Адзін з выпадкаў адбыўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе 53-гадовы мужчына падпаліў ганак аддзелу камісарыяту ў Цэнтральным раёне гораду, а пасьля спрабаваў тараніць на аўтамабілі вароты ў двор будынку.
Ад кінутага пецярбуржцам «кактэйлю Молатава», як паведамілі ў прэс-службе адміністрацыі Цэнтральнага раёну Пецярбургу, узьнік пажар, але яго хутка патушылі.
Сілавікі затрымалі падпальніка, які, як піша «Фантанка», нібыта атрымаў праз тэлефон указаньне ўчыніць падпал ад мужчыны, які назваўся «супрацоўнікам ФСБ Калесьнікавым». Супраць яго распачалі крымінальную справу аб наўмысным пашкоджаньні маёмасьці шляхам падпалу, яму пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.
Таксама ў той дзень спрабавалі падпаліць камісарыяты ў Калузе, Падольску, Мажайску, Омску, Верхняўральску, Капейску і Росашы. Большасьці падпальнікаў, паводле іхных словаў, напярэдадні тэлефанавалі невядомыя і пераконвалі ўчыніць падпал.
Так, у Росашы сілавікі затрымалі 24-гадовую настаўніцу гісторыі, якую, як яна сказала, падпаліць камісарыят папрасілі праз тэлефон. Жанчыну пераканалі, што ў будынку знаходзяцца невядомыя, якія спрабавалі аформіць на яе крэдыты, а каб затрымаць іх, ёй трэба кінуць у будынак «кактэйль Молатава».
Падобным чынам падпалы камісарыятаў адбываліся ў Омску і Мажайску.
У Падольску падпаліць камісарыят, паводле тэлеграм-каналу «Асьцярожна, Масква», спрабавалі двое пэнсіянэраў. Іх затрымалі сілавікі, якія дзяжурылі непадалёк ад будынку.
У Калузе, як пісаў тэлеграм-канал Mash, сілавікі затрымалі 77-гадовую мясцовую жыхарку, якая спрабавала падпаліць будынак камісарыяту на вуліцы Суворава. Пры затрыманьні калужанка пагражала «ўсё падарваць», гаворачы, што ў торбе мае гранату. Пры ператрусе сілавікі сканфіскавалі ў затрыманай бутэлькі з запальнай сумесьсю.
Раней «Медыязона» паведамляла, што з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну вайсковыя камісарыяты і іншыя дзяржаўныя ўстановы ў Расеі падпальвалі як мінімум 113 разоў. У палове выпадкаў улады заводзілі справы паводле артыкулаў аб тэрарызьме, з падазрэньнем у падпалах камісарыятаў сілавікі затрымалі прынамсі 102 чалавекі.
Расейскія суды, паводле «Медыязоны», ужо вынесьлі прысуды ў 31 справе. Пры гэтым 37 падпальнікам прызначылі тэрміны да 19 гадоў зьняволеньня.