваімі наглядчыкамі дружна паўцякалі, як толькі Масква ня здолела кантраляваць лягерную браму.
«Саюзную дзяржаву» афіцыйна не называюць лягерам, але ў істоце дачыненьні Масквы зь Менскам будуюцца паводле тых жа прынцыпаў і схемаў, што і калісьці, у савецкім мінулым. Той жа лягер, адно што складаецца толькі з двух баракаў. Прычым рэжым у меншым зь іх значна больш жорсткі і суровы, чым у большым. Але існаваць асобна, аўтаномна ён ня здольны. І ажыцьцяўляць маштабныя палітычныя рэпрэсіі — таксама. Падкантрольныя Маскве маленькія ўсходнеэўрапэйскія дыктатуры (нават вельмі жорсткія і вонкава трывалыя) немінуча развальваліся, як толькі падала дыктатура «вялікага брата».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.