Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзям прасьцей сысьці ў падпольле». Што ў Беларусі са «Славянскім базарам» і ці ёсьць фэсты акрамя яго


Анатоль Ярмоленка выступае на «Славянскім базары»-2023, фота з сайту дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «Віцебск»
Анатоль Ярмоленка выступае на «Славянскім базары»-2023, фота з сайту дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «Віцебск»

Паглядзелі, хто будзе выступаць на «Славянскім базары» сёлета, колькі на яго патрацяць, і ацанілі, як зьмяніўся фэстывальны набор за гады палітычнага крызісу.

Хто прыедзе

Сёлета штогадовы фэстываль «Славянскі базар» адкрыўся ў Віцебску 12 ліпеня. На фэстывалі традыцыйна выступіць шмат артыстаў расейскай эстрады, да прыкладу Ваенга, Стас П’еха, Уладзімір Прэсьнякоў, Сяргей Лазараў, Дзьмітры Малікаў, «На-На» ды іншыя, паведамляе «Цэнтр культуры „Віцебск“».

У гэтым годзе ў афішы пазначана няшмат выканаўцаў зь іншых краін, апроч Расеі: Barcelona Guitar Trio & Dance — з Гішпаніі, «DoReDos» і ВІА «Оризонт» — з Малдовы, «Dschinghis Khan» і Wolfgang Heichel— зь Нямеччыны, Pupo — з Італіі, Яна Клявіня — з Латвіі, Этэры Бэрыяшвілі — з Грузіі.

Напрыклад, у дакрызісным 2019 годзе на сцэне «Славянскага базару» выступалі артысты з ЗША, Украіны, Казахстану, Румыніі, Швэцыі, Грузіі, Малдовы, Латвіі, Вялікай Брытаніі, Ізраілю. Тады ж у Віцебску сьпяваў Адрыяна Чэлентана, зайграў і беларускі гурт NaviBand, які цяпер за мяжой праз палітычную сытуацыю. Сярод іншых, вядоўцамі былі журналісты Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая. Яны таксама выехалі зь Беларусі, а іх кватэру нядаўна разграмілі сілавікі.

Сярод беларускіх выканаўцаў сёлета, як і раней, — заўсёднікі прадзяржаўных і праўладных канцэртаў: Аляксандар Саладуха, Алёна Ланская, Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева.

Паводле музычнага журналіста, стваральніка youtube-праекту «Міністэрства сепультуры» Аляксандра Чарнухі, палітычны крызіс ня моцна адбіўся на «Славянскім базары».

«Гэта пераважна сьвята расейскай эстрады, там заўсёды праходзяць сольнікі расейскіх артыстаў, урачысты вечар „Шансон ТВ“. Натуральна, там былі і ўкраінскія артысты, і замежнікі, але на іх не рабілася стаўка. Гэты фэстываль цяжка пахіснуць у нейкі бок, там і ў гэтым годзе, мяркую, нічога асабліва ня зьменіцца», — расказвае Аляксандар Чарнуха.

Колькі «Славянскі базар» каштуе бюджэту

На сайце дзяржзакупак знаходзім некалькі тэндэраў, якія абвяшчалі да «Славянскага базару». Паводле іх, сьвятлодыёдныя экраны на фэстывалі каштавалі 192 400 рублёў, асьвятляльнае абсталяваньне для сцэны — 99 500, тэхнічнае абслугоўваньне сцэны — 29 625. На пражываньне гасьцей фэстывалю плянуецца патраціць 149 800 рублёў, 100 530 — на асьвятляльнае абсталяваньне для дадатковых пляцовак і прэс-цэнтру.

Ёсьць некалькі заявак на перавозку ўдзельнікаў фэстывалю, агулам гэта больш за 55 000 рублёў. Такім чынам, фэстываль абыдзецца дзяржаўнаму бюджэту прыкладна ў 207 тысяч даляраў.

Што з альтэрнатывай

Сёлета ў Беларусі ўжо прайшоў фэст «Сьвята сонца», на якім, сярод іншых, выступілі «Троіца», Rokash, Trubetskoy, Plemя. Усе гэтыя калектывы зь Беларусі, раней жа на фэстываль кожны год запрашалі выканаўцаў зь іншых краін, частымі гасьцямі былі гурты з Украіны.

Напрыканцы ліпеня пройдзе традыцыйны рэканструктарскі фэстываль «Наш Грунвальд», дзе выступяць гурты Kas, Стокс, Sailor Pigs, Nevrida. Усе выканаўцы зь Беларусі.

Яшчэ адзін штогадовы буйны фэст Viva Браслаў пройдзе напрыканцы ліпеня. Гэта фэст папулярнай музыкі, дзе сярод расейскіх поп-зорак яшчэ выступаюць артысты зь іншых краін. Сёлета тут можна будзе паслухаць, сярод іншых, дыджэяў з Мэксыкі ANG і галяндзкі дуэт дыджэяў AVAO.

На пачатку верасьня ў Лідзе адродзіцца фэстываль Lidbeer. Праўда, лайн-ап арганізатары пакуль не абвяшчалі.

Аляксандар Чарнуха зважае, што цяпер замежныя калектывы ў Беларусь прывозяць толькі дзяржаўныя ўстановы.

Аляксандар Чарнуха
Аляксандар Чарнуха

«Схема такая, што замежнікаў прывозяць дзяржструктуры, каб цалкам кантраляваць гэты працэс. Беларускія гурты прывозяць ужо прыватныя ўстановы. Каб прывезьці замежнікаў, пра гэта трэба прасіць дзяржаўную ўстанову, у якой будзе стос пытаньняў. Проста складана арганізаваць нешта ў такой сытуацыі. Да таго ж ня кожны замежнік паедзе ў Беларусь зараз. Найперш, гэта небясьпечна, таксама гэта можа быць для артыста непрымальна ідэалягічна. Таму ў арганізатараў выбар — хто пагодзіцца», — расказвае Аляксандар Чарнуха.

Пры гэтым беларуская сцэна застаецца разнастайнай, нягледзячы на шматлікія праблемы і забароны, мяркуе экспэрт.

«Усе самыя цікавыя рэлізы запісваюцца і выдаюцца на тэрыторыі Беларусі, хоць у іх небагата магчымасьцяў прэзэнтаваць сваю творчасьць. Амаль усе клюбы зачыненыя, засталося хіба дзьве пляцоўкі. Фэстываляў стала менш, бо складана атрымаць дазвол на мерапрыемствы. Шмат фэстываляў перасталі існаваць з ідэалягічных прычын, іншыя — з эканамічных.

Людзі баяцца нешта арганізоўваць, бо ім можа прыляцець па шапцы. Ніхто ня ведае, што і каму можа не спадабацца. Правілы гульні непразрыстыя. Нават у таталітарнай дзяржаве, калі празрыстыя правілы гульні, можна нешта зрабіць. У Беларусі ж не зразумела нічога: зь якіх прычын можа адмяніцца, хто табой можа зацікавіцца. Людзям прасьцей сысьці ў падпольле, пакуль правілы гульні не акрэсьляцца», — мяркуе Аляксандар Чарнуха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG