Разгермэтызацыя кантэйнэра аб’ёмам адзін кубамэтар з гексафтарыдам урану адбылася 14 ліпеня ў 9:13 раніцы па мясцовым часе (7:13 па Менску). У дзяржкарпарацыі «Росатом», якой належыць завод, сьцьвярджаюць, што інцыдэнт лякалізаваны і не стварае рызык для насельніцтва. Праводзіцца санітарная апрацоўка цэху.
Агенцтва «РИА Новости» паведамляе аб адным загінулым, не называючы яго імя і пасады. «Росатом» называе гэтага чалавека «пацярпелым», не пацьвярджаючы, аднак, інфармацыі пра яго гібель.
Кіраўнік Новаўральску, дзе разьмешчаны завод, Вячаслаў Цюменцаў заклікаў жыхароў гораду «не паддавацца паніцы» і «не распаўсюджваць паведамленьні праз мэсэнджары».
«Беражыце блізкіх, растлумачце знаёмым і родным, што небясьпекі няма. Сытуацыя знаходзіцца пад кантролем», — напісаў ён на сваёй старонцы ва «УКантакце».
Незалежныя крыніцы аб зьменах радыяцыйнага фону ў раёне прадпрыемства на момант публікацыі навіны не паведамлялі.
- Уральскі электрахімічны камбінат працуе з 1945 году, завод вырабляе ядзернае паліва для атамных электрастанцый, у тым ліку перапрацоўваючы адпрацаванае паліва эўрапейскіх і амэрыканскіх АЭС. Гэта найбуйнейшае прадпрыемства такога кшталту ў сьвеце.
- Новаўральск разьмешчаны прыкладна за 50 кілямэтраў ад Екацярынбургу і 75 ад Ніжняга Тагілу. У горадзе пражываюць 78 тысяч чалавек.