На гэтыя пытаньні адказвае польская паліталягіня, супрацоўніца Польскага інстытуту міжнародных адносінаў Ганна Дынэр.
— На мінулым тыдні Ўладзімір Пуцін на пасяджэньні Рады бясьпекі РФ абвінаваціў Польшчу ў намеры захапіць частку тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі. На сустрэчы з Пуціным Аляксандар Лукашэнка падхапіў гэтую тэму. Здавалася, што яна стала ці не галоўнай падчас іх сустрэчы. Расейская прапаганда і раней абвінавачвала Варшаву ў анэксіянісцкіх плянах, некалькі разоў пра гэта казаў Лукашэнка. Але ці не ўпершыню гэтыя абвінавачаньні прагучалі ад Пуціна. Чаму гэта адбываецца і што азначае?
— Тое, што мы пачулі на мінулым тыдні пра Польшчу ад Пуціна і Лукашэнкі — ня новае для нас. Расейская прапаганда ўскладае віну за Другую сусьветную вайну на Польшчу. Прапаганда, сапраўды, увесь час кажа, што Польшча нібыта зьбіраецца акупаваць Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь. Таксама гаворыцца пра фарсаваную мілітарызацыю Польшчы. Гэта пачалося ў 2018 годзе, калі Польшча вырашыла сфармаваць новую 18-ю мэханізаваную дывізію. Цяпер ідзе размова пра фармаваньне яшчэ адной дывізіі пяхоты легіёнаў.
Мэта заяваў пра тое, што Польшча хоча захапіць Заходнюю Ўкраіну, — пасварыць палякаў з украінцамі. На шчасьце, гэтага пакуль не адбываецца, і ўсе разумеюць, што Польшча проста падтрымлівае Ўкраіну.
Яшчэ адна тэза — што «русафобская» Польшча хоча ўцягнуць NATO ў вайну з Расеяй. Гэта таксама ня новая тэза, гэта гаварылася з Масквы яшчэ ўвосень 2021 году. Расея тады гэта казала сваім «заходнім партнэрам».
Польшча — адна зь першых патэнцыйных цэляў гібрыднай вайны, якую Расея вядзе супраць краінаў NATO. У нас увосень пройдуць парлямэнцкія выбары, яны будуць вельмі важныя для палітычнай сыстэмы Польшчы. Польшча — ключавая краіна ўсходняга флянгу NATO і адна з тых краінаў, якія ў найбольшай ступені падтрымліваюць Украіну.
Рэакцыя на заявы Пуціна і Лукашэнкі была вострай яшчэ і з прычыны дысьлякацыі ў Беларусі наймітаў «Вагнэра». Варшава разглядае іх як дадатковы рычаг гібрыднай вайны, якую вядзе Расея.
— Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным заявіў, што вагнэраўцы ў Беларусі імкнуцца зладзіць «экскурсію» ў Варшаву і Жэшаў. Паводле Лукашэнкі, ён вагнэраўцаў стрымлівае і трымае далей ад заходняй мяжы. Што азначае гэтая заява, каму яна адрасаваная?
— Гэта вельмі нагадвае падзеі міграцыйнага крызісу 2021 году. Лукашэнка яшчэ да 2021 году казаў, што менавіта ён абараняе межы краінаў NATO. Потым ён папярэдзіў, як кепска будзе гэтым краінам, калі ён перастане абараняць межы ад мігрантаў. Крызіс 2021 году тычыўся насамрэч розных аспэктаў, ня толькі мігрантаў. Гэта быў рычаг ціску на Польшчу і краіны Балтыі, элемэнт гібрыднай вайны.
І ёсьць пэўная аналёгія паміж яго тагачаснымі заявамі пра тое, як ён ратуе Эўропу ад мігрантаў, і цяперашнімі — пра тое, як ён ратуе Польшчу ад «экскурсіі» вагнэраўцаў. Фактычна Лукашэнка сказаў у Санкт-Пецярбургу няпраўду. Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што вагнэраўцы праводзілі трэніроўкі беларускіх вайскоўцаў на Берасьцейскім палігоне. А гэта непадалёк ад мяжы з Польшчай.
— Напэўна, усім зразумела, Пуціну і Лукашэнку ў тым ліку, што поўнамаштабнае ўварваньне ў Польшчу — гэта Трэцяя сусьветная вайна. Але Лукашэнка ахарактарызаваў гіпатэтычныя пляны вагнэраўцаў цікавым слоўцам — «экскурсія». Гэта можа быць кароткі кідок, скажам, у Тарэспаль, які ад мяжы за 4 кілямэтры. Кідок і імгненны сыход. І наступны камэнтар: мы палякаў правучылі, яны ня здольныя абараніць сваю зямлю. Ці ўключаць 5 артыкул NATO з прычыны рэйду, удзельнікі якога ўжо ўцяклі назад у Беларусь? Наколькі імаверны такі сцэнар? І наколькі Польшча да яго гатовая?
— Я б ня надта перасьцерагалася такога ўварваньня вялікай групоўкай. Памежная тэрыторыя Польшчы пад пільным назіраньнем. Польшча перакінула дадатковыя вайсковыя сілы на ўсходнюю мяжу. Прайсьці празь мяжу будзе складана — у тым ліку з прычыны агароджы, якая там збудавана з польскага боку.
Я ня думаю, што гэта будзе вялікая групоўка вагнэраўцаў. Гэта можа быць абстрэл тэрыторыі Польшчы з тэрыторыі Беларусі, які прывядзе да стратаў сярод польскіх памежнікаў, вайскоўцаў ці паліцыянтаў. І што нам тады рабіць? NATO апынецца ў складаным становішчы. Як на гэта рэагаваць?
Ёсьць яшчэ адзін сцэнар — пранікненьне невялікай групы вагнэраўцаў на тэрыторыю Польшчы ці краінаў Балтыі з мэтай учыніць дывэрсію супраць аб’екта крытычнай інфраструктуры. ПВК «Вагнэр» — найміты. Але NATO ўспрымае іх як расейскія войскі.
— Лукашэнка ў Пецярбургу расказваў Пуціну пра дзьве брыгады польскага войска, якія перакінутыя на мяжу Польшчы зь Беларусьсю. Ці вядома, які балянс сілаў з абодвух бакоў мяжы?
— З польскага боку будуць дзьве брыгады. А зь беларускага боку — расейскія войскі. З нашага боку мяжу зь Беларусьсю абараняе 18-я дывізія. Яна яшчэ ня цалкам сфармаваная, там цяпер некалькі тысячаў чалавек. У Жэшаве, які бліжэй да мяжы з Украінай, але недалёка і ад беларускай, ёсьць і амэрыканскія войскі, гэта таксама некалькі тысячаў салдатаў. Мне здаецца, што колькасьць войскаў на мяжы з боку Польшчы, з боку NATO, большая, чым з другога боку.
У выпадку абвастрэньня сытуацыі на мяжы дадатковыя сілы будуць вельмі хутка перакінутыя туды зь іншых рэгіёнаў Польшчы. Нядаўна скончыліся вучэньні, на якіх якраз адпрацоўваўся такі сцэнар. Таксама пры неабходнасьці будуць перакінутыя сілы саюзьнікаў Польшчы па NATO, у тым ліку і амэрыканскія.
Зь іншага боку, у верасьні адбудуцца беларуска-расейскія вучэньні «Шчыт саюзу». Міністар абароны РФ Сяргей Шайгу казаў таксама пра вучэньні «Захад». Паводле папярэдніх плянаў, вучэньні «Захад» у Беларусі сёлета не прадугледжваліся. Але яны могуць адбыцца. Але на «Шчыт саюзу» ў Беларусь могуць прыехаць расейскія вайскоўцы, і іх колькасьць можа істотна павялічыцца.
— Калі б абвінавачаньні на адрас Польшчы ў экспансіянісцкіх плянах агучвалі Рыгор Азаронак і Ўладзімір Салаўёў, не было б нават пытаньня, што гэта. Гэта прапаганда, праца ў іх такая. Але калі іх агучваюць асобы, якія прымаюць рашэньні — Лукашэнка і Пуцін, якіх мэтаў яны хочуць дасягнуць такімі заявамі?
— Мэта — сеяць страх сярод палякаў, літоўцаў, латвійцаў, каб баяліся, што вайна можа пачацца і на іх межах. Ёсьць людзі ў Польшчы, якія кажуць, што вайна ва Ўкраіне — гэта ня наша вайна, што Польшча павінна спыніць сваю падтрымку Ўкраіны.
Я ўжо казала пра восеньскія выбары ў Польшчы. І на іх можна спрабаваць узьдзейнічаць пры дапамозе рычага страху. Гэта таксама элемэнт гібрыднай вайны. Расеі трэба, каб падчас выбараў палякі сварыліся, лаяліся, каб гучалі галасы, што, можа, лепш не канфрантаваць з Расеяй.
І заяву Пуціна пра Польшчу на Радзе бясьпекі РФ, і словы Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу ў Польшчы вельмі шырока абмяркоўвалі і камэнтавалі і ў СМІ, і ў сацыяльных сетках.
Станоўчы бок у гэтым, калі можна так сказаць, — што вагнэраўцы пасьля мяцяжу прыехалі ў Беларусь не адразу. У Польшчы быў час, каб падрыхтавацца да гэтага новага фактару гібрыднай вайны. І яшчэ адзін станоўчы бок — гэта прыгаданая мной агароджа на мяжы. Яна ня здольная стаць перашкодай для ўварваньня танкавых злучэньняў, але прасоўваньню дробных дывэрсійных перашкодзіць.