Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія нафтапрадукты могуць страціць расейскі рынак. У Расеі патлумачылі, чаму


Беларускі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі НПЗ. Ілюстрацыйнае фота

Схему паставак зь Беларусі дызэльнага паліва з удзелам кампаніі «Промсырьеимпорт» прыдумалі ў 2022 годзе, каб замясьціць яго недахоп у Расеі.

Пастаўкі дызэльнага паліва беларускай вытворчасьці на расейскі рынак могуць спыніцца праз скарачэньне падтрымкі з расейскага дзяржаўнага бюджэту.

Як паведаміла расейскае выданьне «Коммерсантъ», бюджэтныя субсыдыі, якія выплачваліся праз трэйдэра «Промсырьеимпорт», зь верасьня скароцяцца ўдвая.

«Беларусь можа значна скараціць або зусім спыніць пастаўкі паліва на ўнутраны рынак Расеі пасьля скарачэньня дэмпфэру (мэханізм, які зьмякчае ваганьне цаны на прадукцыю на ўнутраным рынку Расеі. — РС) удвая зь верасьня», — паведаміла выданьне.

«Коммерсантъ» патлумачыў, што беларускія НПЗ з канца 2022 году пастаўляюць бэнзін і дызэльнае паліва на расейскую біржу на адрас дзяржаўнага расейскага трэйдэра «Промсырьеимпорт», які потым іх прадае па ўнутрырасейскіх цэнах.

«Каб кампэнсаваць разрыў паміж закупачнай і ўнутранай цаной, „Промсырьеимпорт“ атрымлівае дэмпфэрныя выплаты зь бюджэту. Паводле справаздачы кампаніі за мінулы год, яна атрымала больш за адзін мільярд расейскіх рублёў у выглядзе субсыдыяў, але пастаўкі пачаліся толькі ў кастрычніку», — удакладняе выданьне.

У верасьні адпаведна зьменам у падатковым кодэксе Расеі дэмпфэрныя выплаты скароцяцца ўдвая. Гэта азначае, што закупачная цана зьнізіцца, і ў выніку такія пастаўкі стануць непрывабнымі для беларускіх вытворцаў пры цяперашніх унутрырасейскіх цэнах.

Выданьне сьцьвярджае, што ў такім выпадку беларускія НПЗ перанакіруюць свае расейскія аб’ёмы «на экспарт у далёкае замежжа праз расейскія парты на паўночным захадзе».

Расейскія экспэрты сьцьвярджаюць, што спыненьне паставак паліва зь Беларусі можа стварыць дадатковую напружанасьць на паліўным рынку Расеі.

Схему паставак дызэльнага паліва зь Беларусі з удзелам кампаніі «Промсырьеимпорт» прыдумалі ў 2022 годзе, каб замясьціць яго недахоп у Расеі. Дагэтуль выплаты дэмпфэру з расейскага бюджэту атрымлівалі толькі расейскія НПЗ. У верасьні 2022 году ўрад Расеі надаў кампаніі «Промсырьеимпорт» права рэалізацыі бэнзіну і дызэльнага паліва замежнай вытворчасьці і адпаведна — прэтэндаваць на субсыдыі зь бюджэту.

Што папярэднічала

У чэрвені 2021 году Эўразьвяз увёў галіновыя санкцыі супраць беларускай нафтаперапрацоўкі, гэта пераважна забарона імапарту і транзыту большай часткі прадукцыі. Аднак абмежаваньні пачалі дзейнічаць толькі пасьля завяршэньня старых кантрактаў, то бок у асноўным у 2022 годзе. Але ўжо ў 2021-м страты нафтаперапрацоўчай галіны ад санкцыяў ва ўрадзе Беларусі ацанілі ў 80 мільёнаў даляраў.

Эўразьвяз быў найбольшым рынкам збыту беларускіх нафтапрадуктаў, і гэта сур’ёзна адбілася на галіне.

У 2022 годзе, пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, беларускія НПЗ страцілі і ўкраінскі рынак, найбольшую частку якога яны займалі.

Цяпер Мазырскі і Наваполацкі НПЗ не вырабляюць таго аб’ёму нафтапрадуктаў, які раней выраблялі і пастаўлялі ва Ўкраіну і ў краіны ЭЗ. Пасьля ўведзеных санкцыяў беларускія НПЗ пераарыентавалі пастаўкі на Расею і праз расейскія марскія парты.

Сёлета ў сакавіку Мазырскі НПЗ паведаміў аб рыхтаваньні вялікай рамонтнай кампаніі, калі практычна ўсе вытворчыя аб’екты будуць спыненыя. Наваполацкі «Нафтан» працуе на мінімальных загрузках. Самую прадуктыўную ўстаноўку для вытворчасьці бэнзіну «Рыформінг-4», падобна, закансэрвавалі.

2020 год — апошні, калі Белстат публікаваў статыстыку экспарту нафтапрадуктаў. Тады іх прадалі на 2,7 мільярда даляраў. Найбольш ва Ўкраіну — на 1,2 мільярда даляраў, Вялікую Брытанію — на 700 мільёнаў даляраў, ЭЗ — на 507 мільёнаў даляраў. Цяпер усе гэтыя рынкі для Беларусі закрытыя. У Расею ад агульнай колькасьці нафтапрадуктаў тады прадалі толькі на 150 мільёнаў даляраў, або на 5,4%.

Нафтапрадукты да ўвядзеньня санкцыяў і вайны ва Ўкраіне складалі аснову беларускага экспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG