Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расея праз тэндэр вызначыла, што першы макраэканамічны прагноз «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі распрацуе Інстытут народнагаспадарчага прагназаваньня Расейскай акадэміі навук.
Як паведаміла расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК, вартасьць працы ацанілі ў 12 мільёнаў расейскіх рублёў (гэта крыху больш за 120 тысяч даляраў).
Спачатку расейскія навукоўцы распрацуюць мэтадалёгію вызначэньня макрапрагнозу, а потым яго практычнае выкарыстаньне.
Сёлета да 24 лістапада расейскі інстытут вызначыць, якую інфармацыю аб сваёй эканоміцы Беларусь мае перадаваць Расеі і як паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзьвюх краін супастаўляюцца паміж сабой. На другім этапе гэтыя мэханізмы выкарыстаюць для фармаваньня сярэднетэрміновага прагнозу. Тэрмін заканчэньня працаў — 31 кастрычніка 2024 году.
Дырэктар Цэнтру дасьледаваньня эканамічнай палітыкі эканамічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Буклямішаў мяркуе, што ацаніць сукупны памер эканомік Расеі і Беларусі і зрабіць прагноз — цяжкая задача.
«Іншае пытаньне — які ў гэтым практычны сэнс, бо такой сутнасьці, як адзіная эканоміка „саюзнай дзяржавы“, сёньня няма. Расейская эканоміка ў 10 разоў перавышае беларускую аб’ёмам, у нас няма адзінай валюты і сынэргіі ў іншых кірунках», — сказаў экспэрт.
Распрацаваць макрапрагноз «саюзнай дзяржавы» Расея і Беларусь дамовіліся ў канцы мінулага году. Урады падпісалі пагадненьне пра абмен інфармацыяй аб макраэканамічнай сытуацыі ў Расеі і Беларусі. Гэта павінна забясьпечыць збліжэньне макраэканамічнай палітыкі Расеі і Беларусі.