Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вычарпаньне прапаганды — высновы апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні


Лягер для навучаньня расейскіх мабілізаваных на беларускім палігоне Обуз-Лясноўскі , студзень 2023
Лягер для навучаньня расейскіх мабілізаваных на беларускім палігоне Обуз-Лясноўскі , студзень 2023

Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ), якую ўзначальвае прафэсар Андрэй Вардамацкі, сёньня ў Варшаве прадставіла вынікі чэрвеньскага апытаньня ў Беларусі.

Рэспандэнтаў апытвалі праз тэлефон па выпадковай выбарцы, вынікі рэпрэзэнтуюць усё дарослае насельніцтва краіны.

Паводле апытаньняў БАМ, пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай адбылося павелічэньне долі прыхільнікаў інтэграцыі з РФ. Аднак, нягледзячы на інтэнсіўную прапаганду Расеі і на беларускую дзяржаўную прапаганду, якая паўтарае расейскія наратывы, доля прыхільнікаў інтэграцыі з РФ стабілізавалася. Паводле тлумачэньня прафэсара Вардамацкага, прапаганда ўперлася ў столь, яна няздольная падвысіць колькасьць адэптаў эўразійскай інтэграцыі.

У чэрвеньскім апытаньні БАМ задаў таксама пытаньне, якое дапускала выбар у выглядзе інтэграцыі і на Ўсход, і на Захад, а таксама адмову ад абедзьвюх формаў інтэграцыі. Абодва варыянты выбралі прыкладна па 20% рэспандэнтаў. У адказах на пытаньне ў такой форме зьнізіліся долі прыхільнікаў інтэграцыі як з ЭЗ, гэтак і з РФ.

Што тычыцца вайскова-палітычных саюзаў, то большасьць беларусаў аддаюць перавагу неўступленьню ні ў які зь іх. Год вайны Расеі з Украінай не зьмяніў прынцыпова прапорцыі. Толькі невялікая частка беларусаў выступае за ўступленьне краіны ў NATO, доля прыхільнікаў сяброўства краіны ў АДКБ значна большая, але яна меншая, чым тых, хто супраць сяброўства і ў АДКБ, і ў Паўночнаатлянтычным альянсе.

Апытаньні БАМ фіксуюць кансэнсус у беларускім грамадзтве наконт нежаданьня, каб беларускае войска ўдзельнічала ў вайне ва Ўкраіне. Гэтае меркаваньне падзялялі на працягу году 80–85% апытаных.

Таксама большасьць адмоўна ставіцца да выкарыстаньня Расеяй беларускай тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры для ваенных апэрацыяў супраць Украіны. Але ў гэтым пытаньні перавага меншая, чым у пытаньні пра ўдзел Беларусі ў ваенных дзеяньнях: каля 30% апытаных ухваляюць расейскую вайсковую прысутнасьць і напады расейскага войска зь Беларусі на Ўкраіну.

Нарэшце, у чэрвені 2023 году БАМ задала пытаньне пра стаўленьне беларусаў да разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі. Пра такі плян абвясьціў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 25 сакавіка сёлета. Паводле заяваў Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, зробленых у чэрвені, пэўную колькасьць боегаловак даставілі ў Беларусь ужо на пачатку лета.

Паводле чэрвеньскага апытаньня БАМ, больш за палову рэспандэнтаў да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ТЯЗ ставяцца адмоўна, аднак каля траціны — станоўча. Паводле апытаньняў Chatham House, якія праводзіліся ў Беларусі, доля праціўнікаў расейскай ТЯЗ у Беларусі вышэйшая.

Аднак апытаньні Chatham House праводзяцца ў Беларусі онлайн і прадстаўляюць гарадзкое інтэрнэтызаванае насельніцтва, у той час як апытаньні БАМ рэпрэзэнтуюць усё дарослае насельніцтва, у тым ліку і вясковае, і тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG