22 ліпеня Алену Гнаўк этапавалі з гомельскага СІЗА-3 на новае месца зьняволеньня. Яе дачка паведаміла, што Алена Гнаўк ужо даслала ліст з новай калёніі, дзе адбывае пакараньне.
«Піша, што калёнія разьмешчана ў вельмі прыгожым месцы, сярод лесу. І калі ідуць дажджы, пахне грыбамі. А дзяжурны памочнік, выпраўляючы яе зь СІЗА-3, сказаў: «Пятроўна, вам там будзе лягчэй... Рэжым там не такі суровы, як тут».
З 2020 году Алену Гнаўк затрымлівалі і арыштоўвалі ў адміністрацыйных справах 17 разоў, аштрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы. Яе асудзілі паводле крымінальных артыкулаў на 3,5 года зьняволеньня ў «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі.
15 жніўня 2022 году палітзьняволеную актывістку перавялі ў папраўчую калёнію № 4 у Гомлі. Яе зьмяшчалі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Таксама Алену пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканьняў і скарацілі «атаварку» з 3 базавых велічыняў да 1 (37 рублёў).
30 красавіка 2023 году 66-гадовую пружанскую грамадзкую актывістку асудзілі яшчэ на год за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».
У зьняволеньні ў жанчыны пагоршылася здароўе.
Адрас для лістоў: 247526, ПК-24, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі р-н, Гомельская вобласьць. Гнаўк Алене Пятроўне.