Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майстар-клясы, стэндап, знаёмства з ініцыятывамі. У міжнародны дзень моладзі 12 жніўня ў Вільні пройдзе RADA Market


Кацярына Буніна
Кацярына Буніна

RADA Market — кірмаш беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў, а таксама рамесьнікаў і рамесьніц. Даведаліся падрабязнасьці імпрэзы ў мэнэджаркі «Рады» Кацярыны Бунінай.

Беларуская нацыянальная моладзевая рада, якая скарочана так і называецца «Рада» — добраахвотны зьвяз беларускіх моладзевых арганізацыяў і ініцыятываў, утвораны ў 1992 годзе для кансалідацыі дзейнасьці моладзевых арганізацыяў.

Кацярына Буніна, мэнэджарка «Рады», кажа, што асноўная мэта RADA Market — пазнаёміць беларусаў і беларусак, якія зьехалі з сваёй краіны, з магчымасьцямі, якія для іх прапануюць актывісты і актывісткі.

«Гэта магчымасьць самім актывістам і актывісткам убачыць, якія цяпер ёсьць праекты, ініцыятывы, арганізацыі. Бо цяпер з прычынаў бясьпекі шмат хто працуе ў „рэжыме цішыні“, таму цяжка знайсьці партнэраў, зразумець: а ці ня робіш ты тое самае, што робіць нехта яшчэ? Таму важна ведаць, хто якімі тэмамі займаецца, якія пляны», — кажа мэнэджарка Кацярына Буніна.

Афіша RADA market
Афіша RADA market

Такім чынам, на RADA Market ня толькі людзі будуць знаёміцца з ініцыятывамі, але і ініцыятывы паміж сабой, кажа Кацярына. Падчас маркету будзе шмат відаў дзейнасьці для дарослых і дзяцей.

«Будуць ня проста прэзэнтацыі, а невялічкія гульні, каб пазнаёміцца ў цікавым інтэрактыўным фармаце. Будуць і розныя майстар-клясы: лепка з гліны ці маляваньне паштовак. Мы іх так і называем: „галава адпачывае — рукі робяць“, бо цяпер цяжкія часы і хочацца праз творчасьць адпачыць, нешта выказаць... І, вядома, хочацца больш пазытыву, таму ў нас будзе стэндап. На жаль, не Камісаранка, але ад крутых актывістаў і актывістак. Таму будзе цікава далучыцца, кожны дакладна знойдзе сябе ў гэтых жартах».

Выявы арганізацый, якія падтрымліваюць кірмаш беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў
Выявы арганізацый, якія падтрымліваюць кірмаш беларускіх арганізацыяў і ініцыятываў

Цяпер найважнейшае для моладзевых арганізацый і самой моладзі — сувязь, кажа Кацярына.

«Гэта сапраўды важна для працы — ведаць і ўзмацняць адно аднаго. І, вядома, адна з асноўных праблемаў і галоўнае пытаньне — як працаваць зь беларусамі ў Беларусі, з моладзьдзю там. У нас будуць арганізацыі-госьці зь Беларусі, таму будзем гэта таксама абмяркоўваць, у тым ліку запытвацца: што мы можам зрабіць для вас?»

У Беларускай нацыянальнай моладзевай рады шмат плянаў. У сярэдзіне верасьня будзе набор на наступны курс «Акадэміі першых», кажа мэнэджарка.

«Ён будзе прысьвечаны інклюзіўным практыкам. Калі вы ўжо працуеце зь нейкім невялікім досьведам актывізму, калі толькі пачынаеце і адразу хочаце рабіць сваю працу так, каб гэта было інклюзіўна. Гэта будзе цікава, онлайн-фармат, можна знаходзіцца дзе заўгодна. Таксама ў нас будзе курс грамадзянскага актывізму».

Падрабязнасьці пра RADA Market, іншыя імпрэзы і адукацыйныя праграмы шукайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG