Лабачоў больш за дзесяць гадоў займаўся ў Магілёве грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Сьцьвярджае, што ўвагу спэцслужбаў прыцягнуў задоўга да выбараў 2020 году.
«Яшчэ ў 2010 годзе са мной яшчэ тады праводзіў гутаркі, ня памятаю прозьвішча, але звалі яго Андрэй Рыгоравіч. А калі зараз я ўжо адбыў тэрмін, вярнуўся дахаты, пераехаў у Польшчу, ад яго мне ў «Аднаклясьніках» паступілі дзіўныя прапановы», — сьцьвярджае былы вязень.
Лабачоў паказвае скрыншоты сваіх перапісак з «Аднаклясьнікаў». З словаў Валянціна, ягоны суразмоўца там — супрацоўнік КДБ (На гэты момант рэдакцыя Свабоды ня можа гэтага зьняпраўдзіць ці пацьвердзіць. — РС).
У гэтых дыялёгах суразмоўцы дыскутуюць аб патрыятызьме і любові да Беларусі. На рэпліку Валянціна аб тым, што ён «працуе на карысьць беларускага народу» меркаваны супрацоўнік спэцслужбаў адказвае прапановай аб’яднаць высілкі.
«Тое, што ты называеш дабром для народу — гэта ілюзія, якую ствараюць за грошы прадажныя псэўдапалітыкі, ім Радзіму прадаць — вокам не міргнуць. Сапраўдныя патрыёты — за яе незалежнасьць, цэласнасьць і квітненьне. Калі нам па дарозе, то можам рухацца разам. Калі не — выбачай за турботы», — прапаноўвае суразмоўца Лабачову.
І паведамляе, што са свайго боку абяцае «адэкватную дапамогу і шчырыя стасункі» і дадае, што «разам мы можам шмат зрабіць».
«Прапаную табе паглядзець фільм «Зорге»
Былы палітвязень сьцьвярджае, што не адмаўляўся адразу ад прапановаў пагаварыць, бо хацеў даведацца, чаго канкрэтна хоча ад яго меркаваны супрацоўнік КДБ і якія намеры і пляны спэцслужбаў.
У перапісцы Лабачоў зазначыў, што калі супрацоўнікі КДБ хочуць завесьці на яго чарговую справу ці абвясьціць вышук, то ў Беларусь ён пакуль не плянуе вяртацца.
«Я цябе не заву ў Беларусь, справаў у дачыненьні да цябе нам ня трэба. Ты чалавек ідэйны, але трапіў пад пэўны ўплыў. Я прапаноўваю ў першую чаргу шчырыя стасункі і зрабіць нешта карыснае для Радзімы, калі для цябе гэта не пустыя словы. Калі будзе атрымлівацца, то гатовы дапамагчы фінансава», — абяцае былому палітвязьню суразмоўца.
Ён таксама прапаноўвае паглядзець фільм «Зорге» (пра савецкага шпіёна ў Японіі. — РС). «Гэта сапраўдны патрыёт Радзімы, ты можаш ня горш», — сьцьвярджае меркаваны супрацоўнік спэцслужбаў.
У адказ Валянцін прапанаваў яму паглядзець фільм «Чэкіст» (расейскі фільм 1992 году, дзе галоўны герой — начальнік ЧК, які бярэ ўдзел у вынясеньні сьмяротных прысудаў сотням людзей. — РС).
«Канкрэтных прапановаў, што я мушу рабіць, не прагучала. Я хацеў вывесьці яго на гэтую тэму, але не ўдалося. Відаць, калі б я пагадзіўся, тады б атрымаў далейшыя інструкцыі. Але я ўпэўнены, што яны пішуць ня толькі мне. Мяркую, што нехта можа і пагадзіцца на такое «супрацоўніцтва». Я нават думаў пра тое, каб пагадзіцца, а затым раскрыць іх агентуру. Але ня выйшла», — кажа былы вязень.
«Людзі мусяць быць вельмі пільнымі — як у асабістых размовах, так і ў сацыяльных сетках»
Свабодзе стала вядома, што прапановы «ўзаемавыгадных стасункаў» паступалі і іншым беларусам — як актывістам, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі, так і былым вязьням. Аднаму зь іх, напрыклад, прапанавалі завязаць кантакт з палком Каліноўскага. Той, зь ягоных словаў, адмовіўся.
«Нам, праваабаронцам, інфармацыя пра вэрбаваньне былых палітвязьняў не паступала пакуль. Хоць не сумняваюся, што такое можа быць, улічваючы іх досьвед працы і пэўны прафэсіяналізм, веданьне псыхалёгіі, падыходаў да людзей — маю на ўвазе супрацоўнікаў КДБ. У нас ёсьць інфармацыя ад людзей у Беларусі, як іх „цягаюць“ на розныя гутаркі і прапаноўваюць „супрацоўніцтва“. Гэта тычыцца і людзей, якія ў 2020 годзе данацілі на розныя фонды, а ў 2022–2023-х у іх пачаліся праблемы з КДБ. Чалавек выплаціў пэўную суму грошай, але ад яго не адчапіліся і прапанавалі „супрацоўніцтва“», — пракамэнтавала праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова.
Суразмоўца дадала, што актыўна спрабуюць вэрбаваць людзей таксама супрацоўнікі калёніяў, дзе адбываюць пакараньні палітвязьні.
«Там у іх шырокі інструмэнтар рэпрэсіяў у выпадку адмовы. Гэта і пагаршэньне ўмоваў утрыманьня, і артыкул 411 („непадпарадкаваньне адміністрацыі“), паводле якога можна падоўжыць тэрмін. І ад гэтага, на жаль, ніхто ня можа быць застрахаваны», — кажа Алена Масьлюкова.
Яна заклікае людзей быць пільнымі ня толькі пры асабістых размовах ці гутарках у кампаніі, але і ў сацыяльных сетках і выказваньнях там.