Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода пра каштоўнасьць NATO для Беларусi, Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што хоць на саміце ў фокусе не Беларусь, а Ўкраіна, але лёсы дзьвюх краінаў зьвязаныя.
— Вельмі важна, каб на саміце NATO гучаў голас Беларусі, — адзначыла Ціханоўская. — Паколькі на ўсіх мерапрыемствах саміту мы ня можам выступаць, дык просім нашых саюзьнікаў, каб яны былі нашым голасам, каб Беларусь згадвалася ў кантэксьце небясьпекі нашаму сувэрэнітэту, нашай незалежнасьці. Нашым сёньняшнім унутраным праблемам (заўтра яны могуць быць праблемамі для ўсяго рэгіёну) ня надта шмат увагі прысьвячаецца. Мы хочам, каб нагадалі пра небясьпеку разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, пра знаходжаньне ў Беларусі тысячаў расейскіх вайскоўцаў, пра вагнэраўцаў. І каб калі будзе абмяркоўвацца архітэктура бясьпекі ў рэгіёне, каб беларускі голас таксама быў гучны, але каб гэта быў ня голас рэжыму, а голас дэмакратычных сілаў.
— Якая вашая канкрэтная місія на сустрэчах з удзельнікамі саміту? Што вы хочаце данесьці?
— Я хачу данесьці нашую пазыцыю ў канкрэтных пытаньнях. Гэта пытаньні ядзернай зброі, пытаньне санкцыяў. Ужо амаль год няма ніякага ціску на рэжым, і гэта ўспрымаецца амаль як слабасьць, слабасьць дэмакратыі. Лукашэнка і ягоныя прысьпешнікі зьдзяйсьняюць злачынства за злачынствам, і няма ніякага пакараньня за гэта. Гэта стварае адчуваньне беспакаранасьці: «Я тут магу рабіць усё, што хачу, вы нічога мне ня зробіце!».
І мой голас тут павінен быць, каб нагадаць, што ў вас ёсьць інструмэнты, але вы імі не карыстаецеся. За тры гады вы ня здолелі распачаць ніводнай справы супраць рэжыму за сьмерці палітзьняволеных. Сотні тысяч вымушаныя былі выехаць зь Беларусі. Усё гэта — катаваньні, пасадка самалёта, міграцыйны крызіс, зараз калябарацыянізм у вайне, украінскія дзеткі, якія былі прывезеныя ў Беларусь. Усё гэта — крымінальныя справы, на якія вы не рэагуеце. Дайце нам інструмэнты, каб мы іх выкарысталі і каб гэтыя справы пачаліся.
Таксама нашы партнэры павінны разумець, як неабходная падтрымка грамадзянскай супольнасьці. Цяпер ёсьць падтрымка, каб пратрымацца, але каб перамагчы, гэтай падтрымкі недастаткова. І для мэдыя, і для нашых праваабарончых арганізацый, і для розных ініцыятыў. Прарэжымныя структуры не павінны прымацца ў міжнародных арганізацыях, а з другога боку, павінна быць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі. Мы гэта крок за крокам робім, але хацелася б, каб гэта было больш упэўнена і больш хутка.
— Гэты саміт адбываецца ў выключных умовах: ідзе вайна ва Ўкраіне, а сам саміт праходзіць за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Якія ў вас увогуле глябальныя чаканьні ад падзеі?
— Я абсалютна ўпэўненая, што Ўкраіне павінны даць усё, што Ўкраіне зараз патрэбна. Патрэбна зброя — давайце зброю, патрэбна сяброўства ў альянсе NATO — трэба гэта даць. Зараз украінцы змагаюцца ня толькі за свае тэрыторыі, яны змагаюцца за ўвесь рэгіён, і мы як беларусы павінны падтрымліваць іх на любым узроўні.
Але ж і Беларусь павінна быць на парадку дня: без свабоднай Беларусі бясьпечнай Украіны быць ня можа. Таму гэтая ўзаемасувязь заўсёды павінна быць у галовах палітыкаў альянсу NATO.
— Вы падтрымліваеце далучэньне Ўкраіны да NATO? Украінскія палітыкі часта абвінавачваюць вас у неканкрэтнай пазыцыі.
— Вядома ж, падтрымліваю. Калі ўкраінскі народ лічыць, што гэта патрэбна, гэта павінна быць. І гэта дапаможа ім гэтую вайну выйграць. Я разумею гэтыя абставіны, што пакуль краіна ў стане вайны, яна ня можа стаць сябрам NATO, але зараз такія часы, што неартадаксальныя рашэньні павінны прымацца, і па Беларусі, і па Ўкраіне.
— Сёньня раніцай вы казалі, што ўдзел Беларусі ў NATO — гэта яшчэ пытаньне вельмі далёкай будучыні. Але ці не было б карысным пра гэта гаварыць ужо цяпер, рыхтаваць грамадзкую думку, што гэта для Беларусі адзіны спосаб захаваць у будучыні сувэрэнітэт і ўласную бясьпеку?
— Можна ўжо разгортваць дыскусіі і пра сяброўства ў Эўразьвязе, і пра сяброўства ў NATO. Але ж мы павінны разумець, што гэта тыя пытаньні, якія хвалююць беларусаў перш за ўсё ў Беларусі. Некаторыя ініцыятывы пра гэта размаўлялі, яны бачаць удзел беларусаў у гэтым пытаньні. Я не магу зараз адказаць на пытаньне пра сяброўства ў NATO за ўсіх беларусаў, бо я ня ведаю, колькі людзей у працэнтных адносінах за гэта выступаюць.
Мы таксама павінны разумець, што гэтае пытаньне ніколі перад беларусамі не стаяла, ніхто ня ставіў (увесну 1996 г. ставілі лідэры БНФ. — РС). І каб гэтая грамадзкая думка склалася, вядома, трэба працаваць, але каб гэта не выглядала як ціск на людзей таксама. Людзі павінны самі вырашаць, калі краіна, калі нацыя знаходзіцца ў такіх цісках рэжыму, вельмі цяжка пераконваць людзей у нечым, чаго яны не разумеюць. Трэба даступна тлумачыць, што дае нам сяброўства ў NATO. Бо для многіх у Беларусі існуе ўяўленьне, што NATO — гэта страшэнная жывёліна, якая хоча на нас напасьці. І ў такіх умовах цяжка гэтую думку перабіць, бо няма свабодных мэдыя. Але мы павінна над гэтым працаваць.
— Але калі б людзі пачулі, што Сьвятлана Ціханоўская кажа: «Так, Беларусі трэба ўступаць у NATO», яны, магчыма, ня так баяліся б? Што стрымлівае вас, каб сказаць: так, Беларусі трэба ў будучыні ўступіць у NATO.
— Гэта будзе тады мая асабістая думка. Можа, вы маеце рацыю, трэба пра гэта гаварыць. Але столькі тэмаў трэба асьвятліць, у тым ліку пра нашых палітзьняволеных. Той, хто хоча зразумець адрозьненьне NATO ад альянсу з Расеяй, той знойдзе сам інфармацыю. Але ж я вас пачула: калі гэта патрэбна, то, вядома, буду рабіць.